Незвычайныя ўрокі роднай мовы

Сапраўдным урокам для мяне заўсёды быў урок, на якім на ўсё і на ўсіх хапала часу. Галоўная каштоўнасць урока — гэта час. Усім вядома ісціна — дзеці малодшага ўзросту любяць вучыцца, але даволі часта дарослыя забываюць: дзеці любяць вучыцца добра і выдатна! Мяне, як і многіх настаўнікаў, хвалююць “слабыя” вучні. Вельмі часта даводзіцца займацца з імі дадаткова пасля ўрокаў. Але гэта дае не вельмі карысны вынік. Чаму? Дзіця ўжо стомлена. Вучань у лепшым выпадку думае: “Калі ж скончацца гэтыя мукі!”

На якім этапе ўрока работы над новай тэмай “слабыя” вучні і нават “сярэднія” становяцца пасіўнымі, пачынаюць адставаць? У той момант, калі настаўнік тлумачыць новы матэрыял, выкарыстоўвае яркія прадметныя малюнкі, табліцы, схемы, усе вучні прымаюць удзел у рабоце, адказваюць на пытанні, часам робяць правільныя вывады, а вось пры пераходзе да больш сур’ёзнага матэрыялу, калі на аснове добра засвоеных вывадаў трэба будаваць свае выказванні, узнікаюць цяжкасці. У сувязі з гэтым нарастае пасіўнасць.
Галоўная задача настаўніка — пабудаваць свой урок так, каб на ўсё хапіла часу, каб кожнае дзіця адчувала сябе камфортна на кожным этапе ўрока.
Шмат гадоў я працую ва ўстанове адукацыі з беларускай мовай навучання. З кожным годам становіцца ўсё цяжэй выкладаць менавіта беларускую мову! Сацыялінгвістычная сітуацыя, звязаная з беларускай мовай, істотна змянілася за апошнія дзесяцігоддзі. У класе могуць быць вучні, якія ніколі не чулі беларускай мовы; чулі, але не сутыкаліся з носьбітамі мовы ў сваім асяроддзі. Змест навучання павінен быць распрацаваны з улікам усіх гэтых сітуацый.

Навучанне грамаце, як і вывучэнне беларускай мовы — надзвычай адказны і важны перыяд, таму што ад таго, якім чынам адбудзецца знаёмства навучэнцаў з беларускай мовай, залежыць іх станаўленне да вывучэння мовы ў далейшым. Каб сустрэча з беларускай мовай прыемна ўразіла дзяцей, натхніла іх, выклікала зацікаўленасць, урокі беларускай мовы павінны стаць урокамі незвычайнымі.
Працэс фарміравання арфаграфічных навыкаў патрабуе вялікіх намаганняў як з боку настаўніка, так і з боку вучняў. Як паказвае практыка, павышэнне арфаграфічнай пісьменнасці школьнікаў было і застаецца адной з галоўных праблем методыкі мовы. Поспех навучання арфаграфіі залежыць ад многіх фактараў. У першую чаргу ад таго, калі і на аснове чаго распачаць навучанне ёй. Паўстае пытанне, як дабіцца, каб малодшыя школьнікі свядома авалодалі правіламі. А для кожнага настаўніка ўзнікае праблема: з дапамогай якіх сродкаў забяспечыць паступальны рух у выпрацоўцы трывалых арфаграфічных навыкаў. Навучанне пачаткоўцаў запамінанню правільнага напісання слоўнікавых слоў у курсе беларускай мовы — адна з самых складаных задач.

Для выканання вышэй пералічаных задач важна пабудаваць урок так, каб на кожным яго этапе праходзіла звязаная работа са слоўнікавым словам. Сучасны беларускі правапіс — гэта стройная сістэма правіл, якія з’яўляюцца адлюстраваннем арфаэпічных і граматычных норм літаратурнай мовы. Ён пабудаваны на двух прынцыпах — фанетычным і марфалагічным. Сутнасць фанетычнага прынцыпу заключаецца ў тым, што напісанне максімальна адлюстроўвае літаратурнае вымаўленне ў словах гукаў і іх спалучэнняў. Марфалагічны ж прынцып патрабуе аднастайнага напісання галосных і зычных у адных і тых жа значымых частках слова, нягледзячы на адрозненне ў іх вымаўленні.
Я выдзяляю ў сваёй дзейнасці некалькі напрамкаў фарміравання арфаграфічных навыкаў:
1. Гука-літарны і словаўтваральны аналіз слоўнікавых слоў.
2. Выкарыстанне комплексу гульнявых займальных заданняў, нестандартных, незвычайных практыкаванняў, якія актывізуюць усе віды памяці дзяцей.
3. Удасканаленне прыёмаў работы са слоўнікамі.
Фарміраванне арфаграфічнага навыку ў пачатковых класах адбываецца на кожным этапе ўрока: у час выканання хвілінак чыстапісання, пры рабоце над слоўнікава-арфаграфічнымі практыкаваннямі, на этапе тлумачэння новага матэрыялу ці самастойнай работы. Разам з тым неабходна засяродзіць увагу на тым, што арганізацыя вучэбнай дзейнасці на ўроку беларускай мовы павінна спрыяць не толькі выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў, але і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, станоўчай матывацыі вывучэння беларускай мовы, павышэнню цікавасці да прадмета.

Пачынаючы з 1 класа на ўроках навучання грамаце я працую над развіццём у дзяцей слыхавой памяці і моўнага апарату; вучу вымаўленню слоў у адпаведнасці з нормамі арфаэпіі. Галоўным прыёмам, які спрыяе выпрацоўцы ў малодшых школьнікаў увагі пры напісанні слоў на беларускай мове, з’яўляецца выразнае вымаўленне слова, якое трэба напісаць; прагаворванне слова перад напісаннем або ў працэсе яго; устаноўка на запамінанне (прачытай, запомні; напішы і правер); выкананне разнастайных практыкаванняў, накіраваных на развіццё фанематычнага слыху і выпрацоўку правільнага напісання слоў, якія пішуцца так, як чуюцца. Пастаянная ўвага да гукавога і гука-літарнага аналізу ў 1 класе дае магчымасць папярэдзіць пропускі галосных і зычных літар, перастаноўку і ўстаўку літар. Прагаворванне перад напісаннем ці ў час напісання дапамагае навучэнцам пачуць яго гучанне, падзяліць на склады, вызначыць гукавы склад, а таксама прывучае дзяцей да самакантролю, спрыяе выпрацоўцы арфаграфічнай пільнасці. Засвоіць напісанне слоў на беларускай мове без скажэнняў можна толькі на аснове яго фанетычнай будовы. Правядзенне слыхавой дыктоўкі, пісьмо завучанага на памяць, каменціраванае пісьмо спрыяюць развіццю фанематычнага слыху, выпрацоўцы ўменняў дакладна вызначаць гукавы склад слова. Аднак адных графічных практыкаванняў (спісванне з друкаванага тэксту) недастаткова. Знаёмства з новым словам можа праходзіць па-рознаму.
У 2 класе навучэнцам можна прапанаваць ілюстрацыю слоўнікавага слова, разгадаць рэбус або загадку. Малюнкі дапамагаюць стварыць зрокавы вобраз прадмета, абазначанага словам. Так, пры знаёмстве з новым слоўнікавым словам у 1—4 класах выкарыстоўваю загадкі:
Я не чарапаха — робат,
Але працаваць люблю.
Я не слон, але ў свой хобат
3 дывана ўвесь пыл лаўлю
(Пыласос).
Коўдру, крупы, бохан хлеба —
Я ўмяшчаю ўсё, што трэба.
А сам еду на спіне.
Хто я, ведаеш ці не? (Рукзак).
Затым даецца тлумачэнне значэння слова; вучні ўспамінаюць, дзе сустракалі яго. Ідзе работа на запамінанне. Можна выкарыстаць прыём мнематэхнікі: на што падобна, з чым звязана слова (веласіпед, месяц, яблык, дождж). Напрыклад: разгледзь малюнак (медаль). Прачытай слова. Запомні, як яно пішацца. Паспрабуй зрабіць свой малюнак, што дапаможа табе запомніць, як пішацца слова. Далей даецца лексічнае значэнне слова:
Медаль, -я, мужчынскі род, знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка з якім-небудзь рэльефным адбіткам і надпісам для ўзнагароды за асаблівыя заслугі, баявыя і працоўныя подзвігі.
Можна зрабіць пераклад: залаты медаль (бел.) — золотая медаль (рус.).
Не з усімі слоўнікавымі словамі можна пазнаёміцца праз загадку. Для некаторых слоў прапаную разгадаць рэбус, арганізую дыдактычную гульню.
Заданні такога тыпу зацікавяць не толькі вучняў з высокай матывацыяй, але і з нізкім узроўнем навучанасці:

1. Закрэслі літары, якіх няма ў беларускім алфавіце. Якія словы атрымаліся?
SАVПNЕLТWЫJТ (апетыт);
GБJУUТWЭQРLБSРNОVДZ (бутэрброд);
LМJЯGКSКDІV (мяккі);
ВGGОUСVЕНЬQWСКІ (восеньскі);
LLПОSЗZZНІ (позні).

2. З рассыпаных літар складзі слоўнікавыя словы:
а) м а а с ц е в ы т (самацветы)
б) в і о к с с е ь н (восеньскі);
в) т р т э а (тэатр);
г) я л ы б к (яблык);
д) ё ы р т с а в (вастрыё);
е) а а б ш р (абшар).

4. “Адгадай слова”.
Для гульні неабходны складовыя карткі. Даецца першы склад — дзеці дадаюць слова. Напрыклад, пе….сня, па…мяць, у….летку, у…зімку. Словы запісваюцца ў сшыткі або прагаворваюцца арфаэпічна.

5. “Дадай галосныя”.
З якіх слоў выпалі галосныя?
Напрыклад: вснь (восень), флмстр (фламастар), птт (апетыт).
На этапе пазнавання слоўнікавага слова неабходна прачытаць яго правільна арфаэпічна, паставіць націск, патлумачыць літару, якую трэба запомніць. Паказваецца друкаваная картка з выдзеленай літарай. Слова запісваецца на дошцы і ў сшытках (яблык, дождж, надвор’е). На наступным уроку прапануецца знайсці слова ў тэксце.
У 3 і 4 класах работа над слоўнікавым словам ідзе з апорай на ўменні і навыкі, якія былі атрыманы раней. Наступны крок — дадаём новыя заданні і практыкаванні.
Работа над слоўнікавым словам праводзіцца ў наступных практыкаваннях:
а) падбярыце да слоўнікавага слова такія словы, якія падыходзяць па сэнсе і абазначаюць прымету прадмета, змяніце слова па склонах;
б) падбярыце аднакаранёвыя словы;
в) прачытайце словы і ўстаўце прапушчаную літару;
г) суаднясіце малюнак і слова;
д) знайдзіце пару;
е) прачытайце, выпраўце памылкі; праверце па слоўніку;
ё) прачытайце, перакладзіце
на беларускую мову;
ж) складзіце красворд, падбіраючы загадкі да слоўнікавых слоў, або разгадайце крыжаванку.
Малодшым школьнікам прапаную практыкаванні тыпу “Рашы галаваломку”:
— Выкраслі непатрэбны склад, які паўтараецца, і ты прачытаеш дзень тыдня. Запішы гэтае слова.
РУЧАЦРУВЕРРУ (чацвер)
— Закрэслі лішнюю літару і прачытай назву транспарту. Запішы адказ.
ВЯЕЯЛЯАЯСЯІЯПЯЕЯДЯ (веласіпед)
— Падзялі запіс на словы і прачытай сказ. Запішы яго, падкрэслі дзейнік і выказнік.
МЫЛЮБІМРОДНУЮБЕЛАРУСЬ
Работа над слоўнікавым словам працягваецца і ў сказе:
а) выпішыце загадкі, прымаўкі, урыўкі з мастацкіх твораў з вывучаным словам;
б) складзіце і запішыце сказ з вывучаным словам;
в) аформіце кніжку-малышку, выкарыстоўваючы малюнак;
г) устаўце словы, якія падыходзяць па сэнсе са слоўніка (Учора было марознае …).
Абавязкова прапаную заданні, якія дапамогуць актывізаваць работу над слоўнікавым словам у тэксце:
а) спішыце тэкст, устаўце слоўнікавае слова;
б) складзіце і запішыце невялікі тэкст, выкарыстоўваючы словы са слоўніка.
Арфаграфічная пісьменнасць чалавека — гэта адзін са складнікаў яго культуры. Са словамі з неправяральным напісаннем малодшыя школьнікі сустракаюцца на кожным уроку. Ад таго, як будуць сфарміраваны навыкі правапісу ў пачатковых класах, залежыць далейшае навучанне дзіцяці ў школе, яго арфаграфічная і маўленчая пісьменнасць, яго здольнасць засвойваць родную мову ў пісьмовай форме. Толькi сiстэматычная i мэтанакiраваная работа можа гарантаваць добры вынiк.
Урок абавязкова будзе мець поспех, калі настаўнік добра ведае вучэбны матэрыял, мае прадуманы план правядзення ўрока і добрае самаадчуванне. Кожны ўрок павінен змяшчаць штосьці, што выклікае ў вучняў здзіўленне, захапленне, адным словам, тое, што яны “будуць помніць, калі ўсё забудуць”.

Святлана КАЛАШНІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў Сласцёнаўскага дзіцячага сада —
сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.