Па слядах памылак

Руская мова лічыцца адным з самых цяжкіх школьных прадметаў. З аднаго боку, веданне роднай мовы даецца дзіцяці з дзяцінства, яно авалодвае ёю гэтак жа натуральна, як дыхае і расце. З іншага боку, гэта складаная дысцыпліна, якая патрабуе вялікай працы. Навучанне рускай мове павінна трымацца на трох кітах: мовазнаўстве, псіхалогіі, методыцы. Галоўная ўвага настаўніка павінна быць засяроджана на фарміраванні арфаграфічнай і пунктуацыйнай граматнасці навучэнцаў і іх маўленчым развіцці, а таксама на трывалым засваенні тых ведаў, якія з’яўляюцца асновай для выкарыстання правіл правапісу і авалодання маўленчымі нормамі.

Што ж маецца на ўвазе пад арфаграфічнай пільнасцю навучэнцаў? Гэта выпрацаваная здольнасць знаходзіць тыя месцы ў словах, дзе пісьмовы знак не выяўляецца вымаўленнем. Здольнасць бачыць арфаграмы — гэта неабходная ўмова для авалодання арфаграфічнымі нормамі для паспяховага выкарыстання правіл. Значыць, гэтую здольнасць у навучэнцаў трэба развіваць.
Галоўны сродак развіцця арфаграфічнай пільнасці — гэта правільнае, своечасовае фарміраванне паняцця аб арфаграме. Пры гэтым навучанне ўменню знаходзіць арфаграмы, ставіць арфаграфічныя задачы разглядаецца як першапачатковы і спецыяльны перыяд у навучанні правапісу.
Шматгадовая практыка маёй работы ў школе паказвае, што ў рабоце па фарміраванні арфаграфічнай пільнасці ў навучэнцаў найбольш эфектыўнымі варта лічыць наступныя арфаграфічныя практыкаванні:
* спісванне з правільнага тэксту.
Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя арфаграфічныя практыкаванні з ускладненымі граматыка-арфаграфічнымі заданнямі, у ходзе якіх выпрацоўваецца навык выкарыстання правіл на практыцы. Гэта можа быць складанае спісванне тэксту без пропуску літар і ўскладненае спісванне тэксту, у якім прапушчаны літары. Усе спецыяльныя арфаграфічныя практыкаванні суправаджаюцца вусным ці пісьмовым моўным разборам.
* напісанне завучанага на памяць выразнага тэксту.
Выкарыстоўваюцца спецыяльныя практыкаванні падручніка “Дыктант па памяці”, тэксты мастацкіх твораў, якія вывучаюцца ў курсе літаратуры.
* папераджальны дыктант.
Пры правядзенні папераджальнага дыктанта перад запісам асобнага сказа ці цэлага тэксту вусна праводзіцца тлумачэнне пэўных арфаграм, якія ёсць у словах гэтага сказа ці тэксту. Праводзіць такія дыктанты лепш у пачатку ўрока і суправаджаць запісам на дошцы, які можа выконваць адзін з моцных навучэнцаў. Арыенціровачны час такой работы — 10 хвілін.
* тлумачальны дыктант.
Пры правядзенні тлумачальнага дыктанта ажыццяўляецца тлумачэнне арфаграм пасля запісу тэксту. Каб усе навучэнцы выконвалі адпаведны граматыка-арфаграфічны разбор слоў з патрэбнай арфаграмай, неабходна пісьмова (шляхам умоўных скарачэнняў і падкрэсліванняў) растлумачыць напісанне слоў, якія аналізуюцца. Гэта наступная ступень самастойнасці навучэнцаў.
Папераджальны і тлумачальны дыктанты дапаўняюць адзін аднаго. Яны садзейнічаюць таму, што ў навучэнцаў фарміруецца ўменне звязваць правіла са словам, слова з правілам. Адрозненне паміж гэтымі дыктантамі — у ступені самастойнасці навучэнцаў.
* выбарачны дыктант.
Выбарачны дыктант паскарае тэмп работы, дапамагае засяродзіць увагу на патрэбнай арфаграме (ці арфаграмах). Пры выбарачным запісе слоў ці словазлучэнняў навучэнцы тлумачаць адпаведныя арфаграмы пісьмова ці вусна. Часта гэтае тлумачэнне зводзіцца да класіфікацыі слоў на правіла. Выбарачны дыктант патрабуе ад навучэнцаў вялікага разумовага напружання, поўнай мабілізацыі ўвагі і ведаў. Гэты дыктант — адзін з самых актыўных прыёмаў навучання арфаграфіі. Эканамічны па часе, ён дае магчымасць прывучыць школьнікаў хутка схопліваць асаблівасці гукавога і марфалагічнага складу слова і ўжо ў ходзе чытання настаўніка выбіраць на слых патрэбнае. Гэта наступная ступень самастойнасці навучэнцаў.
* дыктанты са змяненнем тэксту: творчы, свабодны дыктант.
Пры напісанні творчага навучэнцы па заданні ўстаўляюць у тэкст пэўныя словы ці змяняюць граматычную форму слоў і пісьмова ці вусна тлумачаць адпаведныя арфаграмы. Пры гэтым у навучэнцаў выпрацоўваецца навык выкарыстання арфаграфічных правіл ва ўмовах, калі даводзіцца думаць аб змесце і граматычным афармленні сказа.
Пры свабодным дыктанце навучэнцам трэба думаць не толькі аб змесце і граматычным афармленні сказаў, але і аб выразнасці выкладання думак. Калі навучэнец пісьмова тлумачыць арфаграмы, то ён гэтак жа, як і пры творчым дыктанце, прывучаецца прымяняць арфаграфічныя правілы ва ўмовах, набліжаных да тых, калі прыходзіцца выкладаць свае думкі.
* зрокавы дыктант.
Слыхавыя ўспрыманні ў наяўнасці пры напісанні такіх дыктантаў.
Што тычыцца зрокавых успрыманняў, то тут справа больш складаная. Часцей за ўсё, выконваючы практыкаванне тыпу спісвання, навучэнцы маюць справу з тэкстам, у якім літары ў словах прапушчаны, службовыя словы ў дужках і г.д. У гэтых выпадках нельга гаварыць аб зрокавым успрыманні слоў з арфаграмамі, якія вывучаюцца. Такія словы зрокава ўспрымаюцца ў тым выпадку, калі навучэнец, выканаўшы практыкаванне тыпу спісвання, напіша іх правільна. Тое ж самае трэба сказаць і пра дыктанты. Калі ж словы, якія нас цікавяць, і пры спісванні, і падчас дыктанта напісаны няправільна, то зрокавае ўспрыманне не адыгрывае сваёй станоўчай ролі. А пры зрокавым успрыманні назапашваюцца зрокава-графічныя вобразы, мадэлі арфаграм, што вывучаюцца, умацоўваецца зрокава-графічная памяць навучэнцаў, што надзвычай важна. Вось чаму неабходна імкнуцца да таго, каб перад навучэнцамі ў самым пачатку работы над арфаграфічнай тэмай у правільным напісанні паўсталі найбольш цяжкія словы з арфаграмай, якая вывучаецца. Таму на дом задаецца спісванне тэксту без пропуску літар з запамінаннем правапісу слоў, а ў класе праводзіцца падрыхтоўчы дыктант па тэксце з пропускамі літар.
Такім чынам, пры стварэнні сістэмы арфаграфічных практыкаванняў трэба клапаціцца пра тое, каб у ходзе іх выканання забяспечваўся ўдзел не толькі слыху і маўленчарухальных успрыманняў, але і зроку.
* карткі з індывідуальнымі заданнямі.
Індывідуальныя карткі вельмі дапамагаюць павышаць пісьменнасць.
Важна так арганізаваць работу, каб кожны навучэнец штодзённа адчуваў адказнасць за свае веды. Асабліва пільна трэба кантраляваць навучэнцаў, якія слаба вучацца, якім неабходна аказваць штодзённую дапамогу ў рабоце на ўроках рускай мовы.
* работа са слоўнікамі.
Адзін з найважнейшых рычагоў павышэння пісьменнасці — гэта фарміраванне ў навучэнцаў умення карыстацца арфаграфічным слоўнікам. Арфаграфічная пільнасць, назіральнасць, запамінанне формы слова, самааналіз — вось вынікі такой работы. Карыстацца слоўнікам трэба падчас любой работы, дыктантаў, пераказаў, сачыненняў.
* праверачныя дыктанты.
Краевугольны камень павышэння арфаграфічнай пісьменнасці — гэта праверачны дыктант (15—20 хвілін сярэдняга вучнёўскага пісьма). Тэкст складаецца з простых сказаў, якія маюць словы з арфаграмамі, вядомымі навучэнцам. Дыктаваць трэба не манатонна, а ясна і выразна, папярэдне прачытаўшы ўвесь дыктант уголас і патлумачыўшы правапіс найбольш цяжкіх слоў. Максімальная карысць ад праверачнага дыктанта можа быць атрымана пры захаванні дзвюх умоў: першая — навучэнцы здаюць работы настаўніку, не правяраючы іх (гэта выхоўвае засяроджанасць і ўпэўненасць); другая — адзнакі настаўнік за дыктанты не выстаўляе (гэта служыць запрашэннем да супрацоўніцтва і выключае траўміраванасць навучэнцаў).
Выпраўляць памылкі ў праверачным дыктанце неабходна наступным чынам: закрэсліваць памылковую форму і над ёй пісаць тое, што трэба. Гэта гарантуе павышэнне ўвагі навучэнцаў падчас аналізу работы, садзейнічае запамінанню правільнага напісання таго ці іншага слова.
* работа над памылкамі.
Работа над памылкамі павінна праводзіцца ў сістэме пасля кожнай пісьмовай работы, праверанай настаўнікам. Яна павінна строга кантралявацца, інакш ператворыцца ў звычайную адпіску.
Галоўнае ў слоўнікава-арфаграфічнай рабоце — выпрацоўка арфаграфічнай пільнасці. Вельмі важна фарміраваць уменне апазнаваць арфаграмы. У любой пісьмовай рабоце навучэнцы выдзяляюць, паказваюць арфаграму, у вусных работах абавязкова называюць яе. Тут вельмі дапамагае даведнік на форзацы падручніка, якім з першых жа дзён навучэнцы павінны навучыцца карыстацца.
На кожным уроку праводзіцца слоўнікава-арфаграфічная работа. Гэта ці “Па слядах памылак”, калі выклікаюцца двое-трое навучэнцаў (па чарзе) і атрымліваюць заданне запісаць словы, у якіх раней былі дапушчаны памылкі, ці работа над новымі словамі, пададзенымі ў падручніку для завучвання, ці слоўнікавыя дыктанты (два ў чвэрць).
У слоўнікавыя дыктанты ўключаю словы, над памылкамі ў якіх клас працаваў, словы, у якіх была дапушчана найбольшая колькасць памылак. Гэта дапамагае ўбачыць, над якімі памылкамі трэба працаваць, якія новыя словы яшчэ не засвоены.
Калі навучэнцы атрымліваюць за слоўнікавы дыктант “2”, то яны маюць магчымасць праз некалькі дзён перапісаць яго, але адзнака пры гэтым на бал зніжаецца. Калі навучэнец не рыхтаваўся да работы паўторна, значыць, двойка застаецца, але на ўроках я з ім працую індывідуальна, далучаючы яго да работы “Па слядах памылак”.
Карысным відам слоўнікава-арфаграфічнай работы, якая фарміруе арфаграфічную пільнасць, можа быць работа з гатовым тэкстам, у якім трэба пры спісванні выдзеліць арфаграмы і растлумачыць іх.
У класах пастаянна праводзіцца работа над памылкамі пасля напісання праверачных і кантрольных работ, але некаторым навучэнцам пасля праведзеных дыктантаў я прапаную індывідуальныя заданні па дапушчаных памылках. Напрыклад:
1. Знайдзі і растлумач памылкі ў словах з ненаціскнымі галоснымі.
2. Правапіс прыназоўнікаў. Знайдзі памылку ў тэксце, знайдзі яшчэ 2-3 прыклады з тэксту.
3. Як пішацца -не- з дзеепрыметнікамі? Знайдзі памылку ў тэксце.
Гэтае заданне можна даць навучэнцу на ўроку ці для работы дома.
Выпрацоўка навыкаў правапісу — працэс працяглы. Каб навучыць дзяцей паспяхова пераадольваць тыя ці іншыя арфаграфічныя цяжкасці, трэба сістэматычна і карпатліва працаваць на працягу многіх гадоў. Важна спланаваць практычныя работы так, каб яны маглі захапіць дзяцей, здзівіць.
Вуснае апытанне па картках — эфектыўны від апытання. Вельмі выніковая работа па картках з цяжкімі арфаграмамі. Навучэнец, атрымліваючы такую картку-заданне, запісвае словы на дошцы і выдзяляе арфаграму.
Кожны ўрок павінен заканчвацца падвядзеннем выніку. У канцы ўрока, хвілін за 5—7 да званка, узяўшы ў рукі сшытак, навучэнцы павінны ўспомніць усе арфаграмы, з якімі яны сустрэліся на ўроку, пачынаючы з “размінкі” ці “хвілінкі”. Кожны, каго вы спытаеце, адказвае, што ён паўтараў падчас “размінкі”. Потым успамінаюцца арфаграмы, з якімі навучэнцы працавалі, хто каля дошкі, хто ў сшытках, калі выконвалі індывідуальную работу; калі была работа з карткамі, то з якімі часцінамі мовы працавалі (гэта мог быць сінтаксічны разбор сказа, разбор па саставу, фанетычны ці марфалагічны разбор). І, нарэшце, з якімі новымі арфаграмамі пазнаёміліся пры тлумачэнні новага матэрыялу?
За гэтыя 5—7 хвілін будуць пералічаны дзясяткі арфаграм. Паўтарэнне і замацаванне садзейнічае актывізацыі мыслення навучэнцаў і павышэнню свядомасці засваення матэрыялу.
Такім чынам, знойдзены той асаблівы падыход да практычнай накіраванасці ўрокаў, які ў выніку дае найлепшыя вынікі.

Святлана ЛЯБЕЦКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры.