Як праверыць дакладнасць інфармацыі ў інтэрнэце

Інфармацыі ў свеце вельмі шмат, і з кожным годам яе не проста становіцца больш, яе аб’ёмы павялічваюцца вельмі хутка. Школьная праграма аб’ектыўна не паспявае за ўсім новым, што адбываецца ў навуцы. Не працэс запамінання вучнем інфармацыі, а працэс знаходжання і прымянення яе на практыцы выйшаў на першы план. Навык, на фарміраванне якога неабходна звярнуць увагу, — гэта ўменне карыстацца пошукавымі сістэмамі, знаходзіць патрэбную інфармацыю і адрозніваць аўтарытэтныя крыніцы ад нізкаякасных.

Пачынаючы заняткі па медыяпісьменнасці, прапаноўваю слухачам даведацца па характарыстыцы, пра каго ідзе гаворка. Складнікі характарыстыкі наступныя:

*Ÿ амаль не карыстаецца гарадскім тэлефонам, не памятае нумары сяброў, не выбірае тэлефон або інтэрнэт, не піша ад рукі, а звыкла набірае на клавіятуры;

*Ÿ кожны дзень карыстаецца камп’ютарам, планшэтам, смартфонам і даволі часта прыстаўкай для гульняў;

Ÿ* дрэнна запамінае, бо вырас у асяроддзі, дзе пра ўсё можна спытаць у інтэрнэце, але адначасова можа паспяхова выкон­ваць некалькі задач;

*Ÿ лепш разумее вобраз, чым слова, бо сталеў ва ўмовах дэматыватараў, інфаграфікі і фота сяброў і коцікаў;

*Ÿ мае сотні сяброў у сацыяльных сетках, не засяроджваецца на трывалых адносінах і лёгка развітваецца, калі адчувае сябе некамфортна;

*Ÿ галоўная матывацыя — цікавасць, калі нецікава — нічога не будзе рабіць, таму што ў яго ўсё ёсць (бацькі забяспечылі);

Ÿ* неамбіцыйны, але прывык да пахвалы, лайкаў і рэпостаў.
Адказы вельмі розныя: ад бяскрыўдных “гэта ж нашы школьнікі” да агрэсіўных “гэта нейкія непаўнацэнныя людзі”. А гэта ўсяго толькі характарыстыка пакалення Z. Тэорыю пакаленняў распрацавалі Вільям Штраус і Нэйл Хоўв. Штраус і Хоўв вызначаюць пакаленне як сукупнасць усіх людзей, народжаных у адрэзак часу, што складае прыкладна 20 гадоў. Гэта група людзей, народжаных у пэўны ўзроставы перыяд, якія адчулі ўплыў адных і тых жа падзей і асаблівасцей выхавання, з падобнымі каштоўнасцямі. Да пакален­ня Z адносяцца тыя, хто нарадзіўся пасля 2003 года. Пра іх кажуць яшчэ “народжаныя лічбавай рэвалюцыяй”. Яны выраслі ў эпоху сацыяльных сетак і не ўяўляюць свайго жыцця без лічбавых гаджэтаў. Яны ўспры­маюць інтэрнэт як асяроддзе пражывання. 90% з іх штодня карыстаюцца інтэрнэтам (сярод іх баць­коў гэта робіць кожны другі). У сучасных дзяцей сацыялізацыя адбываецца ў інтэрнэце, у той час як бацькі ў іх узросце мелі зносіны асабіста. Псіхолагі сцвярджаюць, што ў такіх дзяцей іншы тып мыслення, іншае ­ўспрыманне. І гэта трэба ўлічваць пры навучанні і выхаванні.

Пакаленне Z жыве ў інтэрнэце, карыстаецца лічбавымі прыладамі лепш за бацькоў і настаўнікаў, але часам не разумее, якому кантэнту можна давяраць. Паводле апошніх даследаванняў Стэнфардскага ўніверсітэта, падлеткі не могуць адрозніць рэкламныя матэрыялы ў СМІ ад класічных навін. Навукоўцы хацелі высветліць, як вучні ацэньваюць інфармацыю з вэб-сайтаў. Эксперты апыталі 7804 вучняў з сярэдніх школ і каледжаў. Аказалася, што 82% не бачаць розніцы паміж аплачаным кантэнтам і звычайнымі тэкстамі. Як правіла, вучні арыентаваліся на тое, ці былі да артыкула прымацаваны вялікія яркія малюнкі, і на колькасць падрабязнасцей, а не на крыніцу інфармацыі, піша The Wall Street Journal.

Мы добра бачым памылкі ў той вобласці, дзе кампетэнтныя самі. Географу кідаюцца ў вочы недакладнасці ў геаграфічных назвах, фізік заўважае памылкі ў навукова-папулярных тэкстах, філолаг будзе выпраўляць нават назву цэннікаў у магазіне. Мы бачым памылкі там, дзе прывыклі іх шукаць. Што рабіць дзіцяці, у якога такога навыку няма? Калі ён не ведае, што інфармацыя можа быць непраўдзівай, то і падазрэнняў яна выклікаць не будзе. Пры пошуку якой-небудзь інфармацыі па тэме вучні выдаюць першы матэрыял, які трапіў на вочы, не правяраючы, не аналізуючы яго дакладнасць. Як мы вучым дзяцей правілам дарожнага руху, так трэба іх вучыць і правілам руху ў інфармацыйных плынях. Гэта залог бяспекі.

Шмат інфармацыі дзеці бяруць з інтэрнэту, часам не заўважаючы розніцы паміж якаснай і няякаснай, слепа давяраюць навінам, атрыманым з сусветнай сеткі, таму перш за ўсё неабходна навучыцца правяраць яе дакладнасць. Прыём некарэктнай падачы інфармацыі, які выдатна працуе на прыцягненне ўвагі, — выкарыстанне шакіруючых загалоўкаў навін, прычым самі навіны могуць быць звычайнымі. Напрыклад, загаловак “Пётр ­Ялфімаў пры смерці!”. Навіна на самай справе пра тое, як у нейкай далёкай вёсцы цёзка вядомага спевака трапіў у ДТЗ, але чалавек рэагуе не на саму інфармацыю, а на загаловак, публікуючы матэрыял у сацыяльнай сетцы, у блогу і г.д. Калі ж гэта чалавек вядомы і яго меркаванням многія давяраюць, то навіна разлятаецца імгненна.

Для вызначэння дакладнасці інфармацыі можна карыстацца наступнымі фармальнымі індыкатарамі:

Надзейнасць крыніцы

Ÿ* Наяўнасць спасылак на крыніцы інфармацыі. Лепш, калі гэта спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы інфармацыі. Даволі часта ў інтэрнэце ідзе перадрукоўка даных з аднаго сайта на іншыя. Чым больш спасылак на зыходны матэрыял у інтэрнэце, тым вышэйшы яго ­аўтарытэт сярод іншых рэсурсаў.

Ÿ* Звяртайце ўвагу на URL-адрас вэб-сайта. Калі адрас URL.gov, хутчэй за ўсё, гэта на­дзейны ўрадавы вэб-сайт. Напрыклад, ­адрас сайта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь edu.gov.by. Калі назва сайта за­канчваецца на .edu, то, хутчэй за ўсё, сайт належыць уста­нове адукацыі. Матэрыялы на такіх сайтах чытальныя і важныя. Канчатак сайта .сom сведчыць аб прыналежнасці да камерцыйнай арганізацыі, канчатак .org — да cайта некамерцыйнай арганізацыі. Канчаткі .by, .ua, .ru сведчаць аб нацыянальнасці дамена. Канчатак .net маюць сайты сеткавых правайдараў, адміністрацыйныя сайты інтэрнэту.

Ÿ* Рэйтынг рэсурсу, на якім разме­шчана інфармацыя. У гэтым могуць дапамагчы вядомыя інфармацыйна-пошукавыя сістэмы, напрыклад, Google. Ён пакажа  індэкс цытавання рэсурсу, выдасць праз пошукавы запыт інфармацыю пра яго. Дастаткова ў радку пошуку набраць link: адрас вэб-сайта. Таксама па розных камбінацыях запытаў Google прадставіць аналагічную інфармацыю, якая дапаможа параўнаць даныя.

Ÿ* Актуальнасць і навізна. Трэба звяр­нуць увагу, ці ёсць на сайце даты, якія ўказваюць, калі сайт быў створаны, калі абнаўляўся апошні раз. Для праверкі можна загрузіць https://archive.org/, які дапаможа праверыць дату стварэння і абнаўлення, зафіксаваную праектам. Паказчыкі таго, ці працягвае ­аўтар або распрацоўшчык сайта падтрымліваць старонку, сведчаць аб магчымасці атрымаць свежыя навіны. Праверыць, ці з’яўляюцца рабочымі спасылкі, размешчаныя на сайце.

Аўтарства

Ÿ* Каб зразумець, ці варта давя­раць якому-небудзь артыкулу, можна пашукаць інфармацыю аб статусе і кампетэнтнасці яго аўтара. Напрыклад, азнаёміцца з іншымі яго працамі, каментарыямі і водгукамі чытачоў. Калі аўтар артыкула мае добры журналісцкі вопыт, ганаровую пасаду або навуковую ступень, шансы на праўдзівасць яго матэрыялаў узрастаюць. Акрамя таго, у інтэрнэце могуць быць яго блогі, старонкі ў сацыяльных сетках і іншая інфармацыя, якая дапаможа скласці меркаванне пра аўтара.

Ÿ* Кампетэнтнасць аўтара артыкула менавіта па гэтай тэме. Дастаткова ў радку пошуку набраць: імя аўтара і тэму.

Ÿ* Наяўнасць зваротнай сувязі з ­аўтарам. Гэта можа быць спасылка на хатнюю старонку (Home) ці наяўнасць спасылак “Пра нас” (About us), “Пра сябе” (Who Am I), “Кантакты” (Contacts), “Пытанні, якія часта задаюць” (FAQ), “Яшчэ” (For More), “Інфармацыя пра кампанію” (Company Information), “Профілі” (Profiles), “Персанал” (Our staff) або іншыя індыкатары, з дапамогай якіх можна знайсці інфармацыю пра аўтара.

Якасць падачы інфармацыі

Ÿ* Інфармацыя пададзена якасна, без мноства граматычных, сінтаксічных або пунктуацыйных памылак.

Ÿ* Адпаведнасць фотаздымкаў або малюнкаў зместу сайта. Іх карысць.

Ÿ* Адпаведнасць назвы адраса сайта яго зместу.

Ÿ* Спасылкі, размешчаныя на гэтым сайце, вядуць на іншыя карысныя рэсурсы.

Ÿ* Ацэнка інфармацыі на праў­дзівасць. Для гэтага можна скарыстацца парадай Крыса Шэрмана і Гэры Прайса: “Выкарыстайце тыя ж самыя фільтры пры ацэнцы інфармацыі, якія вы ўжываеце пры чытанні інфармацыі ў рэжыме афлайн. Спытайце сябе: “Як бы я адрэагаваў, калі б прачытаў пра гэта ў газеце ці ў лісце, што прыйшоў па пошце?” Той факт, што інфармацыя змяшчаецца ў інтэрнэце, яшчэ не служыць доказам яе праў­дзівасці, роўна як і наадварот.

Наяўнасць карцінкі або фотаздымка ў інфармацыйным паведамленні прыцягвае значна больш чытачоў. Большасць падлеткаў у першую чаргу рэагуюць на навіну, якая су­праваджаецца прыгожай карцінкай. Існуе нямала рэсурсаў, здольных дапамагчы правесці аператыўную праверку малюнкаў на дакладнасць: Findexif.com — бясплатны сэрвіс, на які можна загрузіць фотаздымак ці даць спасылку на яго. Ён вызначыць, калі было зроблена фота, якой прыладай, параметры выя­вы. Часам можна вызначыць і месца здымкі. FotoForensics — сайт, які можа знайсці фрагменты, устаўленыя ў фотаздымак пры рэдагаванні. Пасля апрацоўкі праграма выдае здымак, дзе змененыя вобласці будуць выдзелены на фоне іншых. Google Search by Image, пошук у раздзеле “Малюнкі” сістэмы “Яндэкс” і праграма TinEye — зваротны пошук малюнкаў. Сюды можна загрузіць фота, каб знай­сці яго арыгінальную крыніцу і паглядзець, дзе яно яшчэ друкавалася.

Недакладная інфармацыя сустракаецца не толькі ў інфармацыйна-забаўляльнай сферы, але і ў любых іншых, уключаючы адукацыйную. Шмат памылак сустракаецца ў розных банках рэфератаў, якімі так любяць карыстацца школьнікі. Давяраць у сетцы можна афіцыйным энцыклапедыям, слоўнікам. Адукацыйныя рэсурсы, якія прайшлі праверку на даклад­насць, можна ўбачыць у розных афіцыйных калекцыях адукацыйных рэсурсаў. Прывядзём некаторыя прыклады:

http://www.edu.by — Беларускі нацыянальны адукацыйны інтэрнэт-партал;

http://rikz.unibel.by — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў;

http://www.academy.edu.by — сайт Акадэміі паслядыпломнай адукацыі;

http://www.nlb.by — інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі;

http://npb.unibel.by — сайт навукова-педагагічнай бібліятэкі ГІАЦ.

Матэрыялы, апублікаваныя там, у большасці сваёй прайшлі навукова-метадычную экспертызу.

Аднак варта ўлічваць наступны момант. Напрыклад, у апошні час вялікую папуляр­насць набыла Вікіпедыя — свабодная энцыклапедыя. Інфармацыя, апублікаваная ў ёй, можа цалкам аказацца недакладнай, бо доступ да рэдагавання артыкулаў мае любы жадаючы — ад навуковага супрацоўніка да навучэнца пачатковай школы.

Выкарыстоўваць Вікіпедыю для азнаям­лення з матэрыяламі па тэме, якая зацікавіла вучня, можна, але не ўспрымаць яе як эксперта. Калі няма неабходнасці дэталёва выву­чыць тэму, то Вікіпедыя падыдзе. Таксама можна скарыстацца яе спасылкамі на выдатныя і добрыя артыкулы. Па даных Вікіпедыі: “Выдатныя артыкулы — артыкулы, якія ўдзельнікі Вікіпедыі лічаць аднымі з самых лепшых артыкулаў праекта. Выдатныя артыкулы — артыкулы, якія напісаны з веданнем пытання і раскрываюць закранутую тэму. Пры гэтым яны павінны адпавядаць пэўным патрабаванням. Перад тым як з’явіцца на гэтай старонцы, выдатныя артыкулы праходзяць працэдуру выбірання на старонцы “Вікіпедыя: кандыдаты ў выдатныя артыкулы”, дзе абмяр­коўваецца іх даклад­насць, нейтральнасць, паўната і стыль выкладу. Існуюць таксама добрыя артыкулы, якія пакуль не адпавя­даюць усім крытэрыям выдатных, але набліжаюцца да іх па якасці. Усе выдатныя артыкулы адзначаны знакам ó у верхнім правым вуглу сваёй старонкі, а таксама адпаведным шаблонам унізе артыкула. Колькасць выдатных артыкулаў у беларускай Вікіпедыі — 71”. Але трэба  памя­таць, што інфармацыя ў Вікіпедыі можа быць няправільнай.

Што сапраўды карыснае ў Вікіпедыі, гэта спіс крыніц унізе артыкула. Можна паглядзець на пералічаныя крыніцы і вырашыць для сябе, ці варта ім давяраць, пачытаць гэтыя крыніцы, каб убачыць інфармацыю ў кантэксце. Калі фрагменты інфармацыі цытуюцца недакладна, трэба быць напагатове. Пасля таго як  азнаёміліся з тэмай у Вікіпедыі, можна пашукаць больш падрабязную інфармацыю з дапамогай ключавых слоў, прыведзеных у артыкуле з Вікіпедыі. Калі ўвесці ў радку пошуку паметку edu або gov, Google выдасць даныя толькі з урадавых сайтаў або ўніверсітэтаў. Праўда, такія крыніцы больш аб’ёмныя або цяжкія для разумення, чым артыкулы Вікіпедыі.

Акамя таго, аналізу кантэнту трэба ву­чыць. Для гэтага неабавязкова ўводзіць асобны прадмет. Уменне крытычна аналізаваць інфармацыю з інтэрнэту можна адпрацоўваць на школьных уроках, бо вельмі часта навучэнцы рыхтуюць даклады, рэфераты па розных тэмах, вучэбныя праекты, выкарыстоўваючы ў якасці крыніцы электронныя рэсурсы. Можна прапанаваць праводзіць з навучэнцамі аналіз інфармацыйных паведамленняў па наступным плане:

Ÿ*Ÿ На якім сайце апублікавана інфармацыя? Што можна сказаць пра гэты сайт?

Ÿ*Ÿ Ці ўказана крыніца інфармацыі? Што вы можаце сказаць пра гэтую крыніцу?

Ÿ*Ÿ Хто аўтар інфармацыйнага паведамлення?

Ÿ*Ÿ Каму адрасавана гэтае паведамленне?

Ÿ*Ÿ Якая аргументацыя выкарыстоў­ваецца? Ці ёсць у тэксце фактычныя памылкі?

Ÿ*Ÿ Вызначце мэту iнфармацыйнага паведамлення.

ŸŸ* Знайдзіце ў сетцы падобныя паведамленні (падобную інфармацыю па гэтай тэме), выкарыстоўваючы розныя камбінацыі ключавых слоў. Параўнайце інфармацыю з розных крыніц, прааналізуйце яе.

Ÿ* Зрабіце выснову, ці можна давяраць гэтай інфармацыі.

Не спрабуйце змяніць ваша дзіця і ­зрабіць з яго чалавека з такімі ж перакананнямі, устаноўкамі і поглядамі, як у вас. Прыміце як факт: ён іншы, ён у чымсьці лепшы за вас. Дапамажыце яму ўвайсці ў дарослае жыццё, падзяліцеся сваім вопытам і прыгледзьцеся ўважлівей — магчыма, вам таксама ёсць чаму павучыцца ў яго.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*