Калі ўдача і няўдача адна на ўсіх

Узровень супрацоўніцтва ў адукацыйным працэсе — актуальная праблема для педагогаў, якія працуюць з высокаматываванымі навучэнцамі. Пры ўсіх формах арганізацыі адукацыйнага працэсу вялікае значэнне мае характар адносін паміж яго ўдзельнікамі: настаўнікам і навучэнцамі, паміж самімі навучэнцамі. Станоўчы характар гэтых адносін стымулюе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, павышае яе выніковасць.

Практыка паказвае, што заняткі ў рознаўзроставых групах праходзяць у нязмушанай атмасферы, цікава, навучэнцы адчуваюць сябе ўпэўнена. Узаемадзеянне ў рознаўзроставай групе спрыяе праяўленню самастойнасці і адказнасці кожнага навучэнца.

У адрозненне ад традыцыйных заняткаў у рознаўзроставай групе ў навучэнцаў у большай ступені павышаецца матывацыя, развіваецца пазнавальная актыўнасць, што спрыяе фарміраванню інтэлектуальна-пазнавальнай, інфармацыйнай, камунікатыўнай кампетэнцый і вызначэнню індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

Рознаўзроставая група можа быць арганізавана толькі ў пазаўрочны час. Напрыклад, такая група ў рамках работы Цэнтра па рабоце з таленавітымі навучэнцамі фарміруецца ў пачатку навучальнага года, працуе стабільна. Аднак склад можа папаўняцца васьмікласнікамі, якія праявілі павышаную цікавасць да вывучэння хіміі. Разам з тым рознаўзроставыя групы могуць стварацца і пры падрыхтоўцы пазакласных мерапрыемстваў: інтэлектуальных гульняў, акцый, прэзентацый, спектакляў.
У выніку шматгадовай педагагічнай дзейнасці мной выпрацаваны пэўныя правілы арганізацыі работы і ўзаемадзеяння ў рознаўзроставых групах.

Зыходзячы з практыкі, я зрабіла выснову аб тым, што важна разгледзець зацікаўленых і матываваных на вывучэнне хіміі навучэнцаў ужо ў 7 класе з мэтай арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі.

У 7 класе і першым паўгоддзі 8 класа абгрунтаванай будзе групавая работа навучэнцаў аднаго ўзросту для закладкі фундаменту хімічных ведаў, навучання набору дзеянняў і аперацый. Тут вядучую ролю адыгрывае настаўнік, мэтанакіраваная дзейнасць якога стварае аснову для фарміравання кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення. На гэтым этапе для работы з сямікласнікамі могуць прыцягвацца старшакласнікі, якія выконваюць ролю настаўніка. Псіхалагічны фактар паспяховасці старшакласнікаў, безумоўна, адыгрывае важную ролю. Практыка паказала эфектыўнасць і дзейснасць сістэмы “Роўны вучыць роўнага”.

Важна адчуць момант, калі малодшыя дараслі да такога ўзроўню, што іх можна аб’яднаць са старэйшымі для работы над агульнымі пытаннямі на роўных.

Такім чынам, асноўнымі напрамкамі работы ў рознаўзроставай групе, на мой погляд, з’яўляюцца:

— работа з інфармацыйнымі крыніцамі, якую навучэнцы выконваюць індывідуальна і самастойна, а ў групу прыносяць нейкі прадукт, які прэзентуюць, абмяркоўваючы і дапаўняючы адно аднаго;

— рашэнне разліковых задач, падборка якіх звычайна робіцца ад больш простых да больш складаных, таму кожны навучэнец мае шэраг задач, якія можа рашыць самастойна, а па тых, якія выклікаюць цяжкасці, атрымаць кансультацыю больш падрыхтаваных навучэнцаў або настаўніка;

— рашэнне эксперыментальных задач, калі навучэнцы выконваюць сумесны эксперымент, узбагачаючы арсенал эксперыментальных уменняў і навыкаў;

— мазгавы штурм або сумесная мыслетворчасць, у якой ёсць пачатак (звычайна гэта які-небудзь факт, які патрабуе аналізу і пошуку прычын). Гэты напрамак развівае логіку навучэнцаў;

— самастойная падрыхтоўка заняткаў членам групы па зададзенай тэме з тэарэтычным і практычным напаўненнем (падбор задач, заданняў, тэстаў). Да такіх заданняў навучэнцы ставяцца адказна, а калі яны яшчэ і атрымаліся, гэта дазваляе вучням адчуць сваю значнасць.

Вось некаторыя прыёмы, якія добра зарэкамендавалі сябе пры фарміраванні інтэлектуальна-пазнавальнай кампетэнцыі:

— “здзіві” — кожныя заняткі ў групе я пачынаю словамі “Чым вы мяне сёння здзівіце?” і ў адказ стараюся здзівіць сама;

— “пакажы” — калі я бачу, што нейкае дзеянне або аперацыя ў аднаго з навучэнцаў атрымліваецца лепш, чым у іншых, я прашу яго паказць гэта ўсім;

— “навучы” — заўсёды даю дастаткова часу для работы над праблемай і не спяшаюся даваць гатовыя рэцэпты. У большасці выпадкаў хтосьці вырашыць праблему і навучыць астатніх, сама раблю гэта ў крайніх выпадках;

— “паўтары” — калі навучэнец не справіўся з пастаўленай задачай, пасля таго як яму растлумачылі яе, неабходна паўтарыць дзеянні па прапанаваным алгарытме для замацавання навыку.

Работа ў рознаўзроставай групе не толькі спрыяе фарміраванню інтэлектуальна-пазнавальнай кампетэнцыі, але і адыгрывае важную ролю ў сацыялізацыі, дазваляе навучэнцам знайсці сяброў, з якімі працягваюцца зносіны ўжо ў нефармальнай атмасферы па-за сценамі гімназіі, што спрыяе фарміраванню камунікатыўных кампетэнцый.

Важным вынікам работы ў рознаўзроставай групе з’яўляецца фарміраванне калектыву аднадумцаў. Характэрнай рысай гімназістаў з’яўляецца ўменне працаваць у камандзе, суперажываць, спачуваць і шчыра радавацца поспехам сяброў, калі і ўдача, і няўдача адна на ўсіх. І гэта я лічу галоўным дасягненнем сваёй работы.

З 2011 года я з’яўляюся кіраўніком гарадскога трэнерскага клуба па падрыхтоўцы навучэнцаў да розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. У рамках работы трэнерскага клуба фарміруюцца часовыя рознаўзроставыя групы, работа ў якіх дазваляе навучэнцам горада задавальняць свае адукацыйныя патрэбы і папаўняць запас ведаў, спрыяе набыццю вопыту зносін з равеснікамі з іншых навучальных устаноў і фарміраванню камунікатыўных кампетэнцый.

Крытэрыем выніковасці работы ўстановы адукацыі і настаўніка ў прыватнасці з’яўляецца паспяховасць навучэнцаў і іх наступнае жыццеўладкаванне.

Своеасаблівым вынікам школьнай хімічнай адукацыі з’яўляецца паспяховы ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні. Выпускнікі гімназіі апошніх трох гадоў, якія наведвалі заняткі ў рознаўзроставых групах, маюць сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі 80,8. У параўнанні з сярэднім балам па рэспубліцы, які знаходзіцца ў межах 30—40 балаў, можна гаварыць пра добрую падрыхтоўку па вучэбным прадмеце “Хімія” (з улікам таго, што выкладанне хіміі ў гімназіі да 2015/2016 навучальнага года вялося на базавым узроўні).

Адным з паказчыкаў сфарміраванасці інтэлектуальна-пазнавальных кампетэнцый навучэнцаў з’яўляецца выніковасць удзелу ў розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Так, за апошнія тры гады я падрыхтавала 20 пераможцаў другога, 12 пераможцаў трэцяга і 5 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Усе выпускнікі гімназіі, якія займаліся ў рознаўзроставых групах па хіміі, зараз з’яўляюцца паспяховымі студэнтамі беларускіх ВНУ і ў будучыні прынясуць карысць сваёй краіне як у навуковай, так і ў прыкладной прафесійнай дзейнасці, што гаворыць пра сфарміраванасць грамадзянскіх кампетэнцый выпускнікоў гімназіі.

Такім чынам, заняткі ў рознаўзроставых групах спрыяюць фарміраванню не толькі інтэлектуальна-пазнавальных, але і камунікатыўных, інфармацыйных кампетэнцый, кампетэнцыі асабістага самаўдасканалення, а таксама грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў, высокаматываваных у адукацыйнай галіне вучэбнага прадмета “Хімія”.

Хацелася б прапанаваць некаторыя рэкамендацыі па арганізацыі работы ў рознаўзроставых групах навучэнцаў тым калегам, якія па-сапраўднаму зацікавяцца гэтай формай дзейнасці:

— забяспечце гатоўнасць сямі- і васьмікласнікаў да работы ў рознаўзроставай групе праз фарміраванне базавых ведаў, уменняў і навыкаў, тэарэтычных і практычных;

— навучыце вучняў прыёмам работы з інфармацыйнымі крыніцамі;

— стварыце банк інфармацыйных крыніц;

— стварыце камфортныя ўмовы, якія забяспечваюць псіхалагічную гатоўнасць да работы ў рознаўзроставай групе;

— падрыхтуйце падборкі задач, заданняў, пазнавальных пытанняў;

— прадумайце формы і метады работы ў рознаўзроставай групе;

— прадугледзьце сістэму стымулявання навучэнцаў.

Стан пастаяннага творчага пошуку і педагагічная інтуіцыя дапамогуць вам!

Алена ВЯНГЛІНСКАЯ,
настаўніца хіміі гімназіі № 2 Бабруйска Магілёўскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*