Вельмі глыбокі і змястоўны, прадукцыйны, які пакідае след у памяці і душы… Менавіта такім атрымаўся ўрок беларускай літаратуры настаўніцы гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці Наталлі Фёдараўны Ступчык, на якім пабываў наш карэспандэнт. Наталля Фёдараўна — чалавек творчы, апантаны сваёй справай, фіналістка конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2017”, настаўнік-метадыст — з радасцю дзеліцца з калегамі сваім вопытам.
У педагагічнай прафесіі Наталля Фёдараўна Ступчык больш за 20 гадоў. Член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў, абласнога і рэспубліканскага клубаў настаўнікаў-метадыстаў. Рэгулярна праводзіць заняткі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі і ў Рэспубліканскай школе маладога педагога. Выкладае на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Дае аўтарскія майстар-класы па тэхніках візуалізацыі інфармацыі: скрайбінгу, сторытэлінгу і эмодзі. У мінулым годзе прымала ўдзел у распрацоўцы цыкла ўрокаў у 5 класе па раздзеле “Лексіка. Фразеалогія” для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу.
Урок беларускай літаратуры праходзіў у 9 “Б” класе. Тэма адразу настройвае на сур’ёзны лад: “Апавяданне Я.Брыля “Memento morі”. Навошта памятаць пра смерць?”.
Настаўніцай былі пастаўлены мэты: узнавіць цікавыя факты з жыцця Янкі Брыля; спрыяць засваенню зместу апавядання шляхам аналітычнага ўспрымання; акцэнтаваць увагу на маральным подзвігу печніка, яго высакароднасці; дапамагчы спасцігнуць глыбокі філасофскі змест твора, вызначыць яго ідэйную накіраванасць; стварыць умовы для развіцця ўменняў аргументаваць, матываваць, даказваць уласную думку, абапіраючыся на тэкст; удасканальваць навыкі аналізу мастацкага вобраза, праблематыкі, выяўлення аўтарскай пазіцыі; садзейнічаць выхаванню павагі да маральнага подзвігу чалавека. Яшчэ да пачатку ўрока відавочна грунтоўная падрыхтоўка педагога: арганізавана выстава літаратуры пра Вялікую Айчыную вайну; на дошцы замацаваны ілюстрацыі да апавядання, выкананыя вучаніцай класа Палінай Нужковай, і скрайб-набор па жыццёвым шляху Янкі Брыля. На адной з першых свабодных парт размешчаны шэраг прадметаў-знакаў (запалкі, пальчатка, цацачны пісталет, ланцуг, слоўнік, кафля). На партах вучняў — малюнкі гваздзікоў для рэфлексіі. А на экран выведзены слайды мультымедыйнай прэзентацыі.
Гучыць званок. Наталля Фёдараўна прыветліва вітае дзяцей, з першых мінут адчуваецца, што ў класе пануе добразычлівая атмасфера.
— У 2020 годзе мы адзначылі 75-годзе перамогі над фашызмам — знакавае свята для нашай краіны, — гаворыць Наталля Фёдараўна. — Сёлета Беларусь зноў узгадвае трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння мы з вамі перагарнём адну з такіх старонак, памяць пра якую захаваў для нас Янка Брыль у апавяданні “Memento mori”.
Дома дзеці вывучалі жыццёвы і творчы шлях Я.Брыля. Праверка дамашняга задання арганізавана пры дапамозе вобразаў-знакаў, звязаных з асобай пісьменніка. Вучні па чарзе выходзяць да дошкі, перагортваюць вобразы-знакі і даюць тлумачэнні. Астатнія пры неабходнасці дапаўняюць адказ. У руках першага вучня аказаўся партрэт Льва Талстога. Вучань упэўнена тлумачыць: Янка Брыль быў прыхільнікам гэтага рускага пісьменніка, яго творчасці. Другі хлопчык, Мікіта, паказвае класу вобраз-знак, які яму выпаў. Гэта лічба 10.
— Янка Брыль быў дзясятым дзіцём у сям’і, — расказвае юнак.
— Так, дзясятым і апошнім, — дадае настаўніца.
Наступнаму вучню малюнак чыгункі дае кірунак для правільнага адказу: Янка Брыль нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка.
— Што такое чыгунка і хто такі чыгуначнік? — педагог удакладняе, ці ўсе разумеюць гэтыя словы.
Такім чынам праверка дамашняга задання праходзіць нязмушана і без хваляванняў дзякуючы вобразам-знакам (а гэта лічбы 66, 89 і 1917, 2006, адрас — праспект Машэрава, 78, малюнкі вожыка, Мірскага замка, чыгункі, афіцэра, кнігі, растамера). Напрыканцы, калі ўсе знакі перагорнуты, Наталля Фёдараўна падводзіць вынік: у Янкі Брыля было разнапланавае цікавае жыццё. Ён плённа пражыў амаль 89 гадоў. Адметна, што на аснове гэтых вобразаў-знакаў вучнямі класа была створана анлайн-кніга (https://www.storyjumper.com/book/read/106002096/608981e1a47b9).
Затым адбываецца лагічны пераход да эпіграфа ўрока. Вучань чытае напісанае на слайдзе выказванне Я.Брыля: “Вышэй за ўсё і перш за ўсё чалавечнасць”. Настаўніца пытаецца, што абазначаюць гэтыя словы. Гучаць адказы:
— Заставацца чалавекам.
— Праяўляць усе свае добрыя чалавечыя рысы…
Наталля Фёдараўна матывуе вучняў расставіць кропкі над “і” і разабрацца ў такім сур’ёзным пытанні. Вучні зацікаўлены і ўжо ўцягнуты ў актыўную, глыбокую размову.
Пачынаецца этап вывучэння апавядання. Настаўніца першым чынам звяртае ўвагу дзевяцікласнікаў на тое, што ў беларускай літаратуры многа твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Аб гэтым сведчыць выстава.
Далей педагог прапануе падабраць словы-асацыяцыі да назоўніка “вайна”. Вучні называюць свае варыянты (смерць, безвыходнасць, бессэнсоўныя страты, пакуты, невыноснасць, жах, боязь, боль, бесчалавечнасць, жорсткасць, голад, Ленінград…), якія запісваюцца на дошцы.
— Зараз паспрабуем паглыбіцца ў апавяданне Янкі Брыля і разгледзець у ім прыклад своеасаблівай мужнасці і высакароднасці, — акцэнтуе ўвагу Наталля Фёдараўна.
Настаўніца звяртае ўвагу, што гісторыя, расказаная пісьменнікам, мае рэальныя аснову і прататыпаў. Слова перадаецца падрыхтаванай вучаніцы Валерыі, якая расказвае пра гісторыю стварэння апавядання. Падчас яе выступлення на экране дэманструюцца здымкі. Вучняў асабліва ўражвае той факт, што ў аснову сюжэта пакладзены сапраўдныя падзеі, якія адбыліся менавіта на Скідзельшчыне, у іх роднай Гродзенскай вобласці.
Каб разабрацца ў матывах учынкаў герояў, разам з настаўніцай дзевяцікласнікі адпраўляюцца ў падарожжа па апавяданні. У гэтым ім дапамагаюць ілюстрацыі, падрыхтаваныя аднакласніцай Палінай і аформленыя ў так званую хуткую кніжку (https://www.storyjumper.com/book/read/106658276/6091909b6561e). Абапіраючыся на іх, вучні пераказваюць прачытаную гісторыю. Настаўніца пытаннямі па-майстэрску кіруе размовай, нацэльваючы на глыбокі аналіз апісаных падзей.
Першая ілюстрацыя “Узарваны нямецкі вайсковы эшалон”. Чаму ўзарваны эшалон — знакавая падзея ў апавяданні? (Вучні тлумачаць: фашысты вырашылі спаліць найбліжэйшую вёску, помсцячы за страту эшалона.)
Другая ілюстрацыя “Жандары і мясцовыя здраднікі “накрылі” найбліжэйшую вёску”. Хто дапамагае фашыстам у іх чорных справах? (Дзевяцікласнікі расказваюць: паліцаі-здраднікі, якія пайшлі супраць сваіх.)
Трэцяя ілюстрацыя “Пячнік”. Чаму зондэрфюрар, які кіруе расправай, заўважыў печніка?
— Трэба звярнуць увагу на пару года. Дзень быў даволі халодны. Зондэрфюрар хацеў хутчэй паехаць дадому, у цяпло, таму, відаць, і заўважыў печніка, які яму клаў печы, — дае падрабязны адказ Давід.
Вучні апісваюць зондэрфюрара.
Чацвёртая ілюстрацыя “Размова печніка з зондэрфюрарам”.
Падрабязны аналіз падзей працягваецца: хто становіцца пасрэднікам у размове гэтых дваіх? (Перакладчыца.) Якой паказана гэтая асоба ў апавяданні?
Настаўніца звяртае ўвагу на цікавы факт: “Чаму пісьменнік не даў імёнаў зондэрфюрару і печніку?” Вучні не губляюцца:
— Гэтыя вобразы — збіральныя. Першы ўвасабляе найгоршыя якасці карнікаў, якія прыйшлі захапіць, знішчыць…
— Пячнік — збіральны вобраз беларусаў, якія пакутавалі ў тыя часы…
Дзевяцікласнікі разважаюць на ўсё больш сур’ёзныя тэмы: “Ці можа абудзіцца што-небудзь чалавечае ў сэрцы зондэрфюрара?”; “Чаму перакладчыцу называюць па імені? Які сэнс мае яе імя?”; “Як пісьменнік перадае душэўны боль печніка?”; “Ці спадзяецца пячнік на выратаванне людзей?”.
Пятая ілюстрацыя “Выбар зроблены”.
Падарожжа па творы і адначасова яго глыбокі аналіз працягваюцца:
— Чаму зондэрфюрар пачаў злавацца?
— Як мяняецца пячнік на працягу размовы?
— Якімі паўстаюць пячнік і зондэрфюрар у канцы апавядання?
Шостая ілюстрацыя “І ён згарэў”.
— Чаму чалавек, маючы магчымасць жыць, палічыў за лепшае памерці?
Сёмая ілюстрацыя “І ён жыве”.
Дзевяцікласнікі разважаюць, чаму ж твор заканчваецца словамі “І ён жыве”? Далей від дзейнасці мяняецца. Вучням прапанавана некалькі прадметаў-знакаў (пісталет, ланцуг, запалкі, слоўнік, пальчатка, кафля), якія неабходна суаднесці з героямі апавядання і такім чынам даць ім ёмкую характарыстыку. Настаўніца акцэнтуе ўвагу: усе гэтыя знакі так ці інакш звязаны з апавяданнем. Клас дзеліцца на тры групы (першая дае характарыстыку печніку, другая — зондэрфюрару, трэцяя — перакладчыцы). Кожная група выбірае тры прадметы.
На падрыхтоўку ідзе ўсяго некалькі мінут, і вучні самі выказваюць жаданне даць адказы. Ад кожнай групы выходзяць два прадстаўнікі.
— У нас гераіня — перакладчыца, — першым расказвае Мікіта. — Мы выбралі ланцуг, бо яна была быццам на ланцугу ў зондэрфюрара. Таксама ўзялі слоўнік, бо Вера — перакладчыца з нямецкай мовы. А трэцяя выбраная намі рэч — запалкі, паколькі гераіня мела дачыненне да трагедыі.
Прадстаўнікі другой групы таксама добра абгрунтоўваюць свае адказы. З прапанаваных рэчаў яны выбіраюць пісталет (зондэрфюрар застрэліў печніка), пальчатку (зняў пальчатку з правай рукі і пасля выстраліў) і запалкі (спаліў вёску).
Трэцяя група, каб даць характарыстыку печніку, выбрала запалкі і кафлю, бо яны звязаны са штодзённай працай героя. Трэцяя рэч аказалася нечаканай. Вучні ўзялі ланцуг і растлумачылі: пячнік звязаны са сваімі сваякамі, з усёй вёскай і беларускім народам сімвалічным ланцугом, бо з’яўляецца іх часткай. Аказваецца, адзін і той жа прадмет можа стаць сімвалам і дабра, і зла.
Наталля Фёдараўна пасля кожнага выступлення ўдакладняе, ці ўсе згодны з аргументамі. А пасля накіроўвае вучняў да аналізу назвы твора.
— Многія даследчыкі творчасці Янкі Брыля рабілі спробы разгадаць сутнасць назвы апавядання. Прачытайце прапанаваныя тлумачэнні і выберыце тое, якое, на вашу думку, найбольш адлюстроўвае змест апавядання, — працягвае Н.Ф.Ступчык.
На экране вучні бачаць тры выказванні:
● Памяць пра смерць можа адводзіць ад спакусы рабіць памылкі, перасцерагаючы, што не хопіць часу на адкупленне віны — жыццё кароткае… (Уладзімір Калеснік).
● Чалавек не бессмяротны, і трэба пакінуць па сабе добры след на зямлі, каб яго ўспаміналі ўдзячным словам (Рыгор Шкраба).
● Нягодная смерць можа перакрэсліць годнае жыццё (Віктар Каваленка).
Гэтым разам вучні працуюць у парах, а пасля выказваюць свае меркаванні.
Першае выказванне не выбраў ніхто. Другое — частка вучняў. Па-тлумачыць, чаму яно найбольш падыходзіць да апавядання, узяўся Рома.
— Кожны чалавек павінен ведаць, што прыйдзе час смерці. І трэба пакінуць след, каб яго ўспаміналі добрым словам, так, як Янку Брыля і яго героя.
Затым прагучала тлумачэнне трэцяга выказвання:
— Усё добрае, што зроблена за жыццё, можна перакрэсліць адным учынкам. Так паводзіць сябе і перакладчыца Вера…
Настаўніца прапануе вярнуцца да першага выказвання. Арсеній чытае яго і затым па-даросламу разважае:
— Чалавек не зможа зрабіць дрэннае, калі будзе памятаць, што не ўсё можна выправіць ці на гэта можа не быць часу…
Настаўніца звяртае ўвагу на тое, што ўсе гэтыя выказванні ўзаемазвязаны паміж сабой і з апавяданнем. Затым задае чарговае пытанне і тым самым падводзіць вучняў да наступнага этапу ўрока — гістарычнай даведкі пра спаленыя вёскі:
— Чаму ў апавяданні няма назвы вёскі? (Такіх вёсак на Беларусі было шмат.)
Падрабязней пра гэта расказвае падрыхтаваная вучаніца Ксенія. Яе выступленне суправаджаецца прэзентацыяй. Вучні слухаюць уважліва. Лічбы ўражваюць і нікога не пакідаюць абыякавымі: з 9200 спаленых і знішчаных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускіх вёсак 627 былі спалены разам з жыхарамі. А з 1941 па 1944 год на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці было спалена больш за 310 вёсак. Самая буйная вёска Гродзенскай вобласці, якая згарэла разам з жыхарамі, — Княжаводцы Мастоўскага раёна: падчас карнай аперацыі ў вогненным пекле загінула каля 900 чалавек. На тэрыторыі роднага Зэльвенскага раёна ў снежні 1942 года спалена вёска Старая Галынка і яе 386 жыхароў. Раніцай 7 ліпеня 1943 года спыніўся час для вёскі Шавулічы: за дапамогу партызанам фашысты ў тры кальцы акружылі вёску, мужчын заставілі капаць сабе магілы, а потым расстралялі 366 жыхароў…
На вясенніх канікулах дзевяцікласнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Шавулічы”, які з’явіўся на месцы спаленай аднайменнай вёскі. Яны ўспамінаюць гэтае месца па фотаздымках прэзентацыі.
На момант у класе наступіла цішыня. Але прыйшоў час падвесці вынікі ўрока. Наталля Фёдараўна задае вучням абагульняючыя пытанні:
— Як вы думаеце, ці можна выказванне, заключанае ў назве, аднесці да кожнага з нас? Чаму? Які след пакінуў для нашчадкаў пячнік? Якую думку сцвярджае пісьменнік у сваім апавяданні?
Жаданне дзевяцікласнікаў выказацца, глыбокія адказы сведчаць аб добрым разуменні твора.
— Разгледзьце яшчэ раз фотаздымкі, зробленыя падчас экскурсіі ў комплекс “Шавулічы”. Выберыце той, які, на вашу думку, найбольш сугучны з апавяданнем Янкі Брыля. Адказ абгрунтуйце, — дае заданне настаўніца.
Кожны здымак падрабязна абмяркоўваецца. Вучні прыходзяць да высновы: усе яны да месца. Таму ў кожным падобным мемарыяльным комплексе неабходна ўспамінаць не толькі тых, хто тут загінуў, але ўсіх ах вяр Вялікай Айчыннай вайны.
Настаўніца задае дамашняе заданне: напісаць водгук на “Memento mori”. Адзнакі за ўрок будуць выстаўлены з улікам дамашняга задання.
Апошнім этапам урока становіцца рэфлексія. Вучням прапануецца дарослае пытанне:
— Чаму творы пра вайну абавязкова трэба вывучаць у школе? (Кажуць, што новая вайна пачынаецца тады, калі людзі забываюць пра папярэднюю. Таксама гучыць думка, што мы павінны захаваць памяць пра мужнасць нашага народа і прыкласці ўсе намаганні для таго, каб больш нікому не прыйшлося зведаць жахі вайны.)
— З чым асацыіруецца ў вас слова “мір”? Запішыце сваю асацыяцыю на імправізаваных гваздзіках, што ляжаць у вас на партах, і прымацуйце іх да дошкі, — просіць Наталля Фёдараўна.
Праз пару мінут дошку ўпрыгожваюць гваздзікі. На іх запісаны мірныя словы і спадзяванні сённяшніх дзевяцікласнікаў: “бяспека”, “шчасце”, “дабрыня”, “спакой”, “радасць”, “любоў”, “сяброўства”, “жыццё”, “сям’я”, “чалавечнасць”, “народ”, “цяпло”, “святло”, “сонца”…
Настаўніца запрашае ўсіх устаць і ўшанаваць памяць тых, хто загінуў, мінутай маўчання. Затым зачытвае словы-асацыяцыі вучняў. А напрыканцы ўрока гучаць радкі Надзеі Парчук:
Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце,
Шануйце тых, хто нам яго здабыў,
Чые імёны свецяцца ў граніце,
Хто больш жыцця радзімы край любіў.
— На маю думку, усё ўдалося паспець, пастаўленых мэт мы дасягнулі, — пасля ўрока падзялілася ўражаннямі Наталля Фёдараўна. — Гэтая тэма, безумоўна, складаная для разумення дзевяцікласнікаў. Яны, як правіла, успрымаюць падобныя падзеі як нешта далёкае, нерэальнае. Хацелася, каб вучні адчулі, што размова ідзе пра тое, што адбывалася на самай справе, каб праніклі ў сутнасць апавядання. Я вырашыла зрабіць стаўку на тое, што адбывалася недалёка ад нас. Таму і ўзгадала вёску Шавулічы.
Планую ўрокі так, каб усе этапы былі ўзаемазвязаны. Я — прыхільнік візуалізацыі, бо яна дапамагае лепш успрымаць і запамінаць інфармацыю. Так, на ўроках вучні часта даюць характарыстыкі пры дапамозе вобразаў-знакаў са скрайб-набораў. (Гэта элемент скрайбінгу — тэхнікі візуалізацыі інфармацыі, якую я актыўна прымяняю.) Галоўнае, каб яны маглі абгрунтаваць свой выбар. Часам гучаць нечаканыя адказы. Так, я меркавала, што ланцуг падыходзіць для характарыстык Веры і зондэрфюрара, а вучні звязалі яго яшчэ і з печніком. Тое, што ланцуг можа быць сімвалам не толькі зла, але і садружнасці, для мяне стала маленькім адкрыццём.
Магчымасць складаць так званыя хуткія гісторыі ў праграме Story Jumper можна прымяняць па-рознаму. На прапанаваным уроку былі выкарыстаны дзве кнігі. Над першай працавалі калектыўна ўсе вучні класа, адбіраючы гатовыя малюнкі і фота. Другая ж уключае ў сябе адсканіраваныя ілюстрацыі, зробленыя адной дзяўчынкай. З наступнага навучальнага года планую заняцца гэтым больш сур’ёзна і рыхтаваць з навучэнцамі такія кнігі па ўсіх творах, якія будзем праходзіць. Сёлета ж спрабавалі ўжо рабіць іх да твораў У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і І.Шамякіна “Сэрца на далоні”. Дзецям прыйшлася даспадобы работа з вышэйназванай праграмай, і плён такая праца прыносіць.
Задаволена тым, як дзевяцікласнікі працавалі ў групах і парах. Я даю дзецям магчымасць выказацца, але накіроўваю: трэба вучыцца аргументаваць сваю думку і абавязкова выслухваць меркаванні іншых, нават калі яны супрацьлеглыя. Радуе, што вучні не баяцца выказвацца, нават калі яны пераблытаюць нейкае слова ці бязладна пабудуюць свой адказ. Мая задача на такіх уроках — выступаць хутчэй у ролі мадэратара: рэгуляваць, карэкціраваць, прыводзіць у раўнавагу, а не навязваць гатовыя шаблоны.
Мы яшчэ вернемся да гэтага твора на класнай гадзіне і пагаворым пра тое, ці лёгка быць героем, дзе шукаць вытокі гераізму і ці можна гэтаму навучыцца. На ўроку ж, звяртаючыся да назвы, мне хацелася паразважаць пра чалавечнасць, якая павінна быць у кожнага. Самая галоўная мэта ўрока — аналізуючы ўчынкі герояў мастацкага твора, пераасэнсаваць свае паводзіны і крыху пасвятлець душой. Спадзяюся, што ў кожнага вучня засталіся след неабыякавасці і жаданне стаць хоць крыху лепшым.
Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.