Літаратурны турнір па творчасці І.Шамякіна для вучняў 11 класа
Мэта: выявіць і пашырыць веды вучняў па творчасці І.Шамякіна, развіваць пазнавальную актыўнасць, лагічнае мысленне школьнікаў, навыкі каманднай дзейнасці, публічнага выступлення, садзейнічаць выхаванню ў дзяцей павагі і цікавасці да творчасці знакамітага класіка, абуджэнню любові да роднага слова.
Абсталяванне: партрэт І.Шамякіна, выстава кніг пісьменніка, карткі з заданнямі для каманд, 2 капелюшы.
Ход мерапрыемства
Настаўнік. Беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без спадчыны І.Шамякіна. Іван Пятровіч узбагаціў скарбонку нацыянальнай класікі цудоўнымі кнігамі, стварыў жывыя адметныя вобразы, якія застаюцца ў памяці чытачоў на доўгія гады. У сваёй дзейнасці мастак слова арыентаваўся на ідэі гуманізму, турбаваўся пра чалавечыя асновы грамадства, духоўнае развіццё асобы, не прымаў абыякавасці, чэрствасці і подласці, імкнуўся звярнуць увагу людзей на актуальныя праблемы сучаснасці.
На ўроках нам давялося пазнаёміцца з творчасцю класіка. Упэўнена, што кожнага з вас зацікавілі кнігі І.Шамякіна, выклікалі душэўную ўзрушанасць, прымусілі задумацца над сур’ёзнымі жыццёвымі пытаннямі. І сёння я прапаную праверыць, ці добра вы ведаеце творчасць Івана Пятровіча.
З вялікім задавальненнем запрашаю вас прыняць уд зел у літаратурным турніры. Хачу пажадаць камандам удачы! А за кожны правільны адказ каманды будуць атрымліваць 1 бал.
Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка
I конкурс. “Пытанні з капелюша”
Камандам неабходна прыдумаць 5 пытанняў па біяграфіі і творчасці І.Шамякіна, запісаць іх на паперы. Усе аркушы складваюцца ў капялюш. Каманды абменьваюцца капелюшамі, па чарзе выцягваюць пытанні і адказваюць на іх.
II конкурс. “Што не так?”
Знайдзіце тое, што не з’яўляецца праўдай, растлумачце свой выбар.
Карма, Гомель, Горна-Алтайск, Мурманск. (І.Шамякін ніколі не быў у Горна-Алтайску.)
“У снежнай пустыні”, “Бондар”, “Непрыгожая”, “Дзеці настаўніцы”. (Апавяданне “Бондар” напісаў З.Бядуля.)
“Экзамен на восень”, “Не верце цішыні”, “Дзеці аднаго дома”, “Хто смяецца апошнім”. (П’еса “Хто смяецца апошнім” належыць пяру К.Крапівы.)
“У палескай глушы”, “Гандлярка і паэт”, “Сатанінскі тур”, “Непаўторная вясна”. (Аўтарам аповесці “У палескай глушы” з’яўляецца Якуб Колас.)
“Сэрца на далоні”, “Злая зорка”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Атланты і карыятыды”. (Раман “Каласы пад сярпом тваім” напісаў У.Караткевіч.)
Саша Траянава, Антон Яраш, Іван Пшанічны, Зося Савіч. (Іван Пшанічны — герой аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”.)
Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль Францыска Скарыны, званне народнага пісьменніка БССР, ордэн “За асабістую мужнасць”. (І.Шамякін не быў узнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.)
IIІ конкурс. “Аўкцыён афарызмаў”
Неабходна напісаць як мага больш афарызмаў з твораў І.Шамякіна.
Даведка
“Мова народа — жыццё ва ўсіх праявах яго”.
“Свет пераўтвараюць фантазёры”.
“Кожны чалавек мае сваю зорку: памірае чалавек — памірае зорка”.
“Талент тады дае плён, калі прыкладваецца напружаная, да знямогі, праца”.
“На гонары далёка не заедзеш”.
“Нішто не прычыняе такі боль, як несправядлівасць пакарання”.
“Перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам. Праўдзівым, шчырым”.
“Уладай трэба ўмець карыстацца”.
“Не верце, калі хто скажа, што хоць адна дарога ў жыцці лёгкая”.
“Смех хораша збліжае людзей, а трапны жарт — найлепшы ўступ у сур’ёзную размову”.
“Што ўрэшце галоўнае ў фарміраванні чалавека? Праца”.
“Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае”.
“Зямляцтва моцна цэментуе людзей”.
“У каго слава — тых не любяць”.
“Абыякавасць — прыкмета ленасці розуму”.
“У закаханага думкі чыстыя, як у дзіцяці”. І інш.
IV конкурс. “Веру — не веру” (конкурс капітанаў)
Дрэнна вучыўся. (Не веру.)
Любімая спявачка — Ганна Герман. (Веру.)
Са сваёй будучай жонкай пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. (Веру.)
З усіх еўрапейскіх сталіц найбольш падабалася Вена. (Веру.)
Агульны тыраж твораў дасягае 25 мільёнаў экзэмпляраў. (Веру.)
Не служыў у арміі. (Не веру.)
Быў заядлым аўтамабілістам. (Веру.)
Выступаў за смяротнае пакаранне злачынцаў. (Не веру.)
Любіў джаз. (Не веру.)
Цяжэй за ўсё даваліся гістарычныя творы. (Веру.)
Раман “Сэрца на далоні”.
V конкурс. “Уважлівыя чытачы”
“Даволі доўга — гадоў дзесяць — я збіраў звесткі пра падполле, маючы намер напісаць раман”. Пра які твор ідзе размова? (Пра раман “Сэрца на далоні”.)
Якія кнігі чытала Наташа Яраш? (“Прыгоды Гекльберы Фіна”, “Запіскі вучаніцы”.)
Якія падпольныя мянушкі былі ў Яраша? (Віктар, Кузьма Клешч.)
Колькі гадоў было Машы? (23 гады.)
Якой маркі быў аўтамабіль у Шыковіча? (“Масквіч”.)
Кім па прафесіі была Галіна Адамаўна? (Зубным урачом.)
Хто такі Сажань? (Старшыня гарсавета Гукан Сямён Парфёнавіч.)
На якое мерапрыемства запрасіў Тарас Машу? (На канцэрт Дзяржаўнай капэлы.)
Вершы якога паэта вельмі любіў Яраш? (Вершы Блока.)
Якімі птушкамі захапляўся Антон Кузьміч? (Галубамі.)
VІ конкурс. “Згубленае слова”
Уставіць прапушчанае слова.
“Кірыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робіць хірург. І перад тым, што ён бачыць, на нейкі момант адступае ўсё іншае. Жывое чалавечае … , пра якое ён так многа пісаў, — вось яно, перад яго вачамі, у раскрытых грудзях”. (Сэрца.)
“Савіч абвешчаны … . А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе і не герой. Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам?” (Здраднікам.)
“Старшыня ўзлаваўся:
— Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь … абскубеш”. (Каштан.)
“Брыгада, як адна … , ішла па заводскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху”. (Сям’я.)
“Відаць, найлепшае жыццёвае правіла: будзь … да другіх і бязлітасны да сябе”. (Добры.)
“Напіўся. Прыставаў да англійскіх турыстаў. Раскрычаўся, што скіне на Англію …”. (Бомбу.)
VII конкурс. “Таямнічы персанаж”
Па апісанні пазнайце літаратурнага героя.
“Апранута была па-святочнаму — у яркую раскляшоную спадніцу, у белую кофтачку, белыя басаножкі. Гэта лёгкае адзенне пасавала да яе стройнай постаці”. (Іра Шыковіч.)
“Яна была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Чырвоныя косы, бровы, нейкія залацістыя рудзінкі абсыпалі нос, шчокі, рукі”. (Маша.)
“Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі”. (Гукан.)
“З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысінамі-затокамі, што глыбока ўрэзаліся ў доўгія, крыху кучаравыя і моцна ўскудлачаныя белыя валасы”. (Кірыла Шыковіч.)
“Асілкавая постаць, дужыя голыя рукі, шырокі і мужны твар, валасы каштанавага колеру”. (Антон Яраш.)
“Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай — пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крылляў носа”. (Зося Савіч.)
“Хлопец у вузенькіх штоніках, стракатай кашулі, з матузкамі на шыі, сцягнутымі бляшкай”. (Славік Шыковіч.)
“Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся асляпляльна белая: белыя басаножкі, белы халат, белыя валасы, твар нібы вымыты малаком, толькі бровы ды вейкі крыху падчорнены ды падфарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваіх гадоў распаўнелая, пышнагрудая — па-свойму прыгожая”. (Тамара Гаецкая.)
VIІІ конкурс. “Хто сказаў?”
Паспрабуйце адгадаць, каму з літаратурных герояў належаць выказванні.
“Чаму нашы дзеці не навучыліся працаваць? Чаму растуць эгаістамі? Вось што мяне хвалюе”. (Кірыла Шыковіч.)
“А я, ведаеце, пра што мару? Выйсці замуж за добрага, разумнага чалавека і нарадзіць добрых, разумных дзяцей”. (Маша.)
“Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збіраю травы. Раю іх людзям. Няма такога закону, каб забараняць мне… Няма!” (Клаўдзія Сідараўна Сухадол.)
“Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзіў у школу, выступаў — вучні раўлі ад захаплення. А я задзіраў нос: ні ў кога няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся як той сыр у масле. А потым раптам ажылі бацылы прынцыповасці. У першую чаргу — у бохана”. (Славік Шыковіч.)
“Яго позірк мяне… абразіў… Пакрыўдзіў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць… Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё… Мы рызыкавалі сваім, хаваючы яго… Чаму ж ён глядзіць так? Нядобра”. (Зося Савіч.)
“Цяпер я ўсё разумею. Бачыла. Не дурная. Ты любіш яе, гэтую рыжую. Не хлусі мне больш. Ты любіш яе!” (Ніна.)
“У тэрапіі ляжыць хворая Соф’я Савіч. Нам з вамі, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў бы, каб вы наведваліся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё”. (Антон Яраш.)
“Я люблю вас, мама. І бацьку люблю. Вы для мяне самыя дарагія людзі”. (Тарас.)
“Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ… Пісаць разумныя кнігі, разумныя артыкулы і… не разумець, не ведаць уласных дзяцей… чым яны жывуць”. (Валянціна Андрэеўна.)
“Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю. Я напісаў пра гэта ў тлумачальнай запісцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гісторыяй, даказваць”. (Гукан.)
IX конкурс. “Віват, талент!”
Каманды паказваюць загадзя падрыхтаваныя інсцэніроўкі ўрыўкаў з рамана.
X конкурс. “Лічбы. Лічбы. Лічбы” (конкурс сярод балельшчыкаў)
Колькі раздзелаў у рамане “Сэрца на далоні”? (40.)
Як быў пакараны Славік Шыковіч за сутычку з англійскімі студэнтамі? (10 сутак зняволення.)
Колькі важыў вялікі акунь, злоўлены Гуканам на рыбалцы? (800 грамаў.)
Якую колькасць грыбоў аднойчы сабраў Яраш? (123.)
Колькі гадоў было Зосі Савіч? (36 гадоў.)
Як доўга пражылі ў шлюбе Антон Кузьміч і Галіна Адамаўна? (16 гадоў.)
Калі Гукан напісаў заяву ў органы дзяржаўнай бяспекі пра вяртанне ў горад з Германіі Савіч Соф’і? (16.10.1945.)
Які першы аванс на заводзе атрымаў Славік Шыковіч? (15 рублёў.)
Журы падводзіць вынікі. Аб’яўляе і ўзнагароджвае каманду-пераможцу.
Настаўнік. Іван Шамякін — прызнаны майстар айчыннай прозы, адзін з самых чытальных беларускіх пісьменнікаў. Літаратурную творчасць ён лічыў галоўнай справай жыцця. Іван Пятровіч напісаў шмат кніг, якія прынеслі яму народнае прызнанне і славу. Творы класіка стымулююць чытачоў да духоўнага развіцця, адчыняюць дзверы ў таямнічы свет чалавечай душы, скіроўваюць да пошуку агульначалавечай логікі быцця.
Як летапісец свайго краю
Ты з цеплынёй сваіх радкоў
Радзіме мужна, без адчаю
Аддаў любоў для ўсіх вякоў.
П.Прыходзька.
Вольга ХМАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Наваполацка Віцебскай вобласці.