З матывацыяй да поспеху

Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежнай мовы Рэчыцкай раённай гімназіі — гэта дружная і неверагодна крэатыўная каманда. Кіруе аб’яднаннем больш за 10 гадоў настаўніца англійскай мовы Наталля Іванаўна Ярамчук. У камандзе — 10 настаўнікаў англійскай і нямецкай моў. 70% педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У кожнага члена каманды ёсць свая метадычная іскрынка. Працуючы ў цесным супрацоўніцтве, настаўнікі дзеляцца вопытам адно з адным, дапамагаюць вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, вызначаюць мэты і разам ідуць да іх дасягнення. Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежнай мовы мае сваю эфектыўную сістэму навучання, якая складвалася на працягу многіх гадоў.

Адным з прыярытэтных кірункаў прафесійнай дзейнасці з’яўляецца выкарыстанне розных сродкаў і тэхналогій для павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння замежнай мовы. Яшчэ Арыстоцель гаварыў пра тое, што імкненне да ведаў — гэта натуральная патрэба ўсіх людзей. Але ці заўсёды патрэбы бываюць задаволены? Якія перашкоды сустракаюцца на шляху чалавека, які мае патрэбу ў атрыманні разнастайных ведаў? Вывучэнне замежнай мовы — напружаная праца. Яе вынікі залежаць ад матывацыі навучэнцаў, якая з’яўляецца рухавіком любой дзейнасці. Яе падтрымлівае рэальны і канчатковы поспех. Калі ж поспеху няма, згасае і матывацыя.

Майстэрства настаўніка, які ставіць адукацыйную мэту, накіраваную на практычнае авалоданне навучэнцамі замежнай мовай як сродкам зносін, заключаецца ва ўменні абудзіць і падтрымліваць цікавасць навучэнцаў да вывучэння мовы з дапамогай розных метадаў і прыёмаў. У арсенале настаўнікаў замежнай мовы Рэчыцкай раённай гімназіі ёсць дастаткова матывацыйных прыёмаў і сродкаў, якія паказалі сваю эфектыўнасць і выніковасць на практыцы. Адным з іх з’яўляецца стварэнне аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя.

З 2012 па 2015 год настаўнікі гімназіі ўдзельнічалі ў рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя ў пазаўрочную дзейнасць па замежнай мове для павышэння камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў”. Выбар тэмы праекта не быў выпадковым. У некаторых настаўнікаў ужо быў пэўны вопыт у гэтым кірунку. Большасць урокаў замежнай мовы право­дзілася з выкарыстаннем аўтэнтычных аўдыя- і відэаматэрыя­лаў. У 2009 годзе настаўніца англійскай мовы Наталля Ярамчук стала ініцыятарам і арганізатарам зносін нашых гімназістаў з носьбітамі англійскай мовы праз Skype. Штотыдзень у яе кабінеце пасля ўрокаў збіраліся навучэнцы, каб выпрабаваць свае сілы ў жывых зносінах з жыхарамі Туманнага Альбіёна. Хтосьці ўжо з першых хвілін мог падтры­маць размову, не баючыся зрабіць памылку. А камусьці спатрэбілася некалькі тыдняў, каб пераадолець свой страх і задаць першае пытанне на англійскай мове. Зносіны праз Skype выступалі сродкам рэальных зносін. Навучэнцы, няхай і на кароткі час, але акуналіся ў рэальную моўную рэчаіснасць, знаёміліся з асаблівасцямі функцыянавання мовы як сродкам натуральнай, а не вучэбнай камунікацыі.

У 2012/2013 навучальным годзе на базе гімназіі пачалі работу адразу некалькі клубаў, мэта якіх заключалася ў стварэнні аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя для павышэння іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. На пасяджэннях клуба аматараў кнігі Bookhunter (кіраўнік Ганна Генадзьеў­на Малахоўская) настаўнікі чыталі і абмяркоўвалі творы англійскай літаратуры. На раннім этапе (5—8 класы) гэта былі скарочаныя варыянты арыгінальных твораў. На прасунутым этапе (9—11  класы) навучэнцам прапаноўвалі поўныя тэксты класічных і сучасных аўтараў.

Мэтай работы клуба аматараў літаратуры Германіі (кіраўнік Ларыса Мікалаеўна Канцавая) стала стварэнне ўмоў для павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння нямецкай мовы праз нефармальныя зносіны на пасяджэннях членаў клуба. Для азнаямлення прапаноўваліся арыгінальныя творы нямецкіх аўтараў. Асноўным кірункам дзейнасці клуба было атрыманне дадатковых сацыякультурных ведаў па прадмеце. У канцы навучальнага года ўдзельнікі клуба запрашалі на сваё заключнае пасяджэнне навучэнцаў, педагогаў, адміністрацыю гімназіі.

На базе гімназіі функцыянавалі культуралагічны гурток па англійскай мове ColorfulEnglish (кіраўнік Святлана Эдуардаўна Панкевіч) і краіназнаўчы гурток GoodLuck (кіраўнік Юлія Міхайлаўна Кузняцова). Вопыт паказаў, што выкарыстанне краіназнаўчай інфармацыі ў вучэбным працэсе забяспечвае павышэнне пазнавальнай ­актыўнасці навучэнцаў, фарміруе і развівае іх камунікатыўную кампетэнцыю і спрыяе стварэнню станоўчай матывацыі да вывучэння прадмета.

З 2012 года на базе Рэчыцкай раённай гімназіі штогод праводзіцца фестываль песні на замежнай мове The sinqinq world. Асноўная мэта конкурсу — папулярызацыя вывучэння замежных моў. Ініцыятарам правядзення фестывалю была настаўніца англійскай мовы Вольга Васільеўна Швед. Працуючы ў камандзе з Ганнай Генадзьеўнай Малахоўскай і Святланай Генадзье­ўнай Бабчанок, ёй удалося зрабіць мерапрыемства адным з самых папулярных сярод навучэнцаў у Рэчыцкім раёне. Штогод у фестывалі ўдзельнічаюць больш за 30 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

З мэтай стварэння аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя і развіцця іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў праз калектыўную творчую дзейнасць у гімназіі з 2012 года дзейнічае аматарская тэатральная студыя Snowtime (кіраўнік Алеся Яўгенаўна Глушакова). Падрыхтоўка і выкананне тэатральнай пастаноўкі спрыяе павышэнню цікавасці да вывучэння замежнай мовы, а работа ў групе станоўча ўплывае на асобу навучэнцаў. Тэатральны калектыў навучэнцаў гімназіі штогод становіцца пераможцам раённага этапу Абласнога фестывалю аматарскіх тэатральных калектываў “Аркад”.

Каманда настаўнікаў замежнай мовы гімназіі не стаіць на месцы. Яна пастаянна эксперыментуе, укараняючы новыя адукацыйныя тэхналогіі, якія са­дзейнічаюць павышэнню якасці іншамоўнай адукацыі. Сумеснымі намаганнямі ў гімназіі створана мультымедыйная бібліятэка, якая змяшчае розныя аўтэнтычныя матэрыялы па англійскай і нямецкай мовах. Сістэматычнае і актыўнае выкарыстанне гэтых матэрыялаў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці дазваляе ў поўнай меры падрыхтаваць навучэнцаў да розных форм адносін і зносін паміж індывідамі і групамі, якія належаць да розных культур.

Нефармальныя зносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу арганізоўваюцца дыстанцыйна ў пазаўрочны час. Піянерам у гэтым кірунку стала Г.Г.Малахоўская, якая з’яўляецца распрацоўшчыкам курса “Англійская мова” ў сістэме Moodle. Настаўнікі англійскай мовы Н.І.Ярамчук, В.В.Швед, С.Э.Панкевіч, выкарыстоўваючы розныя платформы для арганізацыі дыстанцыйнага навучання, на пастаннай аснове аказваюць кансультацыйную дапамогу навучэнцам у пазаўрочны час, прапану­юць розныя заданні для самастойнай работы, рэкамендуюць для прагляду і наступнага абмеркавання аўтэнтычныя відэаматэрыялы. Гэтая сістэма садзейнічае развіццю вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі навучэнцаў, што станоўча ўплывае на павышэнне цікавасці да вывучэння замежнай мовы.

Сістэма работы па арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці па замежных мовах паказала сваю эфектыўнасць. Навучэнцы гімназіі штогод дасягаюць высокіх вынікаў у розных конкурсах. На працягу 5 гадоў яны становяцца пераможцамі заключнага этапу Абласнога конкурсу па замежных мовах “Майстэрства гаварыць”. Толькі ў 2019/2020 навучальным го­дзе былі заваяваны два дыпломы па нямецкай мове (настаўніца А.С.Пінчук). Неаднаразова гімназісты з поспехам дэманстравалі свае маўленчыя ўменні, удзельнічаючы ў Абласным конкурсе рытарычнага майстэрства “Залатая ліра”. Штогод каманда навучэнцаў гімназіі становіцца пераможцай адкрытага абласнога краіназнаўчага конкурсу Welcome to the English Speaking World.

Навучэнцы гімназіі паспяховыя і ў алімпіядным руху. Штогод яны папаўняюць скарбонку дасягненняў гімназіі дыпломамі розных узроўняў. Высокія вынікі дэманструюць выхаванцы С.Э.Панкевіч, Л.М.Канцавой.

Настаўнікі замежнай мовы з задавальненнем дзеляцца сваім вопытам з калегамі Рэчыцкага раёна. Штогод на базе раённага інфармацыйнага рэсурснага цэнтра гімназіі праводзяцца семінары і практыкумы як для маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у педагагічнай дзейнасці, так і для настаўнікаў замежнай мовы, якія ўжо адбыліся і хочуць павысіць узровень сваёй прафесійнай кампетэнтнасці.

Ларыса КАНЦАВАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэчыцкай раённай гімназіі Гомельскай вобласці.