Касмічныя даследаванні гімназістаў

Нягледзячы на тое, што вучоны свет пастаянна вывучае яго, увесь час агучвае шматлікія гіпотэзы і тэорыі ўзнікнення сусвету, расказвае пра структуры і мадэлі сусвету, таямніц і загадак космасу менш не становіцца. Космас па-ранейшаму бударажыць розум усяго чалавецтва, і сёння, у Дзень касманаўтыкі, напэўна, кожны з нас яшчэ раз паглядзіць на неба: а раптам вачам адкрыецца частка той таямніцы, якая схавана за аблокамі? Але таямніца так і застанецца таямніцай, калі не паспрабаваць яе разгадаць, як гэта здарылася ў сталічнай гімназіі № 23.

Перспектыўныя кірункі

Цяпер у музеі навучальнай установы дзейнічае экспазіцыйны куток, прысвечаны беларускім касманаўтам і касманаўтыцы, а некалі быў толькі фотаздымак, на якім маленькая дзяўчынка падносіць хлеб-соль нашаму славутаму касманаўту Пятру Клімуку. На фота сястра Аксаны Савельеўны Вандзяевай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, якая была вучаніцай тады яшчэ сярэдняй школы № 23 Мінска. Але “касмічная гісторыя” ў 23-й гімназіі Мінска пачалася з “касмічных” папак, да якіх пэўнае дачыненне мае і “Настаўніцкая газета”.
У “касмічных” папках была сабрана разнастайная інфармацыя пра касмічныя дасягненні і з’явы. І аўтар гэтай калекцыі, мінскі інжынер Бутом, падчас сустрэчы з маім калегам Міколам Чэмерам, папрасіў перадаць вынікі свайго захаплення ў школу. Маўляў, дзецям павінна быць цікава. У гімназіі гэтыя папкі прынялі як сапраўдны скарб, які не проста зацікавіў, а стаў адпраўным пунктам у развіцці гімназічных даследаванняў у галіне касманаўтыкі.
Затым у гімназію прыйшоў Віталь Мікалаевіч Несцярук, кандыдат геаграфічных навук, палкоўнік ВПС у адстаўцы. Аўтар больш як 200 публікацый навукова-даследчага характару, трох манаграфій. Сфера навуковых інтарэсаў Віталя Мікалаевіча: даследаванне экалагічных праблем энергетыкі, прамысловасці і транспарту, выкарыстанне спадарожнікавых назіранняў. У свой час яго публікацыі размяшчаліся побач з артыкуламі такіх знакамітых людзей, як Юрый Гагарын і Сяргей Каралёў. Віталь Мікалаевіч натхніў не аднаго гімназіста на навуковыя даследаванні, звязаныя з касмічнай тэматыкай. У яго групу юных даследчыкаў дзеці хадзілі з задавальненнем. З гэткім жа задавальненнем затым і слухалі даклады гімназістаў на канферэнцыях.
У прыватнасці, навучэнцы гімназіі пэўных поспехаў дасягнулі ў выкарыстанні спадарожнікавага маніторынгу для ацэнкі навакольнага асяроддзя і экалогіі бяспекі пражывання. Цікавым быў калектыўны даклад “Ацэнка ўмоў утварэння ўраганаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Злучаных Штатаў Амерыкі”. Яго аўтары (Кірыл Прапляска, Аляксей Кудрэвіч, Павел Маліноўскі) нават былі ўдзельнікамі ХХ беларускага касмічнага кангрэса. Дарэчы, Кірыл Прапляска пасля закончыў геаграфічны факультэт БДУ, і часткова яго прафесійны лёс звязаны з космасам.
— Асноўнае адрозненне ў працэсах утварэння моцнага ўрагану на тэрыторыі Беларусі 9—11 жніўня 2005 года і ўрагану “Катрына” 28—30 жніўня ў тым, што ў нашай краіне ўраган утварыўся над сушай (на поўдзень ад Гомельскай вобласці), а ў ЗША — над Мексіканскім залівам. Аднак фізічныя ўмовы ўзнікнення гэтай стыхійнай з’явы былі шмат у чым агульнымі.
Нашай групай даследчыкаў было ўстаноўлена, што ў Беларусі смерчы ўтвараюцца паблізу франтоў (пераважна халодных) у добра прагрэтым паветры з павышанай вільготнасцю. Шквалы ж звычайна назіраюцца на халодных атмасферных франтах, і толькі 10—15% з іх — на цёплых і другасных халодных франтах і ў зонах паніжанага ціску. У асноўным шквалістыя вятры ўзнікаюць паблізу цэнтраў маладых цыкланічных утварэнняў і вяршынь хвалевых адхіленняў, а таксама ў кучава-дажджавых аблоках. Даныя спадарожнікавага маніторынгу служаць пацвярджэннем гэтай тэорыі. Як вядома, самыя высокія тэмпературы назіраюцца на поўдні Беларусі. Таму менавіта ў гэтым рэгіёне, а дакладней, у Гомельскай вобласці (асабліва ў Рэчыцкім раёне) самая вялікая верагоднасць праяўлення шквалаў, — падзяліўся вынікамі даследаванняў Віталь Мікалаевіч.
Па яго меркаванні, інтэнсіўнае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу ў розных галінах тэхнікі і прыродазнаўства настойліва патрабуе вывучэння школьнікамі новых, перспектыўных кірункаў пазнавальнай дзейнасці. І адным з такіх кірункаў з’яўляецца вывучэнне зямных атмасферных працэсаў і з’яў штучнымі спадарожнікамі Зямлі для больш рацыянальнага выкарыстання кліматычных рэсурсаў.
Віталь Мікалаевіч лічыць, што аб’ёмнае вывучэнне фотавыяў зямной паверхні з касмічных вяршынь адкрывае і новыя магчымасці навучання і развіцця школьнікаў. Напрыклад, з дапамогай спадарожнікавых фотаздымкаў можна ацэньваць не толькі ападкі, навальніцы, шквалы, смерчы, паводкі, але і канцэнтрацыю халодных паветраных мас з мэтай прагназавання замаразкаў.
Разам з тым група юных даследчыкаў пад кіраўніцтвам Віталя Мікалаевіча займалася не толькі распрацоўкай касмічнай тэматыкі. Кола навуковых інтарэсаў гімназістаў выходзіла за яе межы. Тут ужо пад увагу браліся жаданні і магчымасці гімназістаў, якія вызначаліся цягай і да матэматыкі, і да хіміі, і да экалогіі. Напрыклад, дзяцей цікавіла вадародная энергетыка, міграцыі птушак, і ўсім гэтым яны займаліся выключна з пункту погляду навукі.

У пераемнасці пакаленняў

У дзень майго наведвання ў гімназіі праходзіла канферэнцыя, прысвечаная Дню касманаўтыкі, і, як адзначыў Вячаслаў Анатольевіч Краўчанка, настаўнік біялогіі, кандыдат біялагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай супольнасці гімназістаў, сёння актуальным з’яўляецца веданне школьнікамі гісторыі касманаўтыкі.
— Яны павінны ведаць нашы касмічныя дасягненні, якім чынам яны выкарыстоўваюцца, а таксама беларускіх касманаўтаў, якія ўжо сталі часткай гісторыі. Сёння мы паказалі нашым малодшым школьнікам не толькі навуковыя дасягненні ў галіне касманаўтыкі, але і пазнаёмілі з той даследчай дзейнасцю, якую вялі і вядуць нашы старэйшыя гімназісты. І трэба адзначыць, што такая “нагляднасць” мае эфект. Пасля гімназічнай канферэнцыі да мяне падышлі двое навучэнцаў, якія жадаюць займацца навуковымі даследаваннямі, — адзначыў Вячаслаў Анатольевіч.
— На нашай гімназічнай канферэнцыі ў першую чаргу мы хацелі паказаць традыцыі, якія склаліся ў беларускай касманаўтыцы і нашай гімназіі. Пасля з’яўлення тых самых “касмічных” папак, мы ў музеі пачалі работу пад агульнай назвай “След беларусаў у космасе”, і кожны год у нашай гімназіі з’яўляюцца дзеці, якія праяўляюць цікавасць да гэтай дзейнасці. Напрыклад, зараз да яе далучыўся Глеб Александровіч (дарэчы, нашчадак Кандрата Крапівы), вучань 2 класа. Хлопчык захапляецца самалётамі. Пакуль ён іх з вялікім энтузіязмам склейвае.
Мы імкнёмся працаваць у рэчышчы адной ідэі, заснаванай на пераемнасці пакаленняў: мы разглядаем космас вачыма пакаленняў. А з другога боку, стараемся глядзець на праблемы і дасягненні космасу з пазіцыі сучаснасці. Сёння мы свабодна карыстаемся мабільнай сувяззю, інтэрнэтам, а ўсё гэта так або інакш звязана з космасам. Разбіўся малазійскі самалёт, і ўвесь свет шукаў яго з дапамогай спадарожнікаў. Акрамя таго, спадарожнікі дапамагаюць даследаваць акіян і зямную паверхню. Без усіх гэтых здабыткаў наша жыццё было б вельмі няпростым. І тое, што космас служыць чалавеку, факт бясспрэчны.
Наша задача — данесці звесткі пра космас у асветніцка-навуковым рэчышчы, каб дзеці ведалі імёны беларускіх дзеячаў навукі, культуры, увогуле грамадства, дзейнасць якіх звязана з касмічнай тэматыкай. Такія веды развіваюць гонар за сваю краіну і натхняюць на пакарэнне новых вяршынь. Не кожнай краіне дадзена мець дачыненне да космасу, — далучылася да размовы кіраўнік гімназічнага музея Ганна Сяргееўна Сасноўская.
У навуцы вельмі важнае значэнне мае пераемнасць пакаленняў, бо дае магчымасць развівацца і ўдасканальвацца далей. Такая ж пераемнасць назіраецца як сярод гімназістаў-даследчыкаў, так і настаўнікаў-кіраўнікоў навуковай дзейнасці. Адзінай пастаяннай велічынёй у гэтай пераемнасці з’яўляецца касмічная тэматыка. Хоць Віталь Мікалаевіч Несцярук ужо не працуе ў гімназіі, ён заўсёды з’яўляецца шаноўным госцем, у яго багаты навуковы вопыт, якім ён не стамляецца дзяліцца (як гэта адбылося на гімназічнай канферэнцыі).
Сёння навуковыя ідэі гімназістаў развіваюць і ўдасканальваюць многія педагогі гімназіі. Ды і калектыў працуе зладжана і не застаецца ў баку ад перадавых кірункаў навукі. Як заўважыў Вячаслаў Анатольевіч, сённяшнія даследчыя інтарэсы гімназістаў досыць разнастайныя, і практычна ўсе яны адзначаліся дыпломамі на розных канферэнцыях, многія былі надрукаваны ў навуковых і навукова-папулярных часопісах. У прыватнасці, педагогі разам са сваімі навучэнцамі разглядалі разбуральныя наступствы ўраганаў “Кірыл” і “Катрына”, умовы іх утварэння, і назіралі за імі з дапамогай спадарожнікавых фотаздымкаў знаёміліся з антрапагеннай дынамікай ландшафтаў, праблемамі захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці. Займаліся ацэнкай узроўню -фону ў асобных кабінетах сваёй гімназіі, вывучалі экалагічныя наступствы ядзернага канфлікту і альтэрнатыву выкарыстання мірнага атама.
Настасся Шыянок, навучэнка 9 класа, стала пераможцай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыі “Біялогія”. Яна ж атрымала падзяку ад рэктара БДУІР за бліскучае выступленне на 50-й навуковай канферэнцыі аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Настасся прадстаўляла даклад “Экалагічны метад паляпшэння ўрадлівасці глебы”. Навуковым кіраўніком дзевяцікласніцы з’яўляецца Віталь Анатольевіч Краўчанка.
Паспяхова займаюцца гімназісты даследаваннямі і на гістарычную тэматыку. Ды і вывучэнне кітайскай мовы ў сталічнай гімназіі № 23 выходзіць на іншы ўзровень. Нядаўна Кірыл Карпенка, навучэнец 8 класа, стаў прызёрам Рэспубліканскага конкурсу работ пазнавальнага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах. Ён выступаў у секцыі па кітайскай мове.
А што ў перспектыве? А перспектыва ў прынцыпе вядомая. Яе вельмі трапна агучыла Ганна Сяргееўна Сасноўская: узбагачацца ведамі, якія развіваюць гонар за сваю краіну і натхняюць на пакарэнне новых вяршынь.
З Днём касманаўтыкі!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.