Хто пойдзе адказваць?

Эфектыўнасць працэсу навучання матэматыцы залежыць ад многіх фактараў. І адным з важных фактараў з’яўляецца вусная работа навучэнцаў. Праблема методыкі правядзення вуснай работы з’яўляецца вельмі актуальнай.
Вуснае апытанне — гэта дыялог настаўніка з адным навучэнцам або з усім класам (адказы з месца) праводзіцца на розных этапах навучання, калі патрабуецца сістэматызацыя і ўдакладненне ведаў навучэнцаў, праверка таго, што засвоена на гэтым этапе, што патрабуе дадатковага вучэбнага часу або іншых спосабаў вучэбнай работы.

На ўроках матэматыкі развіццё і замацаванне вылічальных навыкаў немагчыма без вуснай работы. Вусныя практыкаванні дзейнічаюць на навучэнцаў мабілізуючы, уцягваюць і моцных, і слабых навучэнцаў, ствараюць у класе атмасферу спаборніцтва.
Вусныя заданні ў пачатку ўрока дазваляюць авалодаць увагай навучэнцаў, забяспечыць працоўную атмасферу і, калі будзе створаны неабходны псіхалагічны настрой, брацца за выкананне плана ўрока.
Пры франтальнай вуснай праверцы за кароткі час правяраюцца веды навучэнцаў усяго класа па пэўным пытанні або групе пытанняў. Франтальную вусную праверку настаўнікі выкарыстоўваюць для высвятлення гатоўнасці класа да вывучэння новага матэрыялу, для праверкі дамашніх заданняў, паэтапнай або канчатковай праверкі толькі што разабранага на ўроку вучэбнага матэрыялу. Мэта, якую ставіць настаўнік пры арганізацыі франтальнай праверкі, вызначае яе месца на ўроку, а аб’ём, глыбіня і паўната матэрыялу, які правяраецца, — час, што адводзіцца на праверку.

Індывідуальная вусная праверка дазваляе выявіць правільнасць адказу па змесце, яго паслядоўнасць, паўнату і глыбіню, самастойнасць меркаванняў і высноў, ступень развіцця лагічнага мыслення, культуру маўлення навучэнцаў. Гэтая форма праверкі выкарыстоўваецца для бягучага і тэматычнага ўліку. Яе змест складае вучэбны матэрыял, які навучэнцы павінны выкласці ў выглядзе разгорнутага апавядння з прымяненнем высноў, доказаў, матэматычных выкладак, з вычэрчваннем схем і графікаў.
Шырокае выкарыстанне вуснай формы праверкі ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў абумоўлена яе непасрэдным кантактам паміж навучэнцам і настаўнікам у працэсе праверкі. Гэта дае магчымасць настаўніку сачыць за развіццём думкі таго, хто адказвае, своечасова карэкціраваць веды, устараняць усе сумненні адносна стану ведаў навучэнца, вучыць лагічна правільна будаваць выказванне, правільна выкарыстоўваць тэрміналогію і г.д. Але ў той жа час пры вуснай праверцы настаўнік адчувае цяжкасці ў ацэнцы выяўленых ведаў. Цяжкасці ў метадычным плане звязаны з:
1) адборам матэрыялу па змесце, формай пастаноўкі пытанняў, іх колькасцю;
2) залежнасцю адзнак, якія выстаўляюцца розным навучэнцам аднаго і таго ж класа і розных класаў ад іх агульнай паспяховасці;
3) стратай увагі ўсяго класа да адказу аднаго навучэнца.
Пры падрыхтоўцы да вуснай праверкі настаўнік павінен старанна адбіраць матэрыял па змесце, загадзя фармуляваць пытанні, вызначаць патрабаванні да адказаў навучэнцаў. Якасць пытанняў вызначаецца характарам разумовых дзеянняў, якія выконваюць навучэнцы пры адказе на пытанне. Таму сярод праверачных заданняў вылучаюць пытанні, якія актывізуюць памяць (на ўзнаўленне вывучанага), мысленне (на параўнанне, доказ, абагульненне), маўленне. Вялікае значэнне маюць праблемныя пытанні, якія прымушаюць прымяняць атрыманыя веды ў практычнай дзейнасці. Кожнае пытанне павінна быць мэтанакіраваным і лагічна завершаным, а таксама крайне сціснутым, лаканічным і дакладным.
Неабходна таксама вызначыць месца сродкаў нагляднасці, парадак іх дэманстрацыі, уласныя тлумачэнні пры гэтым; падабраць прыклады з практыкі, літаратуры; прадумаць метадычныя прыёмы актывацыі навучэнцаў, падтрымання іх інтарэсу; знайсці эмацыянальную афарбоўку для свайго выказвання.

Падбор вусных практыкаванняў у залежнасці ад дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу

У адносінах да курса матэматыкі навучэнцаў можна падзяліць на тры групы. Першую групу складаюць школьнікі, для якіх матэматыка з’яўляецца толькі элементам агульнага развіцця і ў далейшым для прафесійнай дзейнасці будзе выкарыстоўвацца ў нязначным аб’ёме. Для гэтай групы важна авалоданне агульнай матэматычнай культурай. У другую групу ўваходзяць навучэнцы, у якіх матэматыка будзе важным інструментам у іх прафесійнай дзейнасці. Для гэтай групы істотны не толькі веды аб матэматычных фактах, навыкі лагічнага мыслення, прасторавыя ўяўленні, але і трывалыя навыкі рашэння матэматычных задач. І ў трэцюю групу адносяць тых навучэнцаў, якія выберуць матэматыку (або блізкія да яе галіны ведаў) у якасці асновы сваёй будучай прафесіі.
Каб этап урока, на якім праводзіцца вуснае лічэнне, быў цікавым і прадукцыйным, неабходна правільна падабраць матэрыял да вусных практыкаванняў.
Мэтазгодна праводзіць тэставыя работы, дзе варыянты могуць быць падабраны менавіта ў адпаведнасці з групамі навучэнцаў у пэўным класе. Зручней за ўсё, калі тэст запісаны на картках. Улічваючы дыферэнцыяцыю навучэнцаў, настаўнік можа дзейнічаць наступным чынам: праводзіць дыктоўку з класам і ў гэты ж час некаторым навучэнцам прапанаваць карткі, на якіх могуць быць як вусныя практыкаванні, так і заданні з больш складанымі вылічэннямі. Гэта яшчэ адна з пераваг вуснай работы, бо ўсе навучэнцы на ўроку заняты. Такім чынам можна праводзіць апытанне ўсяго класа, улічваючы здольнасці ўсіх навучэнцаў. Гэты прыём дазваляе зацікавіць кожнага навучэнца, бо дае магчымасць ацэньваць работы таксама дыферэнцыравана, а гэта ў сваю чаргу дазваляе пазбегнуць нездавальняючых адзнак.

Пры пабудове вуснага апытання неабходна ўлічваць наступныя прынцыпы:

— Прынцып рэгулярнасці. Прапаноўваць навучэнцам вусныя практыкаванні ў невялікай колькасці, але рэгулярна, з урока ва ўрок.
— Прынцып паралельнасці. Варта ўвесь час трымаць у полі зроку некалькі тэм, паступова прасоўваючыся па іх наперад і ўглыб.
— Прынцып апераджальнай складанасці. Не варта загружаць навучэнцаў вялікай па аб’ёме, але нескладанай работай, але і не задаваць непасільныя для іх задачы.
— Прынцып змены прыярытэтаў:
1) Прыярытэт ідэі. У перыяд назапашвання ідэй, а таксама пры выкананні даволі складаных практыкаванняў навучэнцам даруюцца невялікія і нават сярэднія агрэхі; галоўнае — правільная ідэя рашэння.
2) Прыярытэт адказу. Пры апрацоўцы ўжо вядомых ідэй, а таксама пры выкананні стандартных практыкаванняў галоўнае — правільны адказ.
— Прынцып варыятыўнасці. Карысна на прыкладзе аднаго практыкавання разгледзець розныя прыёмы і метады рашэння, а пасля параўнаць атрыманыя рашэнні з розных пунктаў гледжання: стандартнасць і арыгінальнасць, аб’ём вылічальнай работы, эстэтычная і практычная каштоўнасць.
— Прынцып самакантролю. Большасць людзей схільна дараваць сабе невялікія (ды і буйныя) памылкі. Школьнікі не выключэнне. Рэгулярны і сістэматычны аналіз сваіх памылак і няўдач павінен быць абавязковым элементам работы.
— Прынцып хуткага паўтарэння. Па меры назапашвання колькасці выкананых практыкаванняў варта праглядаць і некаторым чынам сістэматызаваць іх па лёгкасці і складанасці засваення іх навучэнцамі.
— Прынцып мадэлявання сітуацыі. Карысна мадэляваць крытычныя сітуацыі і распрацоўваць стэрэатып паводзін у іх. Напрыклад, за кароткі прамежак часу без панікі знайсці і выправіць памылку або рашыць за час, адведзены на рашэнне адной задачы, не адну, а дзве задачы.
Вусныя практыкаванні спрыяюць засваенню, а не завучванню матэрыялу.

Вуснае апытанне пры тлумачэнні матэрыялу

Вусныя практыкаванні аказваюць істотную дапамогу ў вывучэнні новага матэрыялу. Настаўнік ў пачатку ўрока павінен настроіць кожнага навучэнца на самастойную вучэбную работу. У класе, псіхалагічна не гатовым да заняткаў па матэматыцы, рызыкоўна пачынаць урок, мяркуючы, што матэрыял сам авалодае увагай навучэнцаў. У той жа час для авалодання ўвагай навучэнцаў наўрад ці варта звяртацца да штучных прыёмаў на староннюю тэму, бо такія прыёмы адцягваюць навучэнцаў ад прадмета. Тут лепшы шлях — вусныя практыкаванні.
Праз сістэму практыкаванняў ажыццяўляецца работа, накіраваная на фарміраванне наглядных вобразаў і канкрэтных уяўленняў, на аснове якіх можа быць уведзена новае паняцце. Засваенне паняцця адбываецца не пры завучванні, а ў працэсе самастойных пошукаў яго істотных прыкмет. Пры гэтым варта даваць больш нескладаных прыкладаў, бо складаныя заданні адводзяць навучэнца ад галоўнага і патрабуюць шмат часу. Засвоіць паняцце — не толькі ведаць азначэнне і прыметы прадметаў і з’яў, якія ахопліваюцца гэтым паняццем, але і ўмець прымяняць яго на практыцы, умець аперыраваць ім. Усвядомленае, глыбокае і трывалае веданне вывучанага паняцця дазваляе ўключаць яго ў разнастайныя сувязі і лагічныя адносіны з іншымі паняццямі ў самых розных сітуацыях. Гэта ажыццяўляецца праз сістэму практыкаванняў.

Вуснае апытанне на абагульняючым уроку

Добра падабраныя сістэмы вусных практыкаванняў спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў умення абагульняць. Для гэтага навучэнцам даецца набор аднародных практыкаванняў, гэта значыць, практыкаванняў з аднолькавымі лагічнымі сувязямі паміж велічынямі, якія ўваходзяць у іх. Пасля разгляду кожнай сістэмы навучэнцы на падставе супастаўлення рэальных узаемасувязей, якія разглядаюцца ў практыкаваннях, павінны зрабіць выснову.
Гарантыяй якаснага засваення матэматычнага матэрыялу з’яўляецца эфектыўная арганізацыя дзейнасці навучэнцаў. З дапамогай вусных практыкаванняў навучэнцы выразней разумеюць сутнасць матэматычных паняццяў, тэарэм, матэматычных пераўтварэнняў. Вусныя практыкаванні актывізуюць разумовую дзейнасць навучэнцаў, развіваюць увагу, назіральнасць, памяць, маўленне, хуткасць рэакцыі, мысленне, павышаюць цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца. Яны даюць магчымасць вывучыць вялікі па аб’ёме матэрыял за больш кароткі прамежак часу, дазваляюць настаўніку меркаваць аб гатоўнасці класа да вывучэння новага матэрыялу, аб ступені яго засваення, дапамагаюць выявіць памылкі навучэнцаў. Але нельга забываць, што функцыі праверкі (кантралюючая, навучальная, арыентуючая і выхаваўчая) будуць выконвацца толькі ў тым выпадку, калі школьнікі перакананы ў неабходнасці, мэтазгоднасці і аб’ектыўнасці праверкі, у справядлівасці і добразычлівасці настаўніка.

Алена БАЧЫЛА,
выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.