На вачах ва ўсіх

Настаўнік мае магчымасць, а часта і неабходнасць паказваць сваё майстэрства на адкрытых уроках калегам, членам атэстацыйнай камісіі, на кваліфікацыйным экзамене, на конкурсе, а таксама друкаваць у педагагічных выданнях ці ў навукова-метадычных часопісах; можа змяшчаць свае ўрокі або іх відэазапісы ў асабістым блогу, на ўласным сайце ці на сайце ўстановы адукацыі. Гэтыя ўрокі будзем называць публічнымі.

У чым заключаецца сэнс публічнага прадстаўлення настаўнікам свайго ўрока? Ёсць для гэтага нямала знешніх і ўнутраных фактараў.
Знешнія: патрабаванне школьнай атэстацыйнай камісіі, члены якой наведалі ўрок (у гэтым выпадку распрацоўка змяшчаецца, напрыклад, у метадычным кабінеце ўстановы адукацыі); патрабаванні рэгламентаў конкурсаў; даручэнне адміністрацыі падрыхтаваць, правесці адкрыты ўрок, а потым апісаць яго і інш.
Унутраныя: патрэба ў самарэалізацыі, задавальненні сваіх прафесійных амбіцый; жаданне даказаць і паказаць іншым свой прафесіяналізм (асабліва калі настаўнік недастаткова ацэнены ў сваёй школе); імкненне да самаразвіцця, жаданне пазнаёміць іншых са сваімі метадычнымі напрацоўкамі; намер пераканаўча прадстваіць свой урок на экзамене пры атэстацыі на вышэйшую катэгорыю. Устаноўлена, што прафесійны рост педагога адбываецца тады, калі ён асэнсоўвае сваю работу, свае поспехі, няўдачы і іх прычыны, калі расказвае пра свае ўрокі, пра сваю работу з вучнямі.
Які ўрок пажадана рабіць публічным? Па-першае, гэта лепш рабіць з тымі заняткамі, якія ўжо праведзены, якія прайшлі пэўную апрабацыю. У такім выпадку настаўнік мае магчымасць падшліфаваць свой урок: адмовіцца ад тых яго элементаў, прыёмаў, заданняў, сродкаў, якія аказаліся няўдалымі, унесці змены ў яго, палепшыць і такім чынам атрымаць больш дасканалы метадычны прадукт, чым той, з якім аўтар ішоў на заняткі. Па-другое, безумоўна, лепш прэзентаваць урок, на якім былі дасягнуты мэты, што адпавядаюць патрабаванням вучэбнай праграмы, пазнавальным магчымасцям вучняў, на якім былі створаны cпрыяльныя ўмовы для выхавання і развіцця вучняў, для захавання іх фізічнага і псіхічнага здароўя. Па-трэцяе, урок, на якім актыўна працуюць самі вучні (на эфектыўным уроку галоўнае — праца дзяцей). Па-чацвёртае, чытачам будуць карысныя распрацоўкі ўрокаў, на якіх прымяняюцца новыя тэхналогіі, стратэгіі і сродкі навучання (інтэгральная тэхналогія, кааператыўнае навучанне, актыўная ацэнка, камп’ютарнае мадэляванне, інтэрактыўная дошка і інш.).
Растлумачу, чаму ўзнікла неабходнасць у напісанні артыкула.
Мне прыходзіцца працаваць у складзе журы конкурсаў прафесійнага майстэрства, экзаменацыйнай камісіі, на практычных занятках са слухачамі павышэння кваліфікацыі па праектаванні заняткаў, дзе трэба даваць экспертную ацэнку ўрокам. Гэты вопыт дазваляе вызначыць некалькі прычын з’яўлення гэтай публікацыі: па-першае, публічны ўрок (ПУ) істотна адрозніваецца ад звычайнага (ЗУ); па-другое, паспяховая работа настаўніка са сваімі вучнямі, як паказвае практыка, не гарантуе ўмення апісаць вопыт правядзення ўрокаў так, каб гэта было зразумела і карысна іншым; па-трэцяе, многія публічныя ўрокі часта не вытрымліваюць крытыкі, і без істотнай дапрацоўкі іх нельга паказваць калегам; па-чацвёртае, аналіз прадстаўленых публіцы ўрокаў паказвае, што часта яны не ўтрымліваюць патэнцыялу забеспячэння жаданай выніковасці адукацыйнага працэсу.
Спачатку адзначым, што аб’ядноўвае дасканалае апісанне публічнага і звычайнага ўрока. Яны павінны быць сістэмнымі, а гэта значыць, што паміж усімі кампанентамі ўрока — мэтавым, зместавым, працэсуальным і кантрольна-ацэначным — неабходна ўзаемасувязь. Асобна ахарактарызуем кампаненты ўрока: мэты вызначаны на дыягнастычнай аснове, што абумоўлівае іх дасягальнасць; прадметны змест (адпаведнасць праграме, мэце, узроўню вучняў) дапаўняецца зместам дзейнасным, які прызначаны для авалодання вучнямі актуальнымі кампетэнцыямі; формы, метады і сродкі, адабраныя для дасягнення мэты, суадносяцца з усімі астатнімі кампанентамі; вучні выступаюць як актыўныя суб’екты навучання, якія маюць сваю мэту, арганізоўваюць сваю вучэбную дзейнасць, а таксама ацэньваюць яе ход і вынікі; настаўнік — арганізатар камунікацыі і дзейнасці вучняў, а таксама падвядзення вынікаў урока — кантроль і ацэнка выніковасці, параўнанне вынікаў з мэтай, неабходная карэкцыя, дамашняе заданне з арыентацыяй на вынікі дыягностыкі ў канцы ўрока.
Гэта было агульнае, але ёсць і істотныя адрозненні паміж публічным і звычайным урокам:
* асаблівасці ўмоў: ЗУ праводзіцца ў камерных умовах (толькі настаўнік і яго вучні, без сведак, без камер відэаназірання), ПУ адкрыты для назіральнікаў, для чытачоў, для крытыкі, для пераймання вопыту;
* экспертная ацэнка ўрока: на ЗУ ацэншчыкам таго, што адбываецца, з’яўляецца сам настаўнік, які добра валодае сітуацыяй, у якой праводзіцца ўрок, а на ПУ знешнія экс-перты (калегі, экзаменатары, журы) такой інфармацыяй не валодаюць або валодаюць дрэнна, бо не ведаюць клас, стылі пазнавальнай дзейнасці вучняў, іх базавы ўзровень валодання ведамі па прадмеце, магчымасці прадметнага кабінета; стыль педагагічнай дзейнасці настаўніка і г.д.;
* аб’ектыўнасць экспертнай ацэнкі ходу і вынікаў урока: калі на ЗУ настаўніку ўсё, што адбываецца на занятках, зразумела, яго рэакцыя адэкватная, то на ПУ эксперты, якія не валодаюць інфармацыяй, іншы раз прыходзяць да неадэкватных ацэнак. Бывае і такое меркаванне эксперта: «Тое, што робіць на ўроку настаўнік, мне не зразумела, я так не раблю — значыць, гэта дрэнна?»
Што вынікае са сказанага? Калі настаўнік хоча, каб яго ўрок быў зразумелы іншым, добра прыняты і ацэнены, яму трэба яго тлумачыць!
Гасцям адкрытага ўрока, экспертам, калегам, каб зразумець задуму і дзейнасць аўтара, пажадана даведацца аб наступным:
1) аб асаблівасцях дыдактычнай сістэмы настаўніка (ідэі, каштоўнасці, прынцыпы, якімі кіруецца настаўнік; яго пазіцыя і пазіцыя вучняў на занятках, што сабой уяўляе яго сістэма ўрокаў па тэме і г.д.);
2) пра дзяцей, для якіх прызначаны ўрок (ступень падрыхтаванасці да вывучэння матэрыялу ўрока, матывацыя, стылі пазнавальнай дзейнасці і г.д.);
3) якім патрабаванням урок адпавядае (праграмным, дыдактычным, псіхалагічным, школьным);
4) у якіх умовах праводзіцца (час правядзення, памяшканне, забяспечанасць сродкамі навучання);
5) пра сам урок (мэты настаўніка і вучняў, што плануецца зрабіць для іх дасягнення; як плануецца даць магчымасць вучням убачыць, ці дасягнулі яны мэты; ці будзе карэкцыйная работа ў выпадку, калі некаторыя вучні не здолеюць дасягнуць мэты).
Задача аўтара ўрока (і толькі яго) — паклапаціцца, каб урок быў зразумелы іншым. Як давесці гэтую інфармацыю да калег і экспертаў? Разгледзім варыянты інфармавання.
Адкрыты ўрок у сваёй школе. Неабходна перад урокам растлумачыць гасцям будучы ўрок, адказаць на іх пытанні. Важна, каб яны зразумелі і задуму аўтара, і тое, што ўсе кампаненты ўрока невыпадковыя, яны абумоўлены і асаблівасцямі педагагічнага стылю настаўніка, і асаблівасцямі класа, і патрабаваннямі адпаведных норм, і магчымасцямі прадметнага кабінета, адукацыйнага асяроддзя школы. Пры правядзенні заняткаў карысна ў той час, калі вучні працуюць самастойна, у парах, ці групах, таксама напаўголасу тлумачыць наведвальнікам, што і чаму робяць на ўроку дзеці. Пасля правядзення ўрока пажадана зноў паказаць, як дзейнасць вучняў і настаўніка спрыялі дасягненню мэты, што і чаму не атрымалася, што і чаму прыйшлося на ўроку змяніць, якія высновы зрабіў для сябе аўтар адкрытага ўрока.
Урок, які наведвае адміністратар — дырэктар або яго намеснік. Многія канфлікты паміж настаўнікамі і кіраўнікамі ўстановы ўзнікаюць пры аналізе ўрока. Часта гэта звязана з тым, што кіраўнік не ведае ўсіх акалічнасцей, сітуацыі, у якой праводзіўся ўрок. Асабліва складана намесніку дырэктара аналізаваць заняткі, калі ён выкладае іншы прадмет, што часцей за ўсё бывае. Амаль не выкарыстоўваецца практыка папярэдняй (перад урокам) гутаркі паміж адміністратарам і настаўнікам, на ўрок якога плануецца візіт. Можна спадзявацца, што кіраўнікі школ будуць перад наведваннем урока знаходзіць магчымасць сустрэцца з настаўнікам, тады педагог можа прэзентаваць свае будучыя заняткі па плане, які прапанаваны намі вышэй, што пазбавіць ад непаразуменняў і, больш за тое, будзе карысна абодвум суб’ектам у прафесійным сэнсе. Заўважым, што пачынаючым настаўнікам вельмі карыснай была б не толькі і не проста гутарка з кіраўніком школы, а яго рэальная дапамога ў планаванні ўрока.
Урок для публікацыі ў навукова-метадычным часопісе або ў інтэрнэце; апісанне ўрока для ўдзелу ў завочным конкурсе. Звычайна настаўнікі дасылаюць апісанні тых урокаў, якія яны ўжо правялі, якія аказаліся і выніковымі, і эфектыўнымі. Урок чытачам можна патлумачыць наступным чынам: па-першае, у прэамбуле апісаць адметныя рысы дыдактычнай сістэмы аўтара, ідэі, на якіх яна грунтуецца, і сітуацыю, у якой праводзіўся ўрок (вучні, метадычнае забеспячэнне, месца ў сістэме ўрокаў і ў раскладзе і г.д.), нарматыўныя патрабаванні да яго і задуму ўрока: чаму было вырашана правесці яго менавіта так, чым гэта было абумоўлена. Па-другое, у сам план (план-канспект, сцэнарый ці тэхналагічную карту ўрока) пажадана ўставіць рэмаркі, у якіх патлумачыць, чаму на пэўным этапе ўрока адбываецца менавіта такая работа, напрыклад, чаму работа ў парах, а не індывідуальная (ці наадварот), чаму праводзіцца прамежкавы кантроль у сярэдзіне ўрока, чаму вучняў выклікаюць адказваць па жэрабі і г.д. Па-трэцяе, напісаць кароткі самааналіз праведзеных заняткаў, у якім адзначыць наступнае:
* Што атрымалася, што добра спрацавала для дасягнення мэты?
* Што не атрымалася і чаму?
* Што і чаму прыйшлося па ходзе змяніць? (Напрыклад, спачатку планавалася пэўнае дамашняе заданнне, але па выніках выхадной дыягностыкі прыйшлося яго змяніць.)
* Якія высновы для сябе зрабіў настаўнік у выніку правядзення ўрока?
Калі настаўнік змяшчае ўрок у сваім блогу, ён тым самым не толькі прапаноўвае фрагмент свайго вопыту, але і можа разлічваць на зваротную сувязь: на меркаванні, прапановы, крытыку. Больш за тое, пажадана звярнуцца да калег з просьбай даць адносна ўрока зваротную сувязь. Змяшчэнне ўрока ў інтэрнэце мае яшчэ адну перавагу: можна ў тэксце змясціць гіперспасылкі на ролікі, анімацыі, якія выкарыстоўваліся на занятках, што, верагодна, будзе цікава і карысна назіраць калегам. У інтэрнэце можна змясціць відэазапіс урока. Пры гэтым, як і ў іншых выпадках, вельмі важна не проста даць пратакол або відэазапіс праведзенага ўрока, але зноў жа яго патлумачыць (пісьмова або вусна — перад камерай).
Урок на конкурсе “Настаўнік года”. Як яго зрабіць зразумелым членам журы? На жаль, рэгламент конкурсу такі, што магчымасці вуснага тлумачэння няма. (Праўда, у 2011 годзе для гэтага ў фінале конкурсу выдзялялася 5 хвілін, і некаторыя ўдзельнікі змаглі іх выкарыстаць належным чынам, дзякуючы чаму эксперты былі падрыхтаваны да назірання і ацэнкі ўрока).
У канкурсанта застаецца дзве магчымасці:
1) патлумачыць урок пісьмова, пры гэтым акцэнтаваць увагу на тое, што:
* мэта ўрока, яго змест, структура, формы арганізацыі дзейнасці, метады і сродкі ўзаемазвязаны, што яны дэтэрмінаваны асаблівасцямі дыдактычнай сістэмы настаўніка класа і ўмовамі, у якіх будзе праводіцца ўрок. Важна прадэманстраваць прычынна-выніковыя сувязі: вучэбная праграма — мэта, мэта — метады і г.д.;
* як вядучая ідэя яго педагагічнага вопыту праходзіць праз урок;
2) падчас самааналізу, які прадугледжаны рэгламентам конкурсу, трэба патлумачыць задуму ўрока, свой выбар адносна яго мэты, зместу, форм арганізацыі дзейнасці вучняў, метадаў і сродкаў навучання; што і чаму прыйшлося змяніць у працэсе ўрока; што са свайго вопыту арганізацыі дзейнасці вучняў настаўнік плануе развіваць далей.
Урок на кваліфікацыйным экзамене для пацвярджэння або атрымання вышэйшай катэгорыі. Вядома, што на распрацоўку ўрока настаўніку, які экзаменуецца, даецца 1,5 гадзіны (тэма вызначаецца з дапамогай жараб’ёўкі). Ён пры гэтым мае вучэбную праграму і падручнік. Думаю, што члены камісіі не супраць, калі настаўнік карыстаецца смартфонам, які дазваляе выбраць у інтэрнэце да ўрока відэаролік ці іншы ілюстрацыйны матэрыял. Калі я як член экзаменацыйнай камісіі чытаю распрацаваны ўрок, слухаю настаўніцкі аповед пра яго, адказы на пытанні экзаменатараў, то мне важна прачытаць і (або) пачуць не толькі, што будуць рабіць на ўроку вучні і настаўнік, але і чаму менавіта гэта будзе на занятках, менавіта так будзе праводзіцца ўрок. Я чакаю тлумачэння. На жаль, не заўсёды яно бывае, што наводзіць на думку: педагог сам не ведае, чаму яго ўрок такі. Ён страчвае балы. Калегі, напішыце, калі ласка, кароткую прэамбулу ці скажыце на пачатку свайго выступлення перад камісіяй:
* для якіх вучняў, для якога класа прызначны ўрок (мае значэнне, колькі вучняў у класе, 4 ці 26; ці ёсць у іх матывацыя на вывучэнне вашага прадмета; якая ў іх базавая падрыхтоўка; ці плануюць яны ісці на ЦТ па прадмеце і г.д); тут настаўніку- канкурсанту асабліва важна напярэдадні ўрока атрымаць як мага больш інфармацыі пра клас, у якім будзе праводзіцца ўрок;
* у якіх умовах будзе праводзіцца ўрок (абсталяванне прадметнага кабінета, выхад у інтэрнэт, наяўнасць хімрэактываў, наяўнасць у бібліятэцы неабходнай колькаці экзэмпляраў твораў, пасля якога ўрока будзе праводзіцца) і г.д.
Патлумачце таксама, якія ідэі, ключавыя моманты вашага вопыту знайшлі адлюстраванне ў вашым уроку.
Магчыма, калі вы станеце на пачатку свайго выступлення гаварыць не пра ўрок, а пра акалічнасці, у якіх ён будзе праводзіцца, нехта з членаў камісіі папросіць вас адразу перайсці да аповеду пра сам урок. Дазвольце сабе з ім не пагадзіцца, скажыце, што вы распрацавалі не абстрактны ўрок, а рэальны — для пэўнай адукацыйнай сітуацыі. Паколькі вы хочаце, каб члены камісіі вас зразумелі, то вы лічыце неабходным звярнуць іх увагу на асаблівасці гэтай сітуацыі.
Абагульнім сказанае вышэй. Публічны ўрок — гэта магчымасць настаўніка заявіць пра сябе, паказаць сваё майстэрства, гэта платформа для прафесійнага росту, які адбываецца дзякуючы рэфлексіі сваёй дзейнасці. Пры прэзентацыі ўрока іншым настаўнік рызыкуе быць незразумелым. Каб пазбегнуць гэтага, трэба тлумачыць свой урок. Варыянты тлумачэння ўрока, якія тут прапанаваў аўтар артыкула, не з’яўляюцца адзіна магчымымі. Вы можаце гэта зрабіць па-іншаму, але зрабіце так, каб калегі і эксперты змаглі ўбачыць і добра ацаніць ваша майстэрства, каб менш вопытныя калегі змаглі пераняць у вас ідэі і эфектыўныя спосабы навучання.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.