ІКТ на ўроках хіміі, ці Шлях да ўзаемаразумення паміж вучнямі і настаўнікам

Вольга Лаўрэнцьеўна Амельяновіч выкладае хімію ў навагрудскай гімназіі № 1 Гродзенскай вобласці. На сваіх уроках яна актыўна і паспяхова выкарыстоўвае інтэрактыўныя камунікацыйныя тэхналогіі. А заўсёды быць на сувязі з вучнямі ёй дапамагае ўласны блог. Як паказаў час, складаныя тэмы і сам прадмет становяцца больш блізкімі і зразумелымі, калі размаўляць з дзецьмі новага пакалення на адной мове і будаваць адукацыйны працэс так, як ім цікава.

Бачыць і выкарыстоўваць новыя магчымасці

Калі я папрасіла Вольгу Лаўрэнцьеўну расказаць чытачам газеты пра свой педагагічны вопыт, пачула адказ: “Гэта для мяне нешта новае, а значыць, цікавае”. Калегі з самага пачатку заўважылі гэтую асаблівасц­ь яе характару: педагог імкнецца пастаянна развівацца, пазнаваць і смела спрабаваць нешта новае, натхняючы на гэта іншых. 

Гімназія стала тым месцам, дзе настаўніца рада дзяліцца сваімі ведамі, дапамагаць вучням і накіроўваць іх, дзе адчувае сябе па-сапраўднаму запатрабаванай. Пра свой прадмет Вольга Лаўрэнцьеўна гаворыць з захапленнем. У свой час яна нечакана, ажно ў выпускным класе, па-новаму адкрыла для сябе хімію. Аднойчы проста за кампанію з сяброўкай пайшла на заняткі ў гурток “Равеснік”. Тут яна ўбачыла новую, поўную таямніц і адкрыццяў хімію, якой яе да гэтага не ведала. “Закахалася” з першага позірку, усур’ёз і надоўга, і амаль адразу прыняла рашэнне звязаць з гэтым прадметам свой лёс. Зрабіць гэта аказалася няпроста, бо ўзмоцнена займацца пачала толькі ў 11 класе і, як аказалася, для паступлення па хіміі ведала мала, хоць і была выдатніцай. І ўсё ж гэта не напалохала і не прымусіла змяніць выбраны маршрут. Старанна вучылася, усё больш акунаючыся ў свет хіміі, і такі падыход прынёс вынік. В.Л.Амельяновіч, як і хацела, стала студэнткай хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымала адразу дзве спецыяльнасці — “Хімік” і “Выкладчык хіміі”, што давала магчымасц­ь працаваць як у сферы адукацыі, так і на вытворчасці.

— Вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, хоць першапачаткова пры паступленні і не думала пра гэта, — расказвае пра свой жыццёвы шлях В.Л. Амельяновіч. — Спачатку мяне зацікавіў выключна сам прадмет, але потым важна было знайсці яшчэ і сваё прызванне, сваё месца ў жыцці. З часам усё склалася само сабой. Я стала настаўнікам, і мне гэта спадабалася. Ужо не ўяўляю сябе ў нейкай іншай сферы, без урокаў, вучняў і насычанага падзеямі гімназічнага жыцця.

Сучасным дзецям — сучасныя тэхналогіі

З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Вольга Лаўрэнцьеўна задавалася пытаннямі: “Як зацікавіць вучняў сваім прадметам?”, “Як зрабіць так, каб дзецям самім хацелася вывучаць хімію, каб яны былі актыўнымі на ўроках?”. Год за годам шляхам спроб  і памылак, іх аналізу яна шукала аптымальныя варыянты для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках хіміі.

Да маладой настаўніцы хутка прый­шло разуменне: неабходна рабіць стаўку менавіта на развіццё пазнавальнай актыўнасці дзяцей. Па-першае, у такім выпадку на ўроках будзе цікава і ёй самой, і яе вучням. Па-другое, у сучасным свеце запатрабаваны і маюць больш шансаў стац­ь паспяховымі людзі, якія могуць добра арыентавацца ў вялікім аб’ёме інфармацыі і хутка выбіраць з яе патрэбнае, самастойна мысліць, самаразвівацца, а значыць, менавіта тыя, у каго высока развіта пазнавальная актыўнасць.

Існуе нямала шляхоў развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў. Адным з галоўных В.Л.Амельяновіч выбрала для
сябе выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ).

— Чаму я выбрала менавіта ІКТ? Рэаліі нашага часу такія, што сённяшнія дзеці і падлеткі без перабольшання не ўяўляюць свайго жыцця без гаджэтаў, — разважае В.Л.Амельяновіч. — Ім складана нават на гадзіну-другую адарвацца ад сваіх тэлефонаў, планшэтаў і ноўтбукаў. Я вырашыла не старацца змяніць сітуацыю, а наадварот, выкарыстаць яе на карысць вучобе. Прымяненне ІКТ і інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў дазваляе дзецям вучыцца пры дапамозе тэхнічных сродкаў, да якіх яны так прывыклі.

Вольга Лаўрэнцьеўна адзначае, што педагогам, у тым ліку яе непасрэдным калегам-хімікам, ІКТ даюць шмат магчымасцей і ў выніку дапамагаюць узняцца на новы ўзровень якасці выкладання. Яна хутка ўбачыла: калі актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, дзеці лепш канцэнтруюцца, ім лягчэй вучыцца. Справа ў тым, што адукацыйны працэс становіцца больш яркім і разнастайным. А вучні якраз і праяўляюць цікавасць не столькі да зместу вучэбнага матэрыялу, колькі да арганізацыі вучэбнага працэсу. Да таго ж, ІКТ яшчэ і даюць больш магчымасцей для індывідуальнага падыходу.

Пабудаваць урок эфектыўна

Прымяненне ІКТ у выкладанні хіміі для Вольгі Лаўрэнцьеўны было паступовым. Рухалася ад простага і з часам усё больш паглыблялася і захаплялася працэсам. Спачатку пачала выкарыстоўваць прэзентацыі Power Point. Першыя рабіла выключна сама, размяшчаючы на слайдах неабходныя формулы і схемы хімічных доследаў, а часам і кантрольныя заданні. Вучні добра ўспрымалі такую падачу матэрыялу. Ім падабалася, напрыклад, тое, што калі не атрымліваецца правільна адказаць на нейкае пытанне, можна вярнуць слайд, на якім размешчаны звесткі для правільнага адказу, і яшчэ раз асэнсаваць інфармацыю. Такім чынам хутка і эфектыўна ажыццяўляўся разбор матэрыялу, які выклікаў цяжкасці.

Паступова вучні самі ўключыліся ў працэс і пачалі рабіць прэзентацыі па розных тэмах вучэбнай праграмы. Як аказалася, ім цікава такім чынам асвойваць новае і абагульняць матэрыял. Так у скарбонцы з’явіліся прэзентацыі аб шляхах прымянення многіх хімічных рэчываў у розных галінах прамысловасці і жыцця чалавека, аб гісторыі адкрыцця элементаў, шляхах атрымання рэчываў і інш.

Вольга Лаўрэнцьеўна пачала актыўна прымяняць на ўроках розныя формы інфармацыйнага суправаджэння. Адным з самых простых і пры гэтым эфектыўным варыянтаў з’яўляецца выкарыстанне гатовых праграмных прадуктаў. Акрамя прывычных практычных і лабараторных заняткаў, дзе вучні могуць самастойна праводзіць дос-леды і назіраць за рознымі хімічнымі працэсамі, настаўніца выкарыстоўвае яшчэ і відэадоследы, віртуальныя лабараторныя доследы. Безумоўна, яны ні ў якім разе не павінны замяняць рэальныя эксперыменты. Аднак іх прымяненне вельмі дарэчы, калі працэсы ідуць доўгі час ці, наадварот, працякаюць імгненна. Да таго ж, камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць дэманстраваць рэакцыі з атрутнымі ці выбуховымі, рэдкімі ці вельмі дарагімі рэактывамі.

На ўроках хіміі пры тлумачэнні тэорыі даволі часта неабходна расказваць вучням пра працэсы, арганізаваць назіранне за якімі немагчыма. Такая сітуацыя ўзнікае, напрыклад, калі разглядаецца працэс электралітычнай дысацыяцыі, вывучаюцца рэакцыі іоннага абмену, утварэнне цыклічных форм вугляводаў з лінейных, будова атамаў, канструяванне розных мадэляў арганічных ці неарганічных рэчываў і інш. Не кожны валодае здольнасцямі да абстракцыі. А разуменне “хімізму” працэсаў вельмі важнае, асабліва пры паглыбленым вывучэнні прадмета. І тут выдатна дапамагаюць розныя інтэр­актыўныя модулі, на якіх працэсы прадстаўлены наглядна, у руху. У сваёй практыцы В.Л.Амельяновіч выкарыстоўвае для гэтага электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце Федэральнага цэнтра электронных адукацыйных рэсурсаў.

Інфармацыйныя тэхналогіі дапа­ма­гаюц­ь хутка і эфектыўна праверыць веды вучняў. У большай частцы электронных падручнікаў ёсць практыкаванні: трэнажоры, задачы з рашэннямі, тэставыя заданні. Некаторыя праграмныя прадукты маюць магчымасць ацаніць выкананыя заданні і да таго ж дазваляюць фіксаваць узровень ведаў вучняў па кожнай тэме курса (улічваецца не толькі адзнака і колькасць спроб рашэння, але і час, затрачаны на выкананне заданняў). Сістэма ацэнкі вынікаў дае магчымасць вызначыць рэйтынг вучня па кожнай тэме, адсачыць дынаміку паспяховасці і ў адпаведнасці з вынікамі скарэкціраваць вучэбны працэс. Важна і тое, што выкарыстанне такіх кантралюючых праграм спрыяе фарміраванню адэкватнай самаацэнкі ў вучняў.

Вольга Лаўрэнцьеўна выкарыстоўвае гатовыя кантралюючыя праграмы. Напрыклад, для франтальнага кантролю ведаў пасля вывучэння якога-небудзь раздзела ці для індывідуальнага кантролю, падрыхтоўкі да ЦТ на дапамогу прыходзяць дыск “Хімія. Падрыхтоўка да ЦТ”, электронныя падручнікі, у якіх ёсць тэставы матэрыял пасля завяршэння тэмы, а таксама электронныя адукацыйныя рэсурсы на платформе Moodle, размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. В.Л.Амельяновіч і сама складае тэсты ў праграмах My Test, iSpring QuizMaker, Learning Apps і інш. Калі неабходна хутка правесці апытанне ці праверыць дамашняе заданне, карыстаецца тэстамі, якія складае з дапамогай Google Формы. Там можна сачыць за адказамі ў рэжыме рэальнага часу і аналізаваць даныя ў Google Табліцах ці іншых дадатках.

Быць стваральнікам цікава

Важкім крокам у выкарыстанні ІКТ для Вольгі Лаўрэнцьеўны стала стварэнне свайго персанальнага блога настаўніка хіміі “ХІМІЯіЯ”. Яна вядзе яго з 2016 года, перыядычна ўдасканальваючы, і раіць калегам зрабіць нешта падобнае для сябе.

— У пэўны момант я адчула: мне неабходна прастора, дзе можна было б аб’яднасць усе мае напрацоўкі і адначасова наладзіць зваротную сувязь з вучнямі, — расказвае В.Л.Амельяновіч. — Я знайшла яе і выйшла на новы ўзровень сістэматызацыі, дзякуючы свайму блогу — веб-сайту. Для мяне ён ужо даўно стаў незаменным, адным з лепшых спосабаў размяшчэння і пошуку інфармацыі, аператыўнага абмену ёй. Хутка ацаніла, наколькі гэта зручна, таму рэгулярна дабаўляю сюды запісы, фотаздымкі, мультымедыя. Тут я расказваю вучням пра ўсё, што ў нас плануецца і адбываецца, пра нашы дасягненні. Гэта аб’ядноўнае нас яшчэ больш, дапамагае заўсёды быць на сувязі.

Блог Вольгі Лаўрэнцьеўны складаецца з некалькіх старонак. На галоўнай яна публікуе навіны, важную інфармацыю, таксама тут ёсць віртуальная экскурсія па кабінеце хіміі. На ўкладцы “За старонкамі падручніка хіміі” размяшчаюцца цікавыя факты аб прадмеце  і даюцца спасылкі на розныя карысныя адукацыйныя сайты, якія настаўніца можа параіць сваім гасцям. На старонцы “На вяршынях Алімпа” сабраны заданні розных этапаў алімпіяд па хіміі. А на старонцы “На ўроках хіміі” багата прэзентацый, заданняў, памятак, праектаў, якія настаўніца выкарыстоўвала на сваіх уроках. Таксама ёсць укладкі “Рыхтуемся да ЦТ” (тут захоўваюцца заданні ЦТ і РТ розных гадоў і іх рашэнні), “Я — даследчык” (прадстаўлены праекты вучняў з конкурсаў даследчых работ), “Электронныя падручнікі” (маюцца спасылкі на электронныя падручнікі па розных раздзелах хіміі), “Для калег-настаўнікаў” (сабраны ўсе неабходныя нарматыўныя дакументы па прадмеце). Для падрыхтоўкі публікацый у блогу Вольга Лаўрэнцьеўна выкарыстоўвае сэрвісы Calameo, Animoto, Learning Apps, інстру­менты Google (дакументы, прэзентацыі, формы) і інш.

Яшчэ адным цікавым пачынаннем для Вольгі Лаўрэнцьеўны стала стварэнне свайго электроннага адукацыйнага рэсурсу. Ідэя зрабіць яго ўзнікла ў 2017 годзе ў сувязі са змяненнямі вучэбнай праграмы па хіміі ў 7 класе. Такі электронны сродак навучання зараз актыўна выкарыстоўваецца на ўроках. Ён змяшчае неабходныя рэсурсы для вывучэння тэарэтычнага матэрыялу, адпрацоўкі ведаў з дапамогай рашэння разліковых задач і тэсціравання. Таксама тут ёсць магчымасць выкарыстання слоўніка тэрмінаў для паўтарэння асноўных азначэнняў па ўсім курсе хіміі 7 класа па абноўленай вучэбнай праграме. Усяго электронны адукацыйны рэсурс уключае ў сябе 20 тэарэтычных тэм, 15 тэставых заданняў (14 тэстаў для кант­ролю ведаў па тэмах і 1 абагульняючы па курсе); зборнік “Задачы і практыкаванні з прыкладамі рашэнняў”, у якім прадстаўлены асноўныя тыпы разліковых задач з прыкладамі рашэнняў, алгарытмы складання формул рэчываў, напісання ўраўненняў хімічных рэакцый; слоўнік асноўных тэрмінаў.

Вольга Лаўрэнцьеўна год за годам адзначае нямала станоўчых змен у школьнай  адукацыі, і яна ўпэўнена, што немалую ролю ў гэтых зрухах адыгрываюць менавіта ІКТ. Яе вучні 10—11 класаў апошнім часам становяцца пераможцамі раённага конкурсу даследчых работ “Юнацтва. Навука. Культура”. Палепшыліся і выніковасц­ь у­дзелу ў алімпіядным руху, і сярэдні бал здачы ЦТ па хіміі (з 54 у 2016 годзе да 74,4 у 2018-м і 77 у 2019-м). Вольга Лаўрэнцьеўна спадзяецца, што яе вучні, кім бы ні сталі ў будучыні, будуць з цікавасцю і жаданнем цягнуцца да новых ведаў і адкрыццяў, крэатыўна і творча падыходзіць да ўсяго, самастойна мысліць і назаўсёды запомняць, што хімія — навука вельмі прыгожая, захапляючая і шматгранная.

Таццяна ШЫМКО.