Праблема фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці ў навучэнцаў — адна з вечных у методыцы выкладання рускай мовы ў школе. Цяжкасці, якія мучаць дзяцей у авалоданні правапісам, для некаторых з іх так і застаюцца непераадольнымі. Часта веданне правіл не ратуе ад памылак. Аналізуючы праверачныя работы, адзначаю, што пры знаёмстве з новай арфаграмай вучань асабліва ўважліва правярае словы на адпаведнае правіла і дапускае памылкі на раней вывучаныя арфаграмы.
Чаму нашы дзеці такія непісьменныя? Настаўнікі і метадысты ўпарта шукаюць прычыны такога становішча, каб прыняць меры па іх ліквідацыі, але поспехі ў гэтым невялікія.
У навучанні правапісу маецца шэраг адмоўных фактараў:
* паніжэнне ўзроўню чытання, асабліва самастойнага; у апошнія гады статыстыка фіксуе істотнае зніжэнне ў школьнікаў чытацкай цікавасці. Калі высокую культуру чытання лічыць фактарам правільнага пісьма, то яе зніжэнне — адна з прычын дрэннага становішча ў правапісе;
* паніжэнне ўзроўню пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў;
* сістэма правіл цяжкая, нярэдка паўстае перад навучэнцамі як набор разрозненых правіл, мала звязаных паміж сабой.
Здольнасць бачыць арфаграмы — гэта неабходная ўмова для авалодання арфаграфічнымі нормамі, для паспяховага прымянення правіл. Значыць, гэтую здольнасць у навучэнцаў трэба выхоўваць.
Галоўным сродкам выхавання арфаграфічнай пільнасці з’яўляецца правільнае і своечасовае фарміраванне паняцця пра арфаграму. Неабходна вучыць дзяцей уменню знаходзіць арфаграмы — ставіць арфаграфічныя задачы.
Навучанне арфаграфіі нельга засноўваць толькі на завучванні правіл, бо гэта прыводзіць да развіцця механічнага навыку, адарванага ад мовы. Работу па развіцці арфаграфічнай пільнасці трэба будаваць на зрокавым, слыхавым, асацыятыўным, параўнальным успрыманні навучэнцаў, абавязкова ўлічваючы іх індывідуальныя асаблівасці, а таксама на аснове сістэмы комплекснага падыходу да работы над арфаграмай з улікам фанетычных, гістарычных, дыферэнцыруючых напісанняў.
Такім чынам, перада мной стаяць наступныя задачы:
1) вучыць дзяцей слыхавой пільнасці — слыхавому ўспрыманню; вучыць зрокавай пільнасці — зрокавай увазе;
2) фарміраваць уменні навучэнцаў бачыць агульныя і прыватныя прыметы, думаць, разважаць, даказваць, правільна пісаць тэксты пад дыктоўку і свайго сачынення;
3) ствараць умовы для свядомага ўдзелу ў пазнавальнай дзейнасці, якая прыносіць радасць пераадолення, адкрыцця і дасягнення пастаўленай мэты.
Важным фактарам пры фарміраванні арфаграфічнай пільнасці з’яўляецца ўменне разумець правілы і карыстацца імі, таму пасіўная роля навучэнцаў на ўроку (настаўнік тлумачыць — навучэнцы слухаюць) не дазваляе авалодаць навыкамі правільнага пісьма. Вучні на ўроку павінны займацца актыўнай пазнавальнай дзейнасцю.
Дзецям варта дакладна ведаць, навошта трэба тое ці іншае правіла, таму пры вывучэнні новага матэрыялу неабходна эфектыўна выкарыстоўваць метады, дзе дзеці самі праяўляюць актыўнасць (пошукавы і часткова пошукавы метады, назіранне над моўным матэрыялам, лінгвістычны эксперымент і г.д.).
Вопыт, назапашаны мною за 25 гадоў работы, дазваляе сцвярджаць, што арфаграфічная пісьменнасць вучняў адчувальна ўзрастае, калі яны ўсвядомілі найважнейшыя тэарэтычныя палажэнні рускай арфаграфіі; маюць дакладнае ўяўленне аб арфаграме; засвоілі асноўныя прынцыпы правапісу, на аснове якіх шматлікія напісанні і правілы фарміруюцца ў лёгка аглядныя нямногія групы; зразумелі існуючыя суадносіны паміж вымаўленнем і напісаннем, паміж фармулёўкамі правіл і іх унутраным моўным зместам.
Работу над арфаграфічным правілам будую па наступнай схеме:
* стварэнне праблемнай сітуацыі і мэтавая ўстаноўка з матывацыяй неабходнасці ведання гэтай арфаграмы;
* выснова навучэнцаў, знаёмства з высновай падручніка;
* складанне апорнай схемы;
* перавод тэарэтычных ведаў ва ўменне карыстацца гэтымі ведамі — складанне алгарытму разважання;
* адпрацоўка ўзору разважання (алгарытму) на аснове практыкаванняў;
* бягучая дыягностыка (урок).
Як бы добра ні засвоілі дзеці арфаграмы на ўроку вывучэння новага матэрыялу, самае важнае — пастаянная трэніроўка ў пошуку арфаграм у словах. Гэтай рабоце я ўдзяляю шмат увагі на кожным уроку, паступова даводзячы ўменні да аўтаматызму.
На сваіх уроках выкарыстоўваю розныя віды практыкаванняў, якія фарміруюць правапісныя ўменні і навыкі.
1. Знаходжанне арфаграм у словах па апазнавальных прыметах:
а) “арфаграфічныя пяцімінуткі” (неабходна ў сказе або невялікім тэксце знайсці, растлумачыць і выдзеліць усе арфаграмы (што вымаўляю — што трэба напісаць);
б) знаходжанне арфаграмы ў розных марфемах;
в) выпісванне слоў з арфаграмамі ў прыстаўцы, корані, суфіксе, канчатку;
г) групаванне слоў па відах арфаграм
і іншыя.
2. Правільнае напісанне слоў з вывучанымі арфаграмамі і іх графічнае выдзяленне:
а) спісванне;
б) дыктанты (выбарачны, творчы, размеркавальны, свабодны, тлумачальны і інш.).
3. Класіфікацыйныя практыкаванні:
а) вызначыць, па якой прымеце словы дзеляцца на групы;
б) вызначыць, па якой прымеце размеркаваны словы па групах, знайсці памылкі і выправіць іх;
в) запоўніць табліцу прыкладамі;
г) згрупаваць словы па відах арфаграм.
Шматгадовая практыка работы ў школе паказвае, што, на жаль, адзін з самых распаўсюджаных відаў практыкаванняў па рускай мове — “устаўце прапушчаную літару”. Але, як і многія настаўнікі-практыкі, я лічу, што гэта малакарысная работа ў плане развіцця арфаграфічнай пільнасці і фарміравання навыку правільнага пісьма. Асноўная работа тут ужо выканана: пільнасць некім ужо праяўлена — месца, дзе можа быць дапушчана памылка, знойдзена і падказана. Пры такой рабоце авалоданне арфаграфічнай пільнасцю магчыма толькі на ўзроўні мімавольнага (а часта і спецыяльнага) запамінання слоў з арфаграмамі. А пішучаму трэба самому выяўляць месцы арфаграм. Уменне гэта рабіць і ёсць арфаграфічная пільнасць.
Лічу, што больш эфектыўнымі з’яўляюцца такія практыкаванні, як каменціраванае пісьмо, пісьмо з прагаворваннем, пісьмо з пропускам арфаграм, какаграфічныя практыкаванні.
Каб зрокавае ўспрыманне зрабіць мэтанакіраваным і больш актыўным, пры вывучэнні і запамінанні правіла можна выкарыстоўваць алгарытмы.
Алгарытм любога арфаграфічнага правіла грунтуецца на двух “кітах”: састаў слова і часціна мовы. Асаблівую ўвагу з самага пачатку звяртаю на адпрацоўку ўменняў хутка разбіраць слова па саставе і вызначаць часціну мовы, гэтая работа ідзе паралельна з работай па стварэнні схем-алгарытмаў.
Выкарыстанне алгарытмаў дазваляе сярэдне- і слабапаспяваючым вучням аднавіць ход разважання па выкарыстанні правіла, паказаць шлях яго скарачэння і спрыяе выпрацоўцы ўмення правільна вызначаць арфаграмы. Алгарытм дае магчымасць сабраць у адзінае цэлае вывучаны матэрыял, прадставіць яго ў абагульненым выглядзе і ў той жа час канкрэтызаваць кожнае арфаграфічнае правіла.
Выкарыстанне апорных схем дапамагае данесці матэрыял да вучня вобразна, маляўніча, вылучаючы галоўнае. Такой работай можна захапіць і саміх вучняў, для таго каб развіваць іх творчыя здольнасці, уменне сістэматызаваць, абагульняць, рабіць высновы.
На кожным уроку неабходна адводзіць час для паўтарэння ўжо вывучаных арфаграм, бо толькі сістэмная работа будзе мець поспех. Праводзячы арфаграфічныя хвілінкі, паўтараючы розныя арфаграмы або групы арфаграм на кожным новым уроку, я заўважыла, што не ўсе вучні могуць правільна напісаць гэтыя ж словы на слоўнікавым дыктанце. Тады я змяніла методыку работы: загадзя гавару вучням, якую ці якія арфаграмы будзем паўтараць. На першым уроку праводжу папераджальны дыктант, тлумачу, калі неабходна, правіла. На другім уроку праводжу тлумачальны дыктант, высвятляю, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, патрабую выразнага вымаўлення ўмоў правільнага напісання. На наступным уроку праводжу слоўнікавы дыктант.
Адным з найважнейшых рычагоў павышэння пісьменнасці з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў умення карыстацца арфаграфічным слоўнікам. Арфаграфічная пільнасць, назіральнасць, запамінанне формы слова, самааналіз — вось вынікі такой работы.
Сістэматычная работа, заснаваная на выкарыстанні эфектыўных прыёмаў і сродкаў фарміравання арфаграфічнай пільнасці, дае станоўчыя вынікі:
* павышаецца ацэнка ведаў навучэнцаў па прадмеце, што спрыяе іх унутранай матывацыі да вывучэння рускай мовы;
* узрастае ўзровень дысцыплінаванасці навучэнцаў, узнікае натуральная патрэба быць уважлівымі і сканцэнтраванымі на ўроку;
* навучэнцы пачынаюць асэнсоўваць свае здольнасці да рускай мовы і могуць вызначыцца з узроўнем вывучэння прадмета. У выніку ў кожным класе вылучаецца група навучэнцаў, якія жадаюць наведваць факультатыўныя заняткі па прадмеце, удзельнічаць у розных конкурсах і алімпіядах па рускай мове;
* навучэнцы пацвярджаюць свае гадавыя адзнакі на выніковай атэстацыі. Іх старанні дапамагаюць ім упэўнена адчуваць сябе на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Хуткасць і трываласць засваення арфаграфічных навыкаў знаходзіцца ў прамой і непасрэднай залежнасці ад агульнага развіцця навучэнцаў, ад развіцця іх здольнасцей: назіральнасці, увагі, памяці, волі, здольнасці аналізаваць. А поспех усёй работы залежыць ад шэрага ўмоў, галоўнымі з якіх з’яўляюцца:
* дакладнае планаванне ўсёй работы;
* трэніровачныя практыкаванні;
* сістэматычны і рознабаковы характар работы па арфаграфіі;
* пастаянны кантроль над засваеннем пройдзеных арфаграм.
Праблема фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў, з аднаго боку, складаная, а з другога — вырашальная, хоць гэта і патрабуе ад настаўніка пэўных намаганняў, самакантролю.
Валянціна ЖАЎНЕРКА,
настаўніца рускай мовыі літаратуры Любушанскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.