Па інтэрактыўнай мадэлі навучання

Настаўніца фізікі гімназіі № 192 Мінска Людміла Валер’еўна Каралёва лічыць, што фізіка — гэта філасофія розуму, прыгажосці і трыумфу прыроды, што фізіка пабуджае да творчасці. Таму ў сваёй педагагічнай дзейнасці педагог стварае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў праз уключэнне іх у працэс мадэлявання заканамернасцей і з’яў прыроды. Для гэтага яна выкарыстоўвае праектны і даследчы метады, групавыя формы работы, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. 
У мінулым навучальным годзе Людміла Валер’еўна атрымала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку праекта “Фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла праз укараненне мадэлі актыўнай ацэнкі” ў суаўтарстве з настаўніцай матэматыкі Таццянай Юр’еўнай Шавейка і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Святланай Віктараўнай Бондаравай, адзначана прэміяй Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту па выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі ў адукацыйным працэсе.

Новае жыццё

“Прафесія настаўніка хоць і складаная, але вельмі цікавая. І, мабыць, многія з педагогаў любяць сваю работу менавіта за тое, што яна не дае знікнуць дзіцяці, што жыве ў іх, — адзначае Л.В.Каралёва. — З кожным сваім класам я пражываю новае жыццё. Вучуся, не саромеючыся, смяяцца на ўроку, калі смешна, задумвацца, калі сумна. Вучуся бачыць і цаніць у дзіцяці яго непаўторную індывідуальнасць, забяспечваць свабоду самавыяўлення яго асобы. Заўсёды памятаю пра тое, што дзеці — такія ж дарослыя, толькі маленькія. І няхай у іх няма вялікага жыццёвага вопыту, уласнага дома, грошай, але яны — ужо асобы з уласным меркаваннем і правам на павагу. І мая задача — у любым вучню ўбачыць штосьці добрае, развіць яго, паказаць гэтае добрае ўсім. Дапамагчы паверыць у свае сілы і для кожнага дзіцяці знайсці патрэбныя словы”.Людміла Валер’еўна прыгадвае, што фізіка і матэматыка ёй вельмі падабаліся яшчэ ў школе. Праўда, навучаючыся ў фізіка-матэматычным класе, лічыла сябе ўсё ж больш матэматыкам. Вучоба ва ўніверсітэце ўсё перайначыла, і фізіка адкрылася Людміле з зусім іншага, больш цікавага боку — як нестандартная неардынарная навука, якая цесна звязана з усімі іншымі галінамі і якая можа патлумачыць шматлікія жыццёвыя з’явы. А работа ў школе, пачынаючы з чацвёртага курса, дала магчымасць адчуць сябе на сваім месцы. “Вельмі падабаецца аддача ад дзяцей, пастаянны кантакт з імі. І, здаецца, няма больш прафесіі, дзе можна мець такое эмацыянальнае сілкаванне”, — заўважае педагог.
Адна з праблем сучаснай школы — нізкая матывацыя школьнікаў да вучэбнай дзейнасці. Прычын гэтага нямала: вучэбны змест часам незразумелы дзіцяці, яно не адчувае патрэбы ў яго асваенні, вучань — аб’ект педагагічнага ўздзеяння, не з’яўляецца актыўнай дзеючай асобай. Ды і як павысіць матывацыю, калі аб’ём вучэбнага матэрыялу павялічваецца, а час, адведзены вучэбным планам, абмежаваны?
У сёлетнім навучальным годзе Людміла Валер’еўна працуе ў 10—11 класах, а таксама ў 6-х. І калі на старшай ступені настаўніцы даводзіцца мець справу з высокаматываванымі навучэнцамі, то шасцікласнікам свет фізікі толькі адкрываецца.
Ужо з моманту знаёмства са сваімі вучнямі настаўніца пераконвае іх, што фізіка — гэта зусім не складаная і вельмі цікавая навука, якой не трэба пужацца і якая вельмі спатрэбіцца ў жыцці. Таму ўсе ўрокі Людмілы Валер’еўны практыка-арыентаваныя. Педагог праводзіць цікавыя эксперыменты — не так, як яны падаюцца ў падручніку (напрыклад, электрычны разрад вучні назіраюць паміж пальцамі рук), арганізуе гульні, падбірае цікавы пазнавальны матэрыял, які эмацыянальна ўздзейнічае на дзяцей. Так, настаўніца дэманструе дзецям відэаролік, у якім жыхар Новасібірска праводзіць эксперымент па праверцы працэсаў выпарвання кіпячай вады ў моцны мароз, выліваючы з балкона сваёй кватэры каструлю кіпеню. Не даляцеўшы да зямлі, вадкасць поўнасцю выпарваецца, пераўтварыўшыся ў густы белы слуп туману, які тут жа зносіць убок вецер. Вучні спрабуюць патлумачыць, што адбываецца з кіпенем на марозе.
Часта зыходным пунктам на ўроку становіцца праблемнае пытанне. Напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя на карнавалах паказвалі цікавы трук. У вадкі свінец трукач пагружаў кісць рукі. Як жа чалавечае цела вытрымлівала такую высокую тэмпературу? Альбо выпадак на Каўказе: для сустрэчы гасцей бацька падаў сыну гліняны гарлачык і папрасіў прынесці са склепа віно. Сын выканаў просьбу. Але калі ён паднёс віно, бацька запытаўся: “А чаму ты прынёс толькі палову гарлачыка?” Як ён аб гэтым здагадаўся?

Супрацоўніцтва і зваротная сувязь

На думку Л.В.Каралёвай, для вырашэння праблемы нізкай матывацыі да вучэбнай дзейнасці педагогу неабходна дэталёва падыходзіць да выбару форм, метадаў і сродкаў вучэбных заняткаў. Вельмі важна навучыць навучэнцаў працаваць самастойна, неабходна зрушыць акцэнт з актыўнай дзейнасці настаўніка на актыўную дзейнасць навучэнцаў. Таму заняткі арганізуюцца так, што ў працэсе самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцы авалодваюць сістэмай ведаў і ўменняў, значных для іх і запатрабаваных у штодзённым жыцці. Яны назіраюць і тлумачаць фізічныя з’явы, праводзяць эксперыментальныя даследаванні. Прыцягальнай для навучэнцаў формай правядзення заняткаў з’яўляецца парная і групавая форма: дзеці вельмі ахвотна і актыўна ўзаемадзейнічаюць.
Галоўнае для настаўніцы на ўроку — супрацоўніцтва, узаемадзеянне, а не канкурэнцыя, а таксама наяўнасць зваротнай сувязі. Заняткі Людміла Валер’еўна будуе такім чынам, каб бачыць траекторыю развіцця кожнага вучня. На яе ўроках вучні не баяцца памыліцца. Настаўніца заўсёды дае ім магчымасць выправіць свае памылкі. І адзнакі педагог выстаўляе за дынаміку развіцця кожнага навучэнца. Прычым настаўніца ўказвае станоўчыя моманты нават у не зусім добрай рабоце. У мяккай форме гаворыцца, што неабходна дапрацаваць і выправіць. Такім чынам у навучэнцаў адпадае неабходнасць у спісванні адно ў аднаго. Адным словам, пры праектаванні ўрока выкарыстоўваюцца прынцыпы актыўнай ацэнкі.
— Актыўная ацэнка прыцягнула мяне тым, што яе прымяненне дапамагае навучыць школьнікаў вучыцца, заклікае іх браць на сябе адказнасць за ўласнае навучанне, дазваляе ім арыентавацца ва ўласных ведах, — тлумачыць Л.В.Каралёва. — Мэты ўрока фармулююцца на мове вучня для таго, каб яны былі зразумелыя, бо калі вучань разумее сваю мэту, то адпаведна ён да яе можа прыйсці. Заўсёды выпрацоўваюцца на ўроку крытэрыі дасягнення мэт. Пэўныя крытэрыі фармулююцца таксама і для самастойных, і для дамашніх работ, і для правядзення эксперымента. Актыўная ацэнка дапамагае настаўніку і навучэнцам распрацаваць план сумесных дзеянняў па ліквідацыі праблемных момантаў у засваенні матэрыялу, навучэнцы атрымліваюць падрабязныя рэкамендацыі, якія дапамагаюць ім палепшыць свае вынікі і развівацца. Выкарыстанне элементаў актыўнай ацэнкі садзейнічае павышэнню матывацыі школьнікаў, асабліва ў тых, у каго ёсць праблемы ў вучобе, і ўздзейнічае на іх самаацэнку.
На ўроках настаўніцы часта выкарыстоўваецца правіла непаднімання рукі і выкарыстанне сігнальных рознакаляровых картак: зялёны колер — “усё зразумела”, жоўты — “ёсць пытанні”, чырвоны — “нічога не зразумела”. Падчас заняткаў, якія характарызуюцца моцнай зваротнай сувяззю, паралельна ідуць працэсы навучання — вучобы і кантролю — ацэнкі, а таксама самакантролю — самаацэнкі. Гэта дапамагае навучэнцам лепш засвоіць вучэбны матэрыял. Ажыццяўленне розных відаў кантролю на ўсіх этапах урока, а таксама тэст напрыканцы ўрока дазваляюць дзецям самастойна ацаніць узровень засваення матэрыялу, а настаўніку служыць асновай для вызначэння аб’ёму і зместу дамашняга задання. Прычым дамашнія заданні ў Людмілы Валер’еўны дыферэнцыраваныя. Педагог лічыць, што яны патрэбны не для праверкі настаўнікам сшыткаў, а для таго, каб дзіця магло самастойна ацаніць сваё развіццё па прадмеце.
— Нават пасля 17 гадоў работы ў школе прадбачыць, як пройдзе ўрок, немагчыма, — мяркуе настаўніца. — На маю думку, урок прайшоў якасна, эфектыўна, калі на ім вучні дасягнулі пастаўленых мэт, калі адчуваюць эмацыянальную задаволенасць.

Да павышэння ўнутранай матывацыі

Па перакананні настаўніцы, у сучасных умовах інфармацыйнай перанасычанасці найбольш эфектыўнай з’яўляецца інтэрактыўная мадэль навучання, якая накіравана на павышэнне самастойнай пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў і іх унутранай матывацыі. Педагог пры гэтым выступае ў большасці не як крыніца інфармацыі, а як арганізатар, каардынатар вучэбнай дзейнасці дзяцей. Сродкам рэалізацыі інтэрактыўнай мадэлі з’яўляецца прымяненне інтэрактыўнай дошкі.
— Псіхолагі адзначаюць, што для таго, каб працэс адукацыі меў паспяховы вынік, вельмі важна задзейнічаць у навучанні ўсе асноўныя сенсорныя сістэмы чалавека: візуальную, слыхавую і кінестэтычную. Вялікае значэнне надаецца кінестэтычнай сістэме, бо менавіта з ёй звязаны з’ява маторнай памяці і магчымасць давесці навыкі да аўтаматызму. Асабліва гэта актуальна для навучэнцаў сярэдніх класаў, для якіх менавіта кінестэтычны спосаб успрымання інфармацыі з’яўляецца найбольш эфектыўным, — расказвае Людміла Валер’еўна. — Узаемадзеянне ўсіх сенсорных сістэм чалавека і работу двух паўшар’яў галаўнога мозга забяспечвае прымяненне інтэрактыўнай дошкі. А выкарыстанне такіх яе магчымасцей, як анімацыя, перамяшчэнне аб’ектаў, змяненне і вылучэнне найбольш значных элементаў пры дапамозе колеру, шрыфту, дазваляе задзейнічаць візуальныя, аўдыяльныя, а таксама кінестэтычныя каналы засваення інфармацыі. Аб’екты, прадстаўленыя з дапамогай ІКТ, больш інфарматыўныя, колеравыя, дазваляюць разгледзець тыя ці іншыя з’явы ці працэсы рознабакова, блізкасць ведаў да рэальнага жыцця робіць гэтыя веды больш зразумелымі.
Пазнаёміўшыся з праграмным забеспячэннем інтэрактыўнай дошкі Smart Notebook — Notebook 10 і Lesson Activity Toolkit 2.0, Л.В.Каралёва вылучыла шэраг функцый і магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ёю на ўроках: анімацыя, перамяшчэнне, вылучэнне найбольш істотнага; работа з аўдыя- і відэаматэрыяламі, размеркаванне па групах, анаграма, устанаўленне адпаведнасцей, указанне састаўных частак аб’ектаў; тэсты, заданні для правядзення апытання. Гэтыя магчымасці і ляглі ў аснову распрацоўкі заданняў на ўроках фізікі. Так, для развіцця мыслення, памяці вучняў прадугледжаны заданні на ўстанаўленне адпаведнасцей, запаўненне пропускаў, вылучэнне неабходнай інфармацыі (напрыклад, запоўніць табліцу з назвамі пэўных катэгорый, пад табліцай у адвольным парадку даюцца зададзеныя словы). На развіццё эксперыментальных і практычных уменняў накіраваны заданні накшталт: сабраць схему эксперымента; указаць састаўныя часткі прыбораў, механізмаў; вызначыць цану дзялення шкалы вымяральных прыбораў. Навучанню рашэнню тэкставых задач садзейнічаюць тэставыя заданні. З выкарыстаннем функцый “кланіраванне”, “перамяшчэнне аб’ектаў”, “шторка” адбываецца адпрацоўка тэарэтычнага матэрыялу.
На ўроках з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі Людміла Валер’еўна выкарыстоўвае як гатовыя інтэрактыўныя мадэлі, так і створаныя асабіста ёю. Так, напрыклад, вучням прапаноўваецца гатовая мадэль па тэме “Электрычны ланцужок”. Старшакласнікам неабходна перацягнуць матэрыялы з поля на ланцужок і даведацца, ці з’яўляюцца яны праваднікамі.
Практыка сведчыць, што пры выкарыстанні сродкаў інтэрактыўнай дошкі навучэнцы актыўна працуюць на ўроках, атрымліваюць дадатковыя навыкі работы з новым абсталяваннем, сцэнарый правядзення ўрока становіцца інтэрактыўным: можа мяняцца ў залежнасці ад вучэбнай сітуацыі ў класе, навучэнцы, якія баяліся выйсці да дошкі, зараз часцей адказваюць. У навучэнцаў з нізкім і сярэднім узроўнем ведаў з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах. Але ёсць і некаторыя слабыя бакі выкарыстання інтэрактыўнай дошкі: для педагогаў — вялікія выдаткі часу на падрыхтоўку да ўрокаў, абмежаваны набор гатовых рэсурсаў, а для навучэнцаў — перагружанасць візуальнага канала ўспрымання інфармацыі.
У перспектыве Л.В.Каралёва плануе працягваць сваю работу па ўкараненні ІКТ, мяркуе пазнаёміцца з магчымасцямі медыяадукацыі пры выкладанні фізікі. У планах педагога — абагульніць вопыт па выкарыстанні актыўнай ацэнкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*