Па маршруце індывідуальнага развіцця

Работа з высокаматываванымі навучэнцамі на ўзроўні грамадства і дзяржавы вылучаецца ў разрад прыярытэтных напрамкаў. У нашай гімназіі распрацаваны комплекс мерапрыемстваў “Адораныя дзеці” на 2012—2015 гады, дэвізам якога сталі словы “Творчы патэнцыял ёсць ва ўсіх!”. Для работы з высокаматываванымі дзецьмі сёння выкарыстоўваюцца розныя формы работы: конкурсы, факультатывы, навуковыя канферэнцыі і г.д. Задзейнічаючы ў сваёй педагагічнай дзейнасці ўсе гэтыя формы, аддаю перавагу алімпіяднай рабоце, якая спрыяе выяўленню найбольш здольных дзяцей, развіццю іх адукацыйных патрэб, станаўленню творчай, свабоднай асобы.

Разумеючы, што сёння не з’яўляецца актуальным простае вымуштроўванне на рашэнне задач, імкнуся быць памочнікам у самаразвіцці, самаўдасканальванні, самавызначэнні вучня. У сувязі з гэтым сваю галоўную задачу бачу ў тым, каб навучыць дзіця вучыцца, накіраваць яго пазнавальны інтарэс на самастойны пошук ведаў. Настаўнік і навучэнцы ў маім разуменні — гэта суб’екты сумеснай дзейнасці, накіраванай на дасягненне запланаваных вынікаў.
Работа з навучэнцамі носіць сістэмны характар і ўключае ў сябе вучэбныя заняткі, факультатыўныя заняткі, “Гадзіну работы з адоранымі” і заняткі алімпіяднай школы.
Цэнтральнае месца пры гэтым, на мой погляд, займае ўрок. Трэці год працую над тэмай “Акадэмічная паспяховасць старшакласнікаў з дапамогай укаранення аўтарскай дыдактычнай сістэмы” ў рамках інавацыйнага праекта гімназіі “Укараненне мадэлі кіравання педагагічнымі ініцыятывамі як рэсурсу развіцця ўстановы адукацыі”. Асновай работы паслужыла гіпотэза аб тым, што, калі задзейнічаць пазнавальную актыўнасць, можна павысіць матывацыю да вучэння, а такім чынам і акадэмічную паспяховасць. Дасягнуць гэтага можна, рэалізаваўшы дзейнасны падыход, які забяспечвае ўключэнне навучэнца ў адукацыйны працэс як суб’екта, адказнага за вынікі свайго асобаснага станаўлення.
З 5 класа мае вучні ні адно правіла не атрымліваюць у гатовым выглядзе. Яны выводзяць іх самастойна, фіксуюць у выглядзе мадэлі, табліцы, схемы і прадстаўляюць на суд сваіх аднакласнікаў. Гэта займае больш часу, але пры гэтым навучэнцы самастойна здабываюць веды, усведамляюць сябе творцамі, якія ажыццяўляюць адкрыццё, асобамі. Акрамя таго, яны вучацца фармуляваць і адстойваць свой пункт гледжання, уступаць у спрэчку як з аднакласнікамі, так і з настаўнікам. Ці трэба казаць, што вучэбны матэрыял, здабыты такім спосабам, лепш і больш ахвотна запамінаецца? Калі праводзіць такую работу пастаянна, а таксама папярэджваць дзяцей пра тое, якія веды ім спатрэбяцца пры вывучэнні наступнай тэмы, вучань будзе бачыць мэту выканання дамашняй работы, якая перастане быць руцінай, якая даўно надакучыла.
З мэтай выяўлення праблем навучэнцаў праводжу тэстава-дыягнастычныя работы (пасля першаснага знаёмства з тэмай адзнака за такую работу не выстаўляецца). Яны ўяўляюць сабой алгарытм дзеянняў навучэнца пры рашэнні лінгвістычнай задачы і дапамагаюць вызначыць, на якім этапе дзіця адчувае цяжкасці. Услед за гэтым праводзіцца карэкцыйная работа. Варта ўлічыць, што эфектыўнасць навучання непасрэдна залежыць ад ступені валодання навучэнцамі прыёмамі самааналізу і самаацэнкі вучэбнай дзейнасці.
Важнае месца ў дзейнасці настаўніка займае распрацоўка дыдактычнага забеспячэння ўрока. Рыхтую матэрыялы для навучэнцаў. Яны могуць складацца з наступных кампанентаў:
* тэарэтычнага блока,
* практычнага матэрыялу для работы над тэмай урока,
* спадарожнага паўтарэння.
Старанна падбіраю дыдактычны матэрыял. Заданні павінны быць рознымі і задавальняць запыты навучэнцаў. Ва ўрок абавязкова варта ўключаць праблемныя і творчыя заданні (фармулёўкі заданняў: паназірайце, прааналізуйце, супастаўце, зрабіце выснову, выстаўце гіпотэзу, выпраўце памылкі ў разважаннях навучэнца, складзіце алгарытм разважанняў і г.д.), якія дазваляюць не толькі развіваць здольнасці і падтрымліваць цікавасць да вывучэння прадмета, але і выяўляць навучэнцаў, зацікаўленых у паглыбленым яго вывучэнні.

Выяўленне высокаматываваных навучэнцаў — досыць доўгі працэс. Пачынаецца ён яшчэ ў пачатковай школе і працягваецца падчас усяго працэсу навучання. Ажыццяўляецца настаўнікамі-прадметнікамі ў цесным кантакце з псіхалагічнай службай. Для выяўлення такіх навучэнцаў існуе мноства метадаў: дыягностыка, назіранне, гутарка, эксперымент, тэсціраванне, метад даследавання праблемы і г.д.
Чым больш метадаў задзейнічана, тым лепш, бо не сакрэт, што існуе некалькі тыпаў адоранасці і ў поле зроку настаўніка часцей за ўсё трапляюць дзеці з яўна выяўленай адоранасцю. Такім дзецям уласцівы добрая памяць, багаты слоўнікавы запас, цікаўнасць (пазнавальная патрэба), гнуткасць мыслення, шырокі кругагляд, упартасць у дасягненні выніку, здольнасць да аналізу і сінтэзу, класіфікацыі з’яў, працэсаў, мэтанакіраванасць, здольнасць да прагназавання і г.д. Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што колькасць такіх яўна адораных дзяцей складае прыкладна 1—3% ад агульнай колькасці. Разам з тым ёсць яшчэ адоранасць схаваная, якая існуе як патэнцыяльная перспектыва развіцця здольнасцей дзіцяці. Мяркуецца, што агульная колькасць яўна і няяўна адораных дзяцей складае прыкладна 20—25% ад агульнай колькасці навучэнцаў. У гімназіі гэты паказчык, канечне ж, вышэйшы. І не прапусціць такіх дзяцей — задача псіхолага-педагагічнай службы.
Калі асноўная работа па выяўленні адораных навучэнцаў завершана, можна пачынаць заняткі ў алімпіяднай групе. Для заняткаў з дзецьмі ў гімназіі праводзіцца гадзіна работы з адоранымі дзецьмі, арганізаваны заняткі алімпіяднай школы. Вельмі важна, каб работа вялася сістэматычна, была старанна прадуманай і спланаванай. У пачатку года я складаю план работы алімпіяднай школы. Складаецца ён так, каб да часу правядзення абласнога этапу алімпіяды дзеці паспелі паўтарыць увесь курс мовы і літаратуры. Акрамя таго, у яго ўключаюцца практычныя работы, якія дазваляюць дыягнаставаць ступень засваення ведаў.
Першыя заняткі ў групе самыя важныя. Ад таго, як яны будуць арганізаваны, залежыць і вынік работы. На першыя заняткі прыношу слоўнікі і даведнікі. Яны павінны стаць галоўнымі памочнікамі навучэнцаў. Мне здаецца, не трэба расказваць дзецям пра тыпы слоўнікаў і інфармацыю, якую яны могуць з іх атрымаць. Такая работа цалкам па сілах самім навучэнцам. Яны некаторы час вывучаюць слоўнік, а потым прадстаўляюць яго астатнім, прыдумляюць заданні, якія можна выканаць з яго дапамогай. Па меры сталення навучэнцы знаёмяцца і з іншай даведачнай літаратурай. Так яны разумеюць, што настаўнік — не адзіная крыніца ведаў, вучацца самастойна здабываць веды.
Заняткі алімпіяднай школы пераважна групавыя. Паколькі настаўнік у гімназіі працуе ў некалькіх паралелях, то заняткі могуць праводзіцца нават у рознаўзроставай групе. Формы правядзення такіх заняткаў розныя: лекцыя, практыкум, семінар, дыялог, конкурс рытараў, інтэлектуальная гульня, кансультацыя, тэсціраванне (у тым ліку з выкарыстаннем камп’ютара), завочная экскурсія, віктарына і г.д.

Разгледзім некаторыя з іх. Паглыбленне і сістэматызацыя ведаў адбываецца на семінарах. Праводзяцца яны ў рознаўзроставай групе. Семінары патрабуюць ад навучэнцаў сур’ёзнай самастойнай работы з дадатковай літаратурай, параўнання матэрыялаў, падбору цікавых фактаў. Пытанні для падрыхтоўкі прапаноўваюцца навучэнцам на выбар. На занятках дзеці па чарзе выкладаюць матэрыял, а слухачы рыхтуюць пытанні (“Ці правільна я зразумеў?”, “Хацелася б удакладніць” і г.д.) і ацэньваюць глыбіню выкладзенага пытання. Пры гэтым падрыхтаваць пытанне — абавязковая ўмова. Калі слухачы адзначаюць, што асноўны дакладчык нешта прапусціў (а з мэтай арганізацыі актыўнага слухання ён наўмысна прапускае частку матэрыялу), то зноў пры дапамозе пытанняў запаўняюцца прабелы. Неабходна адзначыць, што такія заняткі карысныя як для старшых школьнікаў, так і для малодшых. Старшыя атрымліваюць магчымасць паўтарыць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял, а малодшыя, акрамя таго, працуюць яшчэ і на перспектыву.
Цікавая і такая форма, як інтэлектуальная гульня. Многія з дзяцей, якія займаюцца ў мяне, захапляюцца інтэлектуальнымі гульнямі. Не выкарыстоўваць гэта было нельга. У выніку некаторыя заняткі па літаратуры сталі праводзіцца ў гэтай форме. Праводзяць і рыхтуюць такія заняткі зноў жа самі дзеці. З пытаннямі ім дапамагаюць навучэнцы класаў, дзе я працую. Чытаючы літаратурныя творы, вучні рыхтуюць пытанні. Гэта развівае ўвагу, прымушае ўдумвацца ў прачытанае, а высокія адзнакі, пастаўленыя за добрыя пытанні, стымулююць. На занятках школьнікі дзеляцца на каманды (рознаўзроставыя), здараецца, прыходзяць да нас і аднакласнікі алімпійцаў, якія таксама цікавяцца інтэлектуальнымі гульнямі. Такая форма правядзення заняткаў дазваляе аб’яднаць дзяцей рознага ўзросту, падняць самаацэнку малодшых школьнікаў. У выніку ствараецца каманда, удзельнікі якой і канкурыруюць адно з адным, і перажываюць за сваіх сяброў. Акрамя таго, пры неабходнасці малодшыя школьнікі могуць звярнуцца па дапамогу не толькі да настаўніка, але і да старэйшых таварышаў, і ў апошні час гэта адбываецца ўсё часцей.
Форма правядзення заняткаў выбіраецца ў залежнасці ад пастаўленых задач (завочная экскурсія — пры вывучэнні біяграфіі пісьменнікаў, конкурс рытараў — пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання і г.д.). Але якія б формы ні былі выбраны, трэба памятаць, што галоўнае — захаваць і развіць індывідуальнае, адметнае, непаўторнае ў канкрэтным вучні, тое, што складае ўнікальнасць яго асобы. А для гэтага больш ініцыятывы трэба даваць дзецям, накіроўваючы іх, трэба быць для іх настаўнікам, які іх суправаджае, дапамагае ім раскрыцца.

Калектыўныя формы работы, нягледзячы на сваю эфектыўнасць, не могуць замяніць індывідуальную работу з вучнямі. Дзіця павінна бачыць, што ў працэсе падрыхтоўкі настаўнік удзяляе яму не менш увагі, чым іншым, што яго вучэбная дзейнасць арыентавана на вырашэнне яго ж праблем. Кожнае дзіця ўнікальнае і мае ўласны шлях развіцця, таму рэкамендацыі па індывідуальнай рабоце могуць насіць толькі агульны характар. Каб работа з навучэнцам была выніковай, на кожнае дзіця складаецца маршрут індывідуальнага развіцця яго здольнасцей. Ён павінен быць гнуткім, бо немагчыма загадзя спланаваць, як хутка будзе развівацца вучань. Акрамя таго, настаўнік, бачачы ў працэсе работы, якія цяжкасці адчувае дзіця, павінен своечасова ўносіць у гэты маршрут змены.
Маршрут індывідуальнага развіцця ўключае праблемна-арыентаваную характарыстыку, мэту індывідуальнай работы, запланаваны вынік, спіс літаратуры, план індывідуальных заняткаў, вынікі работы, задачы на перспектыву. Вельмі важна, каб навучэнец прыняў актыўны ўдзел у складанні гэтага маршруту, сам сфармуляваў мэту работы, на працягу года праводзіў аналіз уласнай дзейнасці. План работы не складаецца загадзя. Кожныя наступныя заняткі выцякаюць з папярэдніх у залежнасці ад яго вынікаў. У заўвагах фіксуюцца прамежкавыя вынікі, заданні, якія атрымлівае навучэнец. У канцы года настаўнік і вучань падводзяць вынікі работы, ставяць задачы на перспектыву. Ініцыятыва пры гэтым зноў за дзіцем. Настаўнік падказвае, накіроўвае.
Вельмі важна, каб апошнія заняткі ў годзе былі аналітычнымі. Дзіця павінна ацаніць сваю работу, адзначыць поспехі, прагаварыць цяжкасці, з якімі сутыкнулася, спраектаваць сваю далейшую дзейнасць.
Настаўнік падчас гэтага дыялогу павінен адчуць вучня. Адораныя дзеці вельмі ранімыя, па натуры з’яўляюцца максімалістамі, і таму нават трэцяе месца для іх часам падобна да вялікага паражэння. І першым, хто ўбачыць гэта, павінен стаць настаўнік. Пры неабходнасці ён падключыць да работы з вучнем і псіхолага. Задавальненне ад праведзенай работы — найважнейшы вынік дзейнасці настаўніка і вучня.

Таццяна ГЛЫЗДОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ліды.