Формы, метады, сродкі навучання на ўроках беларускай мовы пры выкарыстанні лінгвакультуралагічнага падыходу накіраваны на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі. Цэнтральным аб’ектам увагі пры гэтым з’яўляюцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі: назвы прадметаў і з’яў традыцыйнага беларускага побыту, фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі, прыкметы, сімвалы нацыянальнай культуры, тэксты як адзінкі культуры.
Для таго каб пісьменна выказацца, вучань павінен правільна выкарыстоўваць словы ў тым значэнні, якое патрабуе кантэкст. На маю думку, развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі ажыццяўляецца шляхам выпрацоўкі ў вучняў неабходных навыкаў і ўменняў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці: чытанні, маўленні, успрыманні мовы на слых, пісьме. Нават асобнае слова нашай мовы нясе ў сабе пэўную інфармацыю: пра гісторыю народа, пра традыцыі і мудрасць. Таму з 5 класа звяртаю ўвагу на адпрацоўку навыку правільна карыстацца словам для перадачы думак. А лепш за ўсё выпрацоўваць гэта ў кантэксце нацыянальнай культуры. Для таго каб папоўніць слоўнікавы запас вучняў і сфарміраваць навык правільнага выкарыстання слова, прапаную дзецям вызначыць лексічнае значэнне слова, скласці словазлучэнне з пэўнымі словамі, падабраць сінонімы, абгрунтаваць ужыванне ў сказе таго ці іншага слова, вызначыць апорныя словы ў тэксце, супаставіць словы ў рускай і беларускай мовах і іншае. Пастаянна выкарыстоўваю на ўроках звесткі з беларускага народнага календара. Напрыклад, “Дождж у маі — хлеба будзе і на гультая”, “Калі будзе раса — хопіць коням аўса”, “Калі жыта ў марцы глядзіць на неба — не есці тады хлеба” і іншыя. Тым самым дзеці вызначаюць невядомыя словы, тлумачаць іх значэнне, раскрываюць сэнс выразу, знаходзяць словы ў прамым і пераносным значэнні, шукаюць сінонімы, антонімы, амонімы. Прапаную вучням знаёмства з культурнымі сімваламі беларускага народа, напрыклад, валошка — сімвал духоўнасці, вянок — сімвал кахання і шлюбу, парог — мяжа паміж хатай і навакольным светам. Гэты матэрыял выкарыстоўваю пры вывучэнні слоў у прамым і пераносным значэнні, фразеалагізмаў, пры вывучэнні розных часцін мовы.
Вучні 5—7 класаў вельмі любяць працаваць на ўроку з элементамі гульні, конкурсаў, спаборніцтваў. Выкарыстоўваю разнастайныя моўныя гульні, крыжаванкі, міні-тэсты, якія накіроўваюць вучняў на засваенне традыцыйна беларускай лексікі, садзейнічаюць папаўненню слоўнікавага запасу. Прапаную заданні “Хто правільна збярэ прыказкі?”, “Народ прыкмячае ды нас павучае”, “Назавіце адным словам”, “Складзіце сказы з прапанаванымі словамі і акрэсліце сферу іх выкарыстання”. Выкарыстоўваю малюнкі прадметаў і подпісы да іх, прашу вучняў даць лексічнае значэнне слова, карыстаючыся тлумачальным слоўнікам, зрабіць марфемны разбор, падабраць сінонімы. З 5 класа прапаную вучням праводзіць міні-даследаванні. Выкарыстоўваю словы тыпу “талака”, “бурнос”, “верашчака” і іншыя. Спачатку адбываецца прэзентацыя слова, затым высвятляецца яго значэнне, уяўленне аб прадмеце, дзеянні, прыкмеце, з’яве, пошук адпаведнікаў у рускай мове. У залежнасці ад значэння і выкарыстання слова падбіраюцца прыказкі, прымаўкі ці ўрыўкі з вершаў беларускіх пісьменнікаў з выкарыстаннем гэтага слова.
Прымяняю метад пабудовы сэнсавых палёў: запісваю слова ў цэнтры дошкі, даю тлумачэнне, па якой схеме і якія палі сэнсаў варта запоўніць. Напрыклад, уверсе — словы-“спадарожнікі” (асацыяцыі), унізе — словы-“сваякі” (аднакарэнныя словы), справа — словы-“сябры” (сінонімы), злева — словы-“ворагі” (антонімы). Колькасць палёў-сэнсаў залежыць ад узроўню ведаў, часу, ступені складанасці слова.
Пры вывучэнні марфалогіі выкарыстоўваю матэрыялы вуснай народнай творчасці — прыказкі, прымаўкі, прыкметы, загадкі, дзе вучні тлумачаць значэнне, адгадваючы ўтоеную з’яву, запамінаюць яе прыкметы. Выкарыстоўваю заданні тыпу “Выбраць лішняе слова з прапанаваных, згодна з адпаведным значэннем або іншай асаблівасцю”, “Ад назоўніка “дарога” ўтварыць дзеяслоў са значэннем “стаміцца ў дарозе” (здарожыцца) і растлумачыць яго значэнне на аснове ўрыўка з верша Ніла Гілевіча”. Пры вывучэнні кожнай тэмы з марфалогіі даю вучням заданне падабраць прыказкі, загадкі, прыкметы, павер’і, у складзе якіх ужываецца патрэбная часціна мовы, вызначыць марфалагічныя і сінтаксічныя прыметы. (“У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі” (назоўнік); “Лістапад снегу надуе — хлеба прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца” (дзеяслоў) і г.д.)
Адпрацоўваючы марфалагічныя асаблівасці кожнай часціны мовы, выкарыстоўваю ўласнабеларускую лексіку. Напрыклад, прапаную размеркаваць назоўнікі па тыпах скланення: пуня, гумно, капліца, зруб, хлеў, клець, склеп, павець. Менавіта выкарыстанне лінгвакультуралагічнага падыходу дае магчымасць раскрыцця культуралагічнага патэнцыялу беларускай лексікі: уласцівых беларускай мове спосабаў утварэння прыметнікаў (завялікі, зацесны), дзеясловаў (папапрасіць, папакрычаць), зборных назоўнікаў (асачыннік, бульбоўнік), рознаскланяльных назоўнікаў (галубяня, вераб’яня).
Найважнейшую ролю мае работа з тэкстам. Ён з’яўляецца крыніцай інтэлектуальнага і маральнага развіцця вучняў. Падбіраю тэксты, у якіх падаюцца культуралагічныя звесткі, што маюць на мэце выклікаць цікавасць да пэўнай з’явы, прадмета, прыкметы, а таксама даюць магчымасць адлюстраваць паходжанне і семантыку нацыянальна маркіраваных моўных адзінак. Тут выкарыстоўваю матэрыял і пра розныя святы і традыцыі. Цудоўным набыткам для ўрокаў з’яўляюцца творы У.Караткевіча. Прапаную вучням тэкст, прашу знайсці адпаведную часціну мовы, патлумачыць незразумелыя словы, вызначыць словазлучэнні з гэтай часцінай мовы, скласці свае сказы з прапанаванымі словамі.
На ўроках прапаную рубрыку “Цікава ведаць”, дзе адбіраю пэўныя словы, уласцівыя беларускай мове (напрыклад, блёкат, бружмель, бэз, гарлачык, рамонак). Затым аналізуем словы, вызначаючы лексічнае значэнне, марфалагічныя прыметы, супастаўляючы іх у рускай і беларускай мовах. Менавіта пераклад і параўнанне ў рускай і беларускай мове садзейнічае раскрыццю нацыянальнай адметнасці.
Выкарыстоўваю на ўроках элементы розных тэхналогій: тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, калектыўных спосабаў навучання, асобасна арыентаваныя тэхналогіі. Адной з форм, якую практыкую на ўроку, з’яўляецца інфармацыйна-вучэбны дыялог, падчас якога вучні выказваюць свае думкі, выкарыстоўваючы патрэбныя словы, задаюць пытанні. Гэта дае магчымасць вучыцца ствараць уласныя выказванні па прапанаванай тэме, удзельнічаць у абмеркаванні праблем. Выкарыстоўваю элементы тэхналогіі “Апытванне некалькіх”, дзе вучні фармулююць пытанні, а іншыя адказваюць на іх.
Выкарыстоўваю элементы інтэрактыўных метадаў. Гэта дае магчымасць уключэння ўсіх вучняў у адукацыйную прастору, умець выслухаць суразмоўніка, задаваць пытанні, працаваць у камандзе, браць на сябе адказнасць за выказаную думку. Прымяняю метад “Інтэрв’ю”, “Закончы фразу”, “Карэктар”, “Мазгавы штурм”, “Лагічны ланцужок”, “Апрані слова”, “Замена суразмоўніка” і іншыя. Такая работа дае магчымасць абудзіць жаданне думаць, параўноўваць, аналізаваць, прымушае да дасведчанага выказвання думкі.
Прымяняю і такія прыёмы і метады, як складанне дыялогаў, выказванне “Жывое слова”, “Словы ў падарунак”. Пры арганізацыі сацыяльна-ролевай гульні працуем спачатку з тэкстамі культуралагічнага зместу. Пасля гэтага даю заданні. Напрыклад, прапаную сітуацыю “У кафэ”, “На вуліцах нашага горада”, “Завітаем у школьны музей”, стаць вядучым тэлеперадачы, падрыхтаваць віншавальную паштоўку і іншыя. Вучні павінны абыграць сітуацыю. Такія заданні накіраваны на абуджэнне цікавасці да мінулага беларусаў, узбагачэнне слоўніка вучняў назвамі рэалій духоўнай і маральнай культуры, выкарыстанне набытых ведаў пры пабудове сваіх выказванняў.
На ўроках мовы выкарыстоўваю мясцовы краязнаўчы матэрыял, які таксама садзейнічае развіццю ўменняў і навыкаў пісьменна выказвацца, абапіраючыся на здабыткі культуры і гісторыі малой радзімы.
Я імкнуся да ўдасканалення сваёй працы і маю на мэце больш актыўна прымяніць рэсурсы Web 2.0 з выкарыстаннем лінгвакультуралагічнага падыходу.
Марына ПАЎЛЮЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці.