Выніковасць любога працэсу навучання ў многім залежыць ад методыкі кантролю ведаў. Кантроль неабходны пры любой сістэме навучання і любой арганізацыі вучэбнага працэсу. Гэта сродак кіравання вучэбнай дзейнасцю. Але для таго, каб разам з функцыяй праверкі рэалізоўваліся функцыі навучання, неабходна стварыць пэўныя ўмовы, самая важная з якіх — аб’ектыўнасць праверкі ведаў.
Сёння ў школьнай практыцы праверкі ведаў школьнікаў склаліся дзве асноўныя формы кантролю: вуснае апытанне і пісьмовая работа. Кожная з іх, маючы пэўныя станоўчыя бакі, мае і шэраг істотных недахопаў. Свабодная ад гэтых недахопаў форма кантролю ў выглядзе тэставых заданняў. Менавіта тэставы кантроль забяспечвае аб’ектыўныя ўмовы праверкі. Я ўжо некалькі гадоў працую над удасканаленнем методыкі выкарыстання тэставых заданняў для кантролю якасці ведаў навучэнцаў і пераканалася ў пэўных іх перавагах: адсутнасць працаёмкай праверкі пісьмовых работ дазваляе дастаткова часта праводзіць кантрольныя мерапрыемствы, ствараць патрэбу ў рабоце над матэрыялам кожнай тэмы, а тым самым прырошчваць веды навучэнцаў.
Ліквідуецца магчымасць падказак і спісвання, павышаецца аб’ектыўнасць ацэнкі ведаў, узрастае пазнавальная актыўнасць школьнікаў пры вывучэнні геаграфіі, бо рэгулярнасць і грунтоўнасць іх падрыхтоўкі да кожных заняткаў наўпрост залежыць ад глыбіні кантрольных мерапрыемстваў, якія праводзяцца. А таксама мяняецца роля выкладчыка, ён вызваляецца ад “карных” функцый, звязаных з кантролем ведаў і выстаўленнем адзнак, настаўнік перастае быць крыніцай адмоўных эмоцый, звязаных з ацэньваннем ведаў.
Вядома, у сваёй рабоце я выкарыстоўваю тэставыя заданні, якія маюцца ў розных метадычных дапаможніках, і анлайн-тэсты, але часцей за ўсё распрацоўваю іх самастойна.
У 2011/2012 навучальным годзе праведзена вялікая работа па стварэнні электронных тэстаў для паўрочнага, тэматычнага і выніковага кантролю па пачатковым курсе геаграфіі для 7 класа. Акрамя вывучэння літаратуры і матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў упершыню на ўроках былі выкарыстаны паўрочныя тэсты з выкарытаннем ІКТ. На першым этапе работы прапаноўвалася праходзіць тэсты на кожным уроку па жаданні навучэнцаў, а тэсты тэматычнага кантролю выконвалі ўсе.
З цягам часу ў ініцыятыўнай групы навучэнцаў павысілася якасць ведаў, што дасягалася шляхам добрасумленнай і карпатлівай працы над вучэбным матрыялам, адчуваннем пастаяннага кантролю. Высокі запас адзнак, магчымасць дыягностыкі і карэкцыі прабелаў у ведах, самастойнасць, самакантроль, самаўдасканаленне — вось вынікі, бачныя ўжо на першым этапе выкарыстання тэставага матэрыялу.
Прыцягваліся навучэнцы 7-х класаў і для складання тэстаў. Дзеці з задавальненнем займаліся пошукам фотаздымкаў, карцінак, картасхем, дыяграм, складалі тэставыя пытанні, падбіралі цікавыя адказы.
Сёння гэтыя дзеці ўжо васьмікласнікі, праяўляюць незвычайную актыўнасць у вывучэнні геаграфіі. Няма недахопу ў жадаючых прыняць удзел у алімпіядзе па геаграфіі (у кантрольным класе 6 чалавек выказалі жаданне займацца на павышаным узроўні супраць 1 у паралельным), дзеці з задавальненнем прымаюць удзел у штогадовых гімназічных чытаннях “Цікавае побач”, займаюцца даследчай дзейнасцю.
2013 год аб’яўлены Годам беражлівасці. Гэта навяло нас на думку аб запуску праекта па энергазберажэнні “Зберажом Зямлю для нашчадкаў”. Для гэтага стварылі блог (proekteconomia.blogspot.com) з практычнымі заданнямі і тэорыяй, якія штотыднёва абнаўляюцца, і да выканання якіх гімназісты прыцягваюць сваіх бацькоў. Вынікам нашай работы павінна стаць разуменне неабходнасці больш рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, магчымасці зменшыць шкоднае ўздзеянне чалавецтва на геасістэму, значна знізіць энергаспажыванне ў кватэрах, што на сёння вельмі актуальна. Не цяжка здагадацца, што самая вялікая каманда сабралася менавіта ў 8-х класах. Мы запрашаем далучыцца да нашага праекта ўсіх жадаючых!
Камп’ютар можа быць як аб’ектам вывучэння, так і сродкам навучання, пры гэтым ён з’яўляецца магутным сродкам павышэння эфектыўнасці навучання. Мы, настаўнікі, яшчэ ніколі не мелі такога магутнага сродку ў сваёй рабоце.
Наталля КЛІМЕЦ,
настаўніца геаграфіі.