Сёння, у эпоху імклівага развіцця тэхналогій і іх паспяховага выкарыстання ў адукацыйным працэсе, настаўніку заўсёды лёгка падабраць унікальныя і аптымальныя варыянты ўкаранення камп’ютара ці мабільнай прылады ў школьны ўрок для дасягнення розных задач. Мноства мабільных дадаткаў і сайтаў прызначана для паспяховага засваення ведаў па рускай мове і літаратуры, аднак гаворка ў артыкуле пойдзе не пра гэта.
У інтэрнэце існуюць на першы погляд не прызначаныя для заняткаў мабільныя дадаткі і камп’ютарныя праграмы-рандамайзеры. Рандамайзер (ад англ. random — выпадковы) — гэта праграма, прызначаная для генерацыі выпадковых лікаў. Першапачаткова складана звязаць генератар лікаў, які разглядаецца пераважна інфарматыкай і матэматыкай, з гуманітарнымі навукамі, аднак варта адзначыць, што магчымасці прымянення такой праграмы значна шырэйшыя.
Нярэдка навучэнцы розных узроставых катэгорый выказваюць прэтэнзіі наконт таго, што настаўнік выбірае іх для адказу на ўроку неапраўдана і прадузята. Узнікаюць лакальныя канфлікты і недастатковае разуменне паміж настаўнікам і навучэнцам, парушаецца псіхічны стан дзіцяці, выкліканы хаця і надуманай, але прычынай. Першым выйсцем з сітуацыі можа стаць, канечне, абгрунтаванне настаўнікам свайго выбару дзіцяці. Суправаджальны ж метад выбару тых, хто адказвае на ўроку, — гэта эксперыментальнае на дадзены момант выкарыстанне педагогам рандамайзера.
Практычна на ўсіх неабходных для настаўніка этапах урока рандамайзер, няхай гэта мабільны дадатак ці праграма на сайце, з’яўляецца своеасаблівым памочнікам, прыўносіць ва ўрокі рускай мовы ці літаратуры гульнявы момант. Выкарыстанне праграмы таксама аб’ектывуе выбар настаўніка: навучэнец для адказу выбіраецца выпадкова, нават калі выпадковасць вельмі чыстая, гэты выбар становіцца непрадузятым, што выключае развіццё псіхалагічнага стрэсу ў дзіцяці. На практыцы пытанне дарэчнага выкарыстання рандамайзера ў маёй школе раздзяліла навучэнцаў на дзве групы з полюснымі меркаваннямі, таму варта разгледзець перавагі і недахопы гэтага тэхнічнага новаўвядзення.
Да пераваг, акрамя вышэйпералічаных (унясенне гульнявога моманту, аб’ектыўнасць, непрадузятасць), варта таксама аднесці:
— эканомію часу на занятках пры выбары вучняў для работы на пэўным этапе (пры выбары аднаго навучэнца па рускай мове ці літаратуры, пры раздзяленні навучэнцаў на тых, хто задае пытанні і хто адказвае на іх на ўроку рускай літаратуры, пры стварэнні пэўнай, не па спісе, паслядоўнасці ўсіх, хто адказвае на ўроку);
— шырокі ахоп ведаў дзіцем у час паўтарэння на этапе кантролю ведаў (любы з параграфаў, які можа выдаць рандамайзер канкрэтна для навучэнца, павінен быць засвоены);
— фарміраванне адказнасці ў навучэнца за свае ўчынкі падчас яго асабістага ўдзелу ў выбары выпадковага ліку, пэўным чынам звязанага з урокам, пры ўзаемадзеянні з настаўнікам і электроннай прыладай.
Да недахопаў жа пры выкарыстанні генератара выпадковых лікаў на ўроках можна аднесці наступнае:
— адмоўныя адносіны некаторых навучэнцаў да выпадковага размеркавання і, такім чынам, незадаволенасць выбарам менавіта праграмы;
— частае выкарыстанне рандамайзера ў некаторых выпадках вядзе да неабгрунтаванага перанасычэння адзнакамі ў аднаго навучэнца і недастатковай колькасці адзнак у іншага, таму што выпадковы выбар праграмы можа паўтарацца;
— таксама працяглае выкарыстанне праграмы можа часткова абязлічыць настаўніка як кіраўніка адукацыйнага працэсу.
Як было сказана раней, праграма ўніверсальная і падыходзіць для ўсіх вучэбных прадметаў, дазваляючы хутка, своеасабліва і цікава размеркаваць функцыі навучэнцаў на кожным уроку. Рандамайзер пры ўмелым выкарыстанні можа стаць спробай пошуку новых форм і метадаў правядзення вучэбных заняткаў, калі педагог будзе і далей эксперыментаваць, сінтэзаваць розныя падыходы і сучасныя інструменты інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Аляксандр ДВАРАКОЎ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры Мілаславіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.