Вывучэннем насельніцтва займаецца навука дэмаграфія, якая з’яўляецца часткай школьнага курса геаграфіі. Геаграфія насельніцтва займае важнае месца ў эканамічнай геаграфіі ў параўнанні з такімі яе часткамі, як геаграфія прамысловасці, сельскай гаспадаркі або транспарту. Насельніцтва як прадукцыйная сіла, як сукупнасць спажыўцоў звязана з усімі галінамі гаспадаркі, яно ўдзельнічае ва ўсіх з’явах і працэсах, што вывучаюцца эканамічнай геаграфіяй. Акрамя таго, яно мае асаблівасці, якія не залежаць непасрэдна ад гаспадаркі, але таксама павінны быць улічаны пры геаграфічнай характарыстыцы насельніцтва.
У школьным курсе геаграфіі, калі вучні знаёмяцца з катэгорыяй “насельніцтва”, адпаведная інфармацыя павінна падавацца як жывы аповед пра насельніцтва той ці іншай краіны. Карціны жыцця ў розных краінах, раёнах, мясцовасцях, якія стварае настаўнік на ўроку, неабходна спалучаць з колькаснымі паказчыкамі, да якіх адносяцца шчыльнасць насельніцтва, яго колькасць, нараджальнасць і смяротнасць. Даючы эканоміка-геаграфічную характарыстыку краіны або раёна, настаўнік павінен паказаць асноўныя асаблівасці размяшчэння населеных пунктаў, іх віды і тыпы ў розных рэгіёнах свету. Пры гэтым неабходна ўлічваць нацыянальныя адметнасці, паколькі яны маюць эканамічнае значэнне, такія як працоўныя навыкі, тэхнічная кваліфікацыя і г.д. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дзяленне насельніцтва на гарадское і сельскае, іх працэнтныя суадносіны. Адрозненне паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам мае для эканамічнай геаграфіі вялікае значэнне. Аднак, каб сфарміраваць поўнае ўяўленне пра насельніцтва краіны, трэба мець даныя пра яго класавы і прафесійны склад.
Разглядаючы жыццё людзей, неабходна ўлічваць шэраг фактараў: тып культуры, побыт, норавы, палітычны лад і грамадскія парадкі. Калі праілюстраваць гэта канкрэтнымі прыкладамі, навучэнцы азнаёмяцца з асаблівасцямі нацыянальнага характару народаў.
У 7—8 класах вучні атрымліваюць уяўленні пра шчыльнасць насельніцтва, формы рассялення, натуральны і механічны рух, працоўныя рэсурсы, урбанізацыю, агламерацыю. Тэма “Насельніцтва. Асаблівасці геаграфічных працэсаў” вывучаецца ў 9 класе. На яе адводзіцца 1 гадзіна. Асноўныя палажэнні тэмы разглядаюцца шырэй на наступных уроках — пры знаёмстве з пытаннямі ўрбанізацыі, міграцыі, палітычнымі працэсамі. Задача настаўніка — азнаёміць вучняў 9 класа з новымі паняццямі (“дэмаграфічная палітыка”, “рэлігійны склад”). Асаблівая ўвага звяртаецца на ўменне вучняў атрымліваць інфармацыю з геаграфічных, статыстычных і картаграфічных крыніц. На ўроку дзеці атрымліваюць рознаўзроўневыя творчыя заданні, заданні, накіраваныя на вылучэнне вузлавых пытанняў, раскрыццё галоўных палажэнняў тэмы, складаюць схемы-канспекты, карты. Для праверкі ведаў вучняў можна выкарыстоўваць тэставыя заданні.
Асноўныя задачы, якія стаяць перад настаўнікам, па тэме “Насельніцтва” наступныя:
- азнаёміць вучняў з адной з галін сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету — геаграфіяй насельніцтва — і асноўнымі аб’ектамі яе вывучэння, сярод якіх колькасць, рух, склад, размяшчэнне;
- увесці паняцці “дэмаграфічныя працэсы”, “дэмаграфічны пераход”, “узнаўленне насельніцтва”, “працягласць жыцця”, “дэмаграфічная палітыка”;
- ажыццявіць пераемнасць у рабоце з картамі і геаграфічным матэрыялам, навучыць дзяцей чытанню і аналізу карт, полаўзроставых пірамід, дыяграм, графікаў, якія адлюстроўваюць натуральны рух насельніцтва;
- сфарміраваць у вучняў уменне самастойна працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, даваць справаздачу аб праведзенай рабоце;
- давесці да вучняў, што без ведання нацыянальных і рэлігійных асаблівасцей, культурнай спадчыны нельга зразумець шматаблічны сучасны свет; што дэмаграфічныя праблемы даводзіцца вырашаць кожнай дзяржаве; што працоўныя рэсурсы аказваюць непасрэдны ўплыў на развіццё краіны; што канцэнтрацыя насельніцтва ў гарадах — галоўная рыса сучаснай дэмаграфіі, а кіраванне працэсамі ўрбанізацыі — адна з глабальных праблем.
У старшых класах асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца правядзенню практыкумаў, семінараў і канферэнцый. Практыкум у геаграфіі варта разглядаць як сістэму практычных работ са статыстычным матэрыялам, з картай, малюнкамі, табліцамі. У аснове практычных заняткаў павінна быць самастойная дзейнасць дзяцей. Можна накіраваць іх увагу на творчую работу і самастойны пошук адказаў на пытанні.
Савецкі эканомік-географ М.М.Баранскі лічыў, што геаграфія павінна знаёміць не толькі з ростам, размяшчэннем, складам і працэсам перасялення насельніцтва, але і адказваць на асноўнае пытанне: “Як жывуць людзі?”. Апошняе ўключае ў сябе культуру, побыт, норавы, палітычны лад, грамадскія парадкі. Таму пры вывучэнні насельніцтва неабходна звяртаць увагу на аспекты, якія тычацца сацыяльнага складу, расавых, нацыянальных, рэлігійных праблем, занятасці, якасці і ўзроўню жыцця людзей.
Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца гісторыі і геаграфіі Курманаўскага дзіцячага сада —сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.