“Шмат гадоў я выкладаю хімію школьнікам, таму з упэўненасцю магу сказаць, што гэта вельмі цяжкі для іх прадмет. Дзеці пачынаюць вывучаць яго ў 7 класе, і многім не хапае псіхалагічнай сталасці для асваення гэтага курса, — гаворыць настаўніца хіміі гімназіі № 19 Мінска, кандыдат біялагічных навук, метадыст НІА Наталля Міхайлаўна Роўбель. — Чаму і як павінен вучыць настаўнік, каб дзецям было цікава і камфортна на ўроках? Якой павінна быць методыка выкладання хіміі? Я знайшла для сябе адказ: галоўнае — выкарыстоўваць праблемную, пошукавую і даследчую дзейнасць, якая садзейнічае найлепшаму вывучэнню прадмета і аблягчае ўспрыманне складанага матэрыялу”.
Наталля Міхайлаўна Роўбель скончыла біялагічны факультэт БДУ, працавала ў Інстытуце мікрабіялогіі НАН Рэспублікі Беларусь. Даследчы інтарэс маладога вучонага быў звязаны з базідыяльнымі грыбамі — ядомымі грыбамі (шыітаке, вешанка, рэйшы, шампіньён). У кандыдацкай дысертацыі Наталля Міхайлаўна вывучала фізіёлага-біяхімічныя асаблівасці гэтых грыбоў, у прыватнасці, іх уласцівасць звязваць iоны цяжкіх металаў. Яе часта запрашалі да ўдзелу ў конкурсах навукова-даследчых работ школьнікаў у якасці члена журы. Адзін з такіх конкурсаў праводзіўся ў Ліцэі БНТУ, пасля чаго Наталля Міхайлаўна пачала працаваць там выкладчыкам. У ліцэі арганізоўвала навуковыя даследаванні навучэнцаў.
— На той момант у мяне не было ўстаноўкі, што наша з ліцэістамі даследчая дзейнасць павінна ажыццяўляцца па класічнай схеме “падрыхтоўка работы — удзел у конкурсе — атрыманне дыплома”, — адзначыла Наталля Міхайлаўна. — Мы адчувалі з юнакамі і дзяўчатамі творчую свабоду, маглі дазволіць сабе, у добрым сэнсе, быць несур’ёзнымі даследчыкамі. Але, як ні дзіўна, наша дзейнасць прыводзіла да станоўчых вынікаў і высокіх узнагарод.
Пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны ліцэісты пачалі вывучаць сарбацыю (звязванне) базідыяльнымі грыбамі, якія вырошчваліся ў лабараторыі, цяжкіх металаў з розных асяроддзяў. У прыватнасці, навучэнцы вызначалі, ці можна выкарыстоўваць структурныя кампаненты грыбоў у якасці энтэрасарбента — харчовай дабаўкі для ачышчэння арганізма чалавека ад цяжкіх металаў і радыенуклідаў. Была выказана гіпотэза: калі грыбы ў працэсе сваёй жыццядзейнасці актыўна звязваюць цяжкія металы, значыць, і іх структурныя кампаненты валодаюць тымі ж уласцівасцямі. У выніку атрымалася вельмі цікавая работа, зробленая на 90 працэнтаў рукамі ліцэістаў, — Сяргея Пансевіча і Юрыя Сагаловіча. На Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў у секцыі “Біялогія” работа атрымала дыплом І ступені. У далейшым навучэнцы Наталлі Міхайлаўны неаднойчы перамагалі на гарадскіх і рэспубліканскіх НПК, станавіліся лаўрэатамі Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У. І. Вярнадскага.
— Алгарытм работы навукоўца дастаткова складаны: трэба вылучыць праблему, затым гіпотэзу і падабраць метады даследавання, атрымаць вынікі і зрабіць высновы, — сказала Наталля Міхайлаўна. — Але даследчая дзейнасць у школе істотна адрозніваецца ад работы вучонага — не столькі па мэтах і задачах, колькі па аб’ёме і змесце. Калі ж гаварыць пра даследчы метад навучання, то ён адзін з самых складаных для педагогаў, але вельмі карысны і цікавы для навучэнцаў. Да яго можна далучыць нават самых маленькіх.
Клас 9. Урок “Амінакіслоты”.
Сфармуляваць праблему: як даказаць, што амінакіслоты — амфатэрныя злучэнні? Вылучыць гіпотэзу: амінакіслоты, падобна да неарганічных амфатэрных злучэнняў, павінны рэагаваць з кіслотамі і шчолачамі. Вызначыць мэту: вызначыць паняцце “амінакіслоты” як арганічных амфатэрных злучэнняў.
Падбор метаду і правядзенне эксперыментальнага даследавання:
Дослед 1: доказ асноўных уласцівасцей гліцыну.
У прабірку дадайце 1 мл раствору салянай кіслаты (НСІ) і 1 кроплю метыларанжа. Затым дадавайце па кроплях раствор гліцыну да змены колеру рэакцыйнай сумесі.
Дослед 2: доказ кіслотных уласцівасцей гліцыну.
У прабірку дадайце 1 мл раствору гідраксіду натрыю (NaОН) і 1 кроплю фенолфталеіну. Індыкатар змяняе сваю афарбоўку на малінавую. Затым дадавайце па кроплях раствор гліцыну да абясколервання рэакцыйнай сумесі.
Дослед 3: выпрабоўванне раствору амінакіслаты індыкатарамі.
У прабірку дадайце1 мл раствору гліцыну і 1 кроплю метыларанжу. Афарбоўка жоўтая (нейтральнае асяроддзе).
Аналіз:
1. Група — СООН (карбаксільная група) вызначае кіслотныя ўласцівасці гэтых злучэнняў, г.зн. узаемадзейнічае са шчолачамі.
Н2N — СН2 — СООН + НСІ -> [H3N+ — СН2 — СООН]СІ-.
2. Група — NН2 (амінагрупа) вызначае асноўныя ўласцівасці гэтых злучэнняў, г.зн. узаемадзейнічае з кіслотамі.
H2N — CH2 — COOH + NaOH -> H2N — CH2 — COONa + Н2О.
3. У растворы амінагрупа можа ўзаемадзейнічаць з пратонам карбаксільнай групы, утвараючы ўнутраную соль.
Н2N — СН2 — СООН <-> Н3N+ — СН2 — COO-.
Выснова: амінакіслоты праяўляюць амфатэрныя ўласцівасці, паколькі ў іх склад уваходзяць дзве функцыянальныя групы.
Неабходна настройваць навучэнцаў не толькі на дасягненне ўласных навуковых вынікаў, але і на атрыманне асноўных ведаў, уменняў і навыкаў па методыцы і метадах навуковага даследавання (як вылучаць праблему даследавання, як правільна праводзіць і апісваць эксперымент, як забяспечваць атрыманне надзейных вынікаў, падводзіць вынікі даследчай працы, афармляць рэферат, пісаць артыкул і г.д.). Навучэнцам неабходна асвоіць асноўныя навуковыя метады пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыю, дэдукцыю, аналогію, параўнанне, абагульненне і г.д.). Поспех у такой дзейнасці залежыць ад самастойнага актыўнага навуковага пошуку (практычнага або тэарэтычнага) пачаткоўца. Задача настаўніка заключаецца ў падборы заданняў, літаратуры, у выпрацоўцы гіпотэзы і агульным кіраванні дзейнасцю юнага даследчыка.
***
У апошнія гады Наталля Міхайлаўна Роўбель выкладае хімію ў гімназіі № 19 Мінска ў профільных (хіміка-біялагічных) класах. Акрамя таго, для старшакласнікаў чытае “Абагульняльны факультатыўны курс па хіміі” і вядзе біялогію ў 6 i 10 класах.
— Шчыра пераканана, што настаўнік і вучань павінны прыходзіць у школу для таго, каб атрымліваць задавальненне ад навучання, прыемна і з карысцю праводзіць час, — падкрэслівае Наталля Міхайлаўна. — Калі дамінуе ўстаноўка “трэба”, калі настаўнік чытае лекцыю, а дзеці таропка пад дыктоўку запісваюць за ім з адзінай думкай “Навошта мне гэта?” — такое навучанне лічу неэфектыўным і бессэнсоўным. Нельга працаваць з пазіцыяй “зараз я, разумны настаўнік, раскажу, як трэба рабіць”.
Чаму ў пачатковай школе дзеці не любяць аднастайнае перапісванне? Таму што пры гэтым не ствараецца нічога новага. Затое яны з радасцю ўпісваюць або дамалёўваюць штосьці новае ў сваіх сшытках. Дзецям не хапае навізны, і яны імкнуцца ствараць яе самі. А яшчэ яны адчуваюць пастаянную патрэбу ў гульнях. Адсюль і татальная любоў да гаджэтаў. Гульнявая актыўнасць пачынае дамінаваць і ў дарослых людзей, нават у сур’ёзных мужчын сярэдніх гадоў. Гэта норма або шкодная звычка? Дзе тая грань, якая аддзяляе іх? Магчыма, чалавеку ад нараджэння ўласціва гуляць? Дарэчы, сучасныя адукацыйныя стандарты ў некаторых краінах заснаваны на тым, каб інтэграваць сістэму навучання ў гульнявое асяроддзе. Педагогі ўлічваюць гэтыя аспекты ў рабоце з дзецьмі.
— Кожны настаўнік павінен знайсці ўнікальны падыход да дзяцей, — лічыць Наталля Міхайлаўна. — Паколькі адказы на многія тэарэтычныя пытанні сёння лёгка адшукаць у літаратуры або інтэрнэце, я не ўдзяляю ім шмат увагі на ўроках. Перавагу аддаю праблемнаму навучанню і практыка-арыентаваным задачам, тэкставая аснова і алгарытм якіх мне вельмі падабаюцца. Вучні таксама любяць рашаць канкрэтныя заданні, раскрываць таямніцы хіміі.
У школе, згодна з праграмай, дзеці пераважна вывучаюць пытанні, якія ўжо вырашаны грамадствам ці навукай. Настаўнік акрэслівае перад навучэнцамі задачы для самастойнага даследавання, але ён ведае і этапы вырашэння ўсіх праблем, і магчымыя вынікі, і тыя якасці, якія праявяць школьнікі падчас даследавання. У выключных выпадках школьнік можа ўзняць новую тэму, якую да яго ніхто не разглядаў. У гэтым і заключаецца вялікае значэнне праблемнага навучання. Ад зін з яго кірункаў — правядзенне даследчых заняткаў, калі спачатку выконваецца практычная работа па зборы фактаў (доследы, эксперымент, назіранне, работа з кнігай, збор матэрыялу), а затым іх тэарэтычны аналіз і абагульненне. Пры гэтым праблема даследавання вельмі часта ўзнікае не адразу, а ў ходзе выяўлення неадпаведнасці, супярэчнасці паміж назапашанымі фактамі.
— Калі дзіця рашае практыка-арыентаваную задачу, у яго не ўзнікне пытання “Навошта мне гэта трэба?” — заўважае Наталля Міхайлаўна. — Такія задачы могуць уключацца ў любы этап урока, у тым ліку пры тлумачэнні новага матэрыялу. Напрыклад, каб надаць праблемны ўхіл вывучэнню некаторых аспектаў з гісторыі арганічнай хіміі, я прапаноўваю навучэнцам наступную задачу: вывесці формулу мачавіны — першага арганічнага рэчыва, якое было сінтэзавана ў прабірцы. Прашу назваць таго, хто яго сінтэзаваў, і растлумачыць, навошта гэта было зроблена. Не спяшаюся даваць гатовую інфармацыю пра тое, як сінтэзаваць рэчыва, а прапаноўваю навучэнцам самім вывесці яго формулу. Такія задачы распрацаваны мной па ўсіх тэмах курса. Адзін раз у месяц даю дзецям дамашняе заданне скласці практыка-арыентаваную задачу. Гэта добры спосаб праверыць веды, бо, каб прыдумаць задачу, навучэнцы прачытаюць больш, чым напісана ў падручніку па тэме, пазнаёмяцца з падобнымі задачамі розных аўтараў.
Нельга напісаць універсальны рэцэпт якаснага навучання для ўсіх дзяцей і па ўсіх прадметах, немагчыма правесці сто аднатыпных урокаў па абранай тэхналогіі. Калі Наталля Міхайлаўна складае планы-канспекты ўрокаў, то робіць гэта адначасова для 3—4 заняткаў, з улікам таго, што пэўныя іх часткі будуць перастаўляцца або замяняцца.
— Кожны ўрок плануецца мной як унікальны, — падкрэслівае педагог. — Адны заняткі праходзяць у форме абмеркавання, калі праблема вырашана і неабходна падвесці толькі вынікі, другія — у форме канферэнцыі, у ходзе якой трэба выбраць аптымальны план даследаванняў. Калі задумваю ўрок-нарыхтоўку, то, як правіла, у мяне не атрымліваецца яго правесці. У пэўны момант заняткі ідуць не па плане. На гэта можа паўплываць настрой дзяцей, іх жаданне або нежаданне праяўляць актыўнасць. У рабоце з шасцікласнікамі, напрыклад, галоўнае — пачуць іх. Для таго каб наладзіць канструктыўнае ўзаемадзеянне, іх трэба спачатку выслухаць, прычым не заўсёды па тэме ўрока. Старшакласнікі ўмеюць слухаць, але бывае складана разгаварыць іх. Калі яны адчуваюць, што настаўнік разумее іх і жадае слухаць, то пачынаецца размова па сутнасці. Па магчымасці абмяркоўваю з навучэнцамі іх асабістыя адносіны да той ці іншай тэмы. Калі, напрыклад, мы разглядаем дзейнасць хімічных прадпрыемстваў-гігантаў, прашу дзяцей згадаць, хто са знаёмых ім людзей або сваякоў працуе там, колькі гадоў было іх бацькам, бабулям ці дзядулям, калі прадпрыемствы адкрываліся.
На жаль, апошнім часам з курса хіміі амаль знік гістарычны кампанент, менавіта асоба навукоўца-вынаходніка. Быццам многія адкрыцці рабіліся самі па сабе. Засталіся толькі фрагментарныя звесткі пра вялікіх навукоўцаў XVIII стагоддзя. Раней у школьнай праграме многія рэакцыі былі імяннымі. Зараз даецца іх назва без спасылкі на аўтара. Магчыма, такім чынам аўтары праграм і падручнікаў імкнуцца пазбавіць дзяцей ад залішняй інфармацыі, каб не было перагрузкі. Але ці правільна мы размяркоўваем прыярытэты? На мой погляд, не варта абмінаць пытанне ролі асобы ў развіцці хіміі як навукі.
***
— Хімія цяжка даецца некаторым вучням, бо патрабуе развітога абстрактнага мыслення, умення хутка пераходзіць ад канкрэтных катэгорый і паняццяў да абстрактных і наадварот. У сямікласнікаў такое мысленне яшчэ фарміруецца, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Часта, каб растлумачыць тэму, настаўнік вымушаны быць перакладчыкам таго, што напісана ў падручніку. Зыходзячы з практыкі работы, мяркую, што ў 7—9 класах па гэтым курсе трэба змяншаць градус акадэмічнасці. Мы не павінны загадзя рыхтаваць школьнікаў да вучобы ва ўніверсітэце. А ў старшай школе, асабліва ў профільных класах, акадэмічнасць варта павышаць, праграма павінна быць больш складанай, а падыходы да вывучэння яе зместу — навукаёмістымі. Падручнік ужо не з’яўляецца адзінай універсальнай крыніцай інфармацыі. Сучасная кніга для навучэнцаў павінна быць інтэгравана ў асяроддзе інтэрнэту і ў візуальнае асяроддзе. Яе задача — стаць даведнікам для школьнікаў, з якога кожны возьме тое, што яму цікава і патрэбна, які акрэсліць перад чытачом напрамак на вялікім шляху ў пазнанне новага.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.