«Школа — гэта тая стыхія, дзе мне лёгка і свабодна. І весела! — гаворыць настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 4 Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Пятроўна Краўцова. — І мне вельмі хочацца, каб дзеці, сыходзячы пасля 11 класа з гімназіі, не адчувалі за плячыма груз ведаў, які цягне іх да зямлі, а адчувалі пэўны падмурак, з якога ім лёгка, весела і вольна ісці ў вялікі свет, у грамадства, каб там развівацца і ўдасканальвацца”.
Наталля Пятроўна працуе з малодшымі школьнікамі ўжо больш за 26 гадоў. Яна — ўладальнік прэміі Мінгарвыканкама 2011 года па патрыятычным выхаванні малодшых школьнікаў. У гімназіі Н.П.Краўцова ўзначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў, дзе перадае свае веды і вопыт калегам.
“Быць настаўніцай я не збіралася, — прызнаецца мая суразмоўніца. — У школьныя гады мне падабаліся тыя прафесіі, якія прадугледжвалі работу з людзьмі, але пры гэтым хацелася, каб быў адразу бачны вынік, напрыклад, касір у магазіне. Я з лёгкасцю лічыла, і мне здавалася, калі я ім стану, то да мяне ніколі не будзе чаргі. Праўда, мая мама заўсёды кажа, што з самага дзяцінства ведала, кім я стану. Маленькай я не гуляла ў “дочкі-матулі”. Я гуляла ў школу. У вольны час рассаджвала лялек і мішак за сталом, з сурвэтак рабіла сшыткі і журнал, пісала і за дзяцей, і за настаўніцу. І вучыла, і вучылася”.
Наталлі Пятроўне пашанцавала з першай настаўніцай, якой яна вельмі ўдзячна. Гэта яна прывіла дзяўчынцы любоў і захапленне да навучання, спазнання новага. А калі ты спазнаеш нешта новае, то табе хочацца гэтым падзяліцца з людзьмі, якія цябе акружаюць. І вось прафесія настаўніка і адкрывае такую магчымасць, яна дазваляе заставацца маладым і з кожным новым наборам першакласнікаў уздымацца да новых вяршынь.
Сёння вопытная настаўніца добра памятае свае першыя ўрокі і цудоўнае ўражанне ад першага школьнага дня, падрыхтавацца да якога дапамагла яе цётка, на той час дырэктар дзіцячага дома № 2 Таццяна Радкевіч. Яна, дарэчы, і дапамагала рабіць маладому педагогу першыя крокі. Спачатку настаўніцы падавалася, што яна будзе выкладаць дзецям матэрыял, а тыя з удзячнасцю, ловячы кожнае слова, будуць успрымаць і запамінаць. Аднак у рэальнасці аказалася ўсё не так. Усе дзеці розныя, іх бацькі таксама. І таму бацькоўскі і дзіцячы давер трэба было заслужыць. І калі гэта здарылася, то стала для Наталлі вялікай перамогай, пасля якой яна паверыла ў свае сілы і магчымасці.
“На той момант я, як, мабыць, і кожны малады спецыяліст, добра ведала, якім павінен быць урок і імкнулася зрабіць яго ідэальным, не разумеючы таго, што ідэальны ўрок — гэта не той урок, які праведзены па канспекце, умясціўся ў 45 хвілін і на ім зроблена пэўная колькасць практыкаванняў. Галоўнае на ўроку — дасягненне настаўнікам той мэты, якую ён паставіў, калі навучыў таму ці іншаму дзяцей, — адзначае Н.П.Краўцова. — Выкладаць намнога прасцей, чым навучыць. І калі ты праводзіш адзін урок, другі — і здаецца, што яны такія цудоўныя, ты ўсё паспяваеш, а на трэцім уроку даеш навучэнцам самастойную работу і бачыш, што дзеці нічога не засвоілі, то робіш выснову, што праведзеныя ўрокі не такія ўжо і добрыя”.
Сучасны ўрок для Н.П.Краўцовай — гэта ў большай частцы супрацоўніцтва, вучні актыўныя яго ўдзельнікі, складальнікі і творцы. Калі дзеці зацікаўлены, самі фармулююць мэту і задачы, дабіваюцца акрэсленага рознымі сродкамі, то і ўрок удасца.
“Сёння ўжо не адкажаш вучню: мы гэтага яшчэ не праходзілі альбо гэта не тэма сённяшняга ўрока. І кожнае новае пытанне дзіцяці — штуршок да змянення ўрока, — тлумачыць настаўніца. — Плануючы той ці іншы ўрок, прадумваю некалькі яго варыянтаў. Рыхтую матэрыял і для індывідуальнай, і для самастойнай, і для групавой работы, а вучні самі выбіраюць, будуць яны працаваць, напрыклад, з інтэрнэтам, з інтэрактыўнай дошкай альбо карткамі. Дзецям прадастаўляецца права выбару работы на ўроку. Найбольш эфектыўнай такая арганізацыя вучэбных заняткаў з’яўляецца, калі вывучэнне той ці іншай тэмы праводзіцца блокамі”.
На ўсё жыццё настаўніца запомніла словы выкладчыка рускай мовы і літаратуры каледжа, які гаварыў, што школьнік нагадвае чалавека, які заходзіць у школу з рукзачком, а мы ж не ведаем, кім ён стане і дзе будзе жыць — у гарах, на поўначы і г.д., і таму на ўсялякі выпадак складваем у гэты рукзак усё, што лічым патрэбным (і ледасек, і сандалі і г.д.), — адным словам, нагружаем усімі ведамі, якія могуць спатрэбіцца ў жыцці, а потым ён пад цяжарам рукзака выходзіць з 11 класа, і, аказваецца, што ісці яму трэба па роўнай асфальтаванай дарозе і ўсё, што яму патрэбна, — гэта толькі кеды (веды ў пэўнай галіне). А таму настаўніца пераканана, што важная не столькі колькасць ведаў, якімі педагог загрузіць вучня, а фарміраванне ў яго ўмення прыстасавацца да пэўнай сітуацыі, авалодаць тымі якасцямі, якія дапамогуць яму пры неабходнасці выйсці з таго ці іншага жыццёвага выпрабавання.
У сваёй рабоце Наталля Пятроўна выкарыстоўвае элементы розных адукацыйных тэхналогій: развіццёвага навучання, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, актыўную ацэнку, праграмаванае навучанне. Абапіраючыся на сістэму адаптыўнага навучання, настаўніца паспяхова стварае праблемныя сітуацыі і арганізоўвае часткова-даследчую пошукавую дзейнасць. Выхаванцы Н.П.Краўцовай з вялікім захапленнем складаюць інтэлект-карты, якія дапамагаюць вучыцца адбіраць патрэбную інфармацыю, умець яе кампанаваць, класіфікаваць і потым з лёгкасцю адказваць тэарэтычны матэрыял з дапамогай інтэлект-карты. Гэта накшталт шпаргалкі, якую вучні альбо студэнты пішуць не столькі, каб скарыстацца ёй, колькі каб прывесці веды ў сістэму. Нават слабаму вучню, які дрэнна засвоіў матэрыял, з выкарыстаннем інтэлект-карты ён становіцца зразумелым.
Для ўрокаў педагога характэрна творчая работа на апярэджанне і перавышэнне наяўнага інтэлектуальнага развіцця асобы кожнага вучня. Наталля Пятроўна актыўна выкарыстоўвае ўласны дыдактычны і раздатачны матэрыял, што дапамагае ажыццявіць дыферэнцыяцыю і заахвочванне дзяцей да работы. Прымяняе разнастайныя нестандартныя формы правядзення ўрокаў.
Восем гадоў назад настаўніца пачала прымяняць у практыцы сваёй работы інфармацыйныя техналогіі (вучэбны кабінет настаўніцы аснашчаны відэапраектарам, інтэрактыўнай дошкай, камп’ютарамі). Яны даюць магчымасць вырашаць задачы асобасна арыентаванага падыходу, дазваляюць настаўніку быць непрадказальнымі. А на мове вучня — гэта займальная работа, ад якой не адарвацца і за якую цябе яшчэ і пахваляць. Спачатку на ўроках па курсе “Мая Радзіма — Беларусь” дзеці працавалі па групах за некалькімі камп’ютарамі. Настаўніца брала гатовыя ўрокі з выкарыстаннем ІКТ і перапрацоўвала іх пад сябе, напаўняла новым матэрыялам, стварала прэзентацыі.
Паступова былі выкарыстаны магчымасці дыстанцыйнага навучання з апорай на матывацыйную сферу дзяцей. Пры гэтым, як паказала практыка, у навучэнцаў фарміруюцца неабходныя веды і навыкі, дысцыплінаванасць і самаарганізаванасць.
На думку настаўніцы, у пачатковай школе найбольш прадукцыйным з’яўляецца выкарыстанне дыстанцыйных тэхналогій пры падрыхтоўцы да алімпіяд, арганізацыі кантролю і карэкцыі ведаў навучэнцаў (дарэчы, апошні напрамак дазволілі ажыццявіць вопыт і знаёмства з аўтарскай методыкай праверкі засваення ведаў С.І.Гін). Самым эфектыўным Н.П.Краўцовай падаецца выкарыстанне кейс-тэхналогіі, якая ў сваёй большасці нагадвае карэспандэнцкае навучанне і, як правіла, прымяняецца ў спалучэнні з вочнай формай навучання.
“Па выніках дыягностыкі самым стрэсаўтваральным фактарам у структуры трывожнасці малодшых школьнікаў з’яўляецца сітуацыя праверкі ведаў. Прычын шмат: неабходна выканаць работу за адведзены прамежак часу без уліку тэмпераменту, сітуацыя паражэння для слабапаспяваючых “ізноў “двойка”, адсутнасць магчымасці паўплываць на вынік. Атрыманая вучнем адзнака аднамомантная, яна правярае веды вучняў тут і цяпер: сёння вучань не ведае матэрыял — я пастаўлю яму “двойку”, а заўтра ён можа вывучыць яго, аднак “двойка” ўжо стаіць… — гаворыць Наталля Пятроўна. — Дыстанцыйнае навучанне — рэальная магчымасць займацца і з моцнымі вучнямі. Згадзіцеся, калі я на ўроку буду працаваць з імі, то ўсім астатнім давядзецца вывучаць і знаёміцца з матэрыялам самастойна”.
З дапамогай бацькоў была створана база электронных адрасоў кожнага навучэнца. Прычым з бацькамі настаўніца загадзя правяла вялікую тлумачальную работу, бо паспяховая дзейнасць вучня цалкам залежыць ад сумленнага выканання бацькамі шэрага функцый: стварэння тэхналагічнага асяроддзя для выканання задання; тэхнічнага суправаджэння, афармлення і адпраўкі работ, і самае галоўнае — эмацыянальнай падтрымкі, шчырай зацікаўленасці работай дзіцяці.
Пры дапамозе электроннай пошты вучань за два тыдні да заканчэння чвэрці атрымлівае заліковыя работы па матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Заліковая работа ўяўляе сабой комплекс з 10 заданняў па ўсіх вывучаных у гэтай чвэрці тэмах. Парадак выканання заданняў адвольны, час не абмяжоўваецца. Выкананая работа па электронным адрасе адпраўляецца для аналізу і праверкі. Выпраўленні і рэкамендацыі па карэкцыі ведаў атрымліваюцца такім жа чынам.
Кожная тэма ацэньваецца асобна. Калі ўсе заданні выкананы без памылак, вучань вызваляецца ад выканання дамашніх заданняў да канца чвэрці. На электронны адрас вучань атрымлівае “асабовы ацэначны ліст”, дзе адлюстраваны тэмы засвоеныя і тыя, якія патрабуюць карэкцыі і дадатковай адпрацоўкі. Выконваць аналагічныя карэкцыйныя заданні можна як падчас стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў разам з цьютарам, так і разам з вучнем-кансультантам, які ўжо здаў залік.
Падабаюцца вучням і “крыжаваныя праверкі”, калі малодшы школьнік можа даслаць сваю работу на праверку спачатку любому з вучняў класа. Такім чынам вучань вяртаецца да тэмы яшчэ раз: каб убачыць памылкі ці пераканацца ў правільнасці.
Н.П.Краўцова складае па выніках заліковых работ зводную табліцу і атрымлівае рэальную карціну паспяховасці па кожнай тэме, па кожным вучні і цалкам па класе. Гэта дазваляе своечасова спланаваць і эфектыўна арганізаваць работу па паўтарэнні і замацаванні вывучанага матэрыялу, ажыццявіць індывідуальны падыход у навучанні.
“Нельга забывацца і пра вучняў, якія хварэюць доўгі час ці пераведзены на дамашняе навучанне. Менавіта дыстанцыйныя тэхналогіі дазваляюць настаўніку і вучням у любы зручны для іх час мець зносіны з дапамогай лістоў, з якімі навучэнец атрымлівае чарговую партыю заданняў. Такім чынам, вучань своечасова (загадзя да кантрольных і праверачных работ) забяспечваецца ўсімі неабходнымі вучэбнымі дапаможнікамі — табліцамі, памяткамі, алгарытмамі, прэзентацыямі. Менавіта дыстанцыйныя тэхналогіі дазволяць аператыўна атрымаць неабходныя матэрыялы, якія дапамогуць ім адаптавацца, пазбавяць пачуцця ізаляванасці, здымуць хваляванне, напружанне і трывожнасць”, — заўважае настаўніца.
Правядзенне такіх заліковых работ мае нямала станоўчых бакоў. Па-першае, заліковая работа выступае дастаткова эфектыўным сродкам зваротнай сувязі, па-другое, дыягностыка засваення ўсіх, а не выпадкова выбраных тэм забяспечвае адлюстраванне рэальнага ўзроўню ведаў; па-трэцяе, вучань выступае ў ролі суб’екта ў актыўнай свядомай пазіцыі ў адносінах да ўласнага навучання, ён можа выбраць любы з прапанаваных аб’ектаў навучання, самастойна планаваць час, месца і працягласць заняткаў. Акрамя таго, дыстанцыйнае навучанне дазваляе прытрымлівацца для кожнага навучэнца зручнага тэмпу работы, улічваць уласныя інтарэсы і запатрабаванні.
Сёння на электронныя адрасы настаўніца можа даслаць любую інфармацыю: спіс літаратуры на лета, інфармацыю пра пазакласнае чытанне, аб’яву для бацькоў і інш. У выніку адпадае неабходнасць на бацькоўскім сходзе вырашаць інфармацыйныя пытанні.
Работу з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі настаўніца плануе развіваць і ўдасканальваць і ў новым навучальным годзе. Вучэбны кабінет плануецца абсталяваць мабільным камп’ютарным класам — а гэта, зразумела, асваенне новых форм і метадаў работы. У планах педагога — складанне дыска з алімпіяднымі заданнямі для вучняў пачатковых класаў, якія дапамогуць дзецям якасна падрыхтавацца да інтэлектуальных спаборніцтваў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.