Праблема развіцця пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў да вывучэння вучэбных прадметаў не губляе сваёй актуальнасці і сёння. У эпоху імклівага прагрэсу і век камп’ютарызацыі дзеці перастаюць заўважаць навакольны свет. Навучыць дзіця бачыць прыгажосць роднай прыроды, берагчы і любіць яе — адна з задач настаўніка геаграфіі. Менавіта геаграфія накіравана на развіццё інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу моладзі, падрыхтоўку навучэнцаў да рознабаковай дзейнасці ў геаграфічным асяроддзі акаляючай іх прасторы, на фарміраванне ўменняў аб’ектыўна ацэньваць падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, і выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.
Апошніх 10 гадоў колькасць гадзін на вывучэнне геаграфіі ў школьнай праграме значна зменшылася, і таму педагогу, які творча працуе, для больш поўнага засваення адукацыйнай праграмы неабходна інтэграваць урочную і пазаўрочную дзейнасць навучэнцаў. Дзяцей цікавяць многія геаграфічныя праблемы, раскрыць якія не падаецца магчымым на ўроку з-за недахопу часу. Галоўная задача пазаўрочных заняткаў па геаграфіі — задаволіць інтарэсы школьнікаў у вывучэнні асноўных геаграфічных працэсаў, дапамагчы ім усебакова пазнаць разнастайнасць і багацце роднай прыроды, навучыць беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя. Арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў нашай школы ўдзяляецца асаблівая ўвага.
Першай прыступкай вывучэння геаграфіі ў пазаўрочны час, базавым адукацыйным маршрутам навучэнцаў, пры праходжанні якога можна выйсці на больш высокі ўзровень навучанасці і выхаванасці, развіцця экалагічнай культуры, з’яўляецца дзейнасць экалагічнага гуртка “Юны эколаг”, створанага ў нашай школе на базе 5-х класаў. Дзейнасць аб’яднання па інтарэсах накіравана на ўзаемадзеянне навучэнцаў з прыродай, усведамленне імі адказнасці за далейшае развіццё біясферы, за сваю бяспечную будучыню. На занятках гуртка дзеці знаёмяцца з роляй прыроды ў гаспадарчай дзейнасці чалавека, асаблівасцямі эстэтычнага ўспрымання чалавекам навакольнага асяроддзя, уздзеяннем прыроды на эмоцыі чалавека. З дапамогай відэафільмаў, энцыклапедый і кніг яны спасцігаюць біялагічную разнастайнасць прыроды роднага краю. Вывучаюць асаблівасці расліннага і жывёльнага свету падчас экскурсіі ў заказнік “Непакойчыцы”, на вадасховішча “Візжар” і іншыя прыродныя аб’екты Жабінкаўскага раёна.
Штогод у студзені-лютым гурткоўцы прымаюць актыўны ўдзел у акцыі па стварэнні кармушак для птушак “Дапаможам птушыным сябрам”. Дзеці знаёмяцца з уласцівасцямі і хімічным складам вады, з таямніцамі лекавых траў, вывучаюць прычыны прастудных захворванняў і меры па іх прафілактыцы. У практычнай дзейнасці па этыкетках на ўпакоўках вывучаюць склад харчовых прадуктаў і іх уздзеянне на арганізм чалавека.
Некалькі гадзін гуртковай работы прысвечана вывучэнню экалагічных традыцый і абрадаў у фальклоры нашага краю, а заключным этапам дзейнасці гуртка з’яўляецца выпуск школьнікамі лістовак для навучэнцаў школы аб спосабах скарачэння расходавання электраэнергіі, вады і апрацоўкі бытавога смецця.
Наступнай прыступкай атрымання геаграфічных ведаў у нашай школе з’яўляецца факультатыў “Краязнаўства” для навучэнцаў 6-7 класаў. Заняткі факультатыву праводзяцца згодна з Праграмай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая арыентавана на комплекснае краязнаўства.
Мэта факультатыўных заняткаў — фарміраванне ў навучэнцаў ведаў аб родным краі ў агульнадзяржаўным і сусветным кантэксце, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму як вызначальных якасцей асобы.
На занятках факультатыву “Краязнаўства” навучэнцы знаёмяцца з асаблівасцямі дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі і Жабінкаўшчыны, разглядаюць колькасны і нацыянальны склад насельніцтва, асаблівасці побыту, абрадаў, адзення розных нацыянальнасцей краіны і сваёй мясцовасці, песні, танцы, народную музычную творчасць, вусную народную творчасць (прыказкі, прымаўкі і інш.); знаёмяцца з найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі ў нашым населеным пункце. На практычных занятках кожны з навучэнцаў даследуе паходжанне свайго прозвішча і спрабуе скласці сваё генеалагічнае дрэва.
Працуючы з літаратурай мясцовых пісьменнікаў (А.Р.Бензерука і М.М.Міцковіча), навучэнцы вывучаюць асаблівасці тапанімікі населеных пунктаў Жабінкаўскага раёна, з цікавасцю дзеляцца на занятках з вучнямі легендамі пра паходжанне назваў населеных пунктаў роднага краю, вывучаюць асаблівасці забудовы і формы планіроўкі населеных пунктаў Жабінкаўшчыны. Падчас экскурсій наведваюць помнікі архітэктуры Жабінкі.
Таксама на занятках факультатыву навучэнцы вывучаюць сучасны стан народнай гаспадаркі раёна, наведваюць музей прамысловага прадпрыемства ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і падрабязна вывучаюць спецыялізацыю аграпрамысловага прадпрыемства ААТ “Жабінкаўскі”.
На заключных занятках факультатыву “Краязнаўства” традыцыйным стала правядзенне краязнаўчай вечарыны “Мой родны кут, як ты мне мілы”.
Пасля заканчэння заняткаў краязнаўчага факультатыву навучэнцы з задавальненнем дзеляцца сваімі ведамі з малодшымі сябрамі і самастойна праводзяць экскурсіі на прыроду, удзельнічаюць у экалагічных акцыях і мерапрыемствах.
З пачатку 2013/2014 навучальнага года ў школьнікаў, якія цікавяцца геаграфіяй, з’явіўся шанс на больш высокім узроўні вывучаць любімы прадмет. На базе БрДУ імя А.С.Пушкіна пры геаграфічным факультэце адкрылася і эфектыўна працуе “Школа юнага географа”. У школе займаецца 14 навучэнцаў 8—11 класаў з розных школ Брэста, Жабінкі і Маларыты. 6 навучэнцаў — вучні нашай школы.
Мэта “Школы юнага географа” — паглыбленае вывучэнне геаграфіі, высвятленне даследчых магчымасцей навучэнцаў, навучанне іх беражлівым адносінам да прыроды і, што вельмі важна, папулярызацыя навукі геаграфіі. У дзяцей з’явілася магчымасць атрымліваць веды па многіх раздзелах геаграфіі, якія не ўваходзяць у праграму сярэдняй школы. І хаця тут не рыхтуюць да ЦТ, вучыцца дзецям вельмі карысна і цікава. Навучанне пашырае кругагляд, дапамагае ў падрыхтоўцы да алімпіяд. Акрамя таго, гэта выдатная бясплатная магчымасць пазнаёміцца з геаграфічным факультэтам БрДУ імя А.С.Пушкіна, загадзя вызначыцца з выбарам прафесіі.
Праграма навучання “Школы юнага географа” ўключае ў сябе такія дысцыпліны, як “Геалогія”, “Біягеаграфія”, “Сацыяльна-эканамічная геаграфія”, “Гідралогія”, “Метэаралогія”, “Турызм і рэкрэацыя”, “Глебазнаўства”, “Тапаграфія” і інш.
Выкладаюць у “Школе юнага географа” вопытныя педагогі, выкладчыкі геаграфічнага факультэта, прафесары, дацэнты, дактары і кандыдаты геаграфічных, біялагічных і гістарычных навук. Кожныя заняткі ўключаюць у сябе лекцыю, накіраваную на тое, каб пазнаёміць навучэнцаў з геаграфіяй як комплексам навук, аб’ектам вывучэння і асноўнай тэрміналогіяй, падмацаваць геаграфічныя веды практычнымі заняткамі. Вынік кожных заняткаў — выхаванне ў навучэнцаў свядомага прыродаахоўнага светапогляду і экалагічнай культуры, неабходнай кожнаму чалавеку.
Заняткі “Школы юнага географа” праходзяць займальна і цікава, надоўга пакідаючы след у душы кожнага дзіцяці. Праслухаўшы лекцыю “Паходжанне і развіццё Зямлі” прафесара М.А.Багдасарава, наведаўшы экспазіцыю мінералаў кабінета геалогіі і пабываўшы на мінералагічнай выставе ў “Зімовым садзе” БрДУ, экскурсію па якой правёў старшы выкладчык кафедры геаграфіі Беларусі М.Ф.Грачанік, навучэнцы па-іншаму ўбачылі свет камянёў і мінералаў, зацікавіліся геалогіяй і мінералогіяй. Шмат цікавага і займальнага са свету раслін навучэнцы даведаліся на лекцыі “Раслінныя фармацыі свету”, якую прачытала дэкан геаграфічнага факультэта дацэнт І.В.Абрамава. Адразу пасля лекцыі з мэтай замацавання атрыманых ведаў была арганізавана экскурсія па Зімовым садзе БрДУ.
Не сакрэт, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Займальнымі і цікавымі былі лекцыі кандыдата геаграфічных навук дацэнта С.В.Арцёменкі і кандыдата гістарычных навук дацэнта А.Д.Панько, падчас якіх навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй геаграфічных адкрыццяў і развіццём геаграфіі як навукі, з асаблівасцямі правядзення і ўдзелу ў водных спартыўных паходах. Цяпер школьнікі з нецярпеннем чакаюць чарговых заняткаў “Школы юнага географа”. А шасцёра навучэнцаў адзінаццатых класаў ужо вызначыліся з выбарам прафесіі — яны плануюць стаць студэнтамі геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Заняткі ў “Школе юнага географа” сталі штуршком да даследчай дзейнасці навучэнцаў. Так, работа навучэнкі 11 класа Марыі Дудар на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Лічу, што з адкрыццём “Школы юнага географа” пры геаграфічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна дзецям вельмі пашанцавала і іх шлях ад юнага эколага да юнага географа стаў яшчэ больш насычаным і цікавым. А атрыманне ведаў не толькі ад настаўніка, але і ад выкладчыкаў універсітэта дае рэальную магчымасць павышэння якасці адукацыі навучэнцаў.
Вольга ДУДАР,
настаўніца геаграфіі
сярэдняй школы № 2 Жабінкі Брэсцкай вобласці.